Отреставрированная усадьба Огинских с теплицей и конюшней возвращает нас к атмосфере 19-го века

«Паўночныя Афіны» ў смаргонскім Залессі

Сапраўдным рухавіком прагрэсу стала дзяржаўная інвестпраграма, за сродкі якой сядзіба Агінскага была рэканструявана

Наш Прэзідэнт падкрэсліў: «Культура является важным стратегическим ресурсом социума, оказывая значительное влияние на все сферы общественной жизни, способствуя формированию мировоззрения человека, его шкалы моральных критериев». Дзяржава, трымаючы айчынную сферу культуры візітоўкай і глыбока паважаючы свае старажытныя карані, штогод фінансава падтрымлівае рэканструкцыю помнікаў гістарычнай даўніны. Напрыклад, з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва за 2018—2019 гады выдаткаваны грошы на рэстаўрацыю палаца ў Крэве, рэзідэнцыі Сапегаў у Гальшанах, палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх у Косаве, радавога маёнтка Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне, былога касцёла езуітаў у Мсціславе, капліцы-ўсыпальніцы князёў Паскевічаў у Гомелі і Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Спадчына Беларусі прадстаўлена 5585 аб’ектамі, уключанымі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, рамонт і рэстаўрацыя 238 з іх завершаны ў 2018—2019 гадах. Сярод іх царква ў Сынкавічах, будынкі музея Бялыніцкага-Бірулі і «Беларусфільма», мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Трасцянец», паўночна-ўсходняя вежа Лідскага замка, абеліск «Мінск — горад-герой», стадыён «Дынама».



Не менш вядомая ў гэтым шэрагу сядзіба кампазітара і высокапастаўленага дзяржаўнага дзеяча XIX стагоддзя Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе на Смаргоншчыне. Другое дыханне гістарычны комплекс набыў у 2010 годзе, калі яго адраджэнне ўвайшло ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму, з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў на рэканструкцыю выдаткавана больш за 30 мільярдаў рублёў. І ў 2014 годзе залеская сядзіба справіла сапраўдны баль — масавы і пампезны — з нагоды поўнага аднаўлення.

 Аранжарэя, 13 залаў на 898 квадратных метраў, капліца, парк, возера — палац і навакольная тэрыторыя раскінуліся ажно на 25 гектараў. Трымае гаспадарку ў парадку, а таксама прыдумвае адпачынкава-забаўляльную праграму невялікі калектыў з 20 чалавек, дзе бадай кожны, нягледзячы на службовыя абавязкі, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Кіруе апантанымі музейшчыкамі Людміла Градзіцкая — нястомны генератар ідэй і крэатыўных праектаў. За адзін з іх — з цікавай і інтрыгуючай назвай «Вяртанне Паўночных Афін» — па выніках 2016 года калектыву прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі, прадвызначаная для дзеячаў культуры і мастацтва.

Пайшоў адлік адраджэння

Пры Генрыху Высоцкім, прапраўнуку Міхала Клеафаса Агінскага, хоць ён лічыўся багатым і меў 3200 гектараў зямлі, сядзіба прыйшла ў заняпад і закладзена ў зямельны банк Варшавы, які ў 1930-м стаў яе распрадаваць па частках. Сядзібу на 100 гектараў купіла Марыя Жаброўская — пані, якая прыехала з Польшчы і стварыла тут пансіянат. А другую частку — млын, бровар і іншыя сельгасзбудаванні — набылі браты Капчынскія. Яны гаспадарылі тут да 1939 года. З прыходам савецкай улады паны зазбіраліся ў дарогу, прыхапіўшы з сабой самае дарагое, астатняе закапалі. Пасля вайны ў сядзібе месціўся дом адпачынку, потым дом састарэлых. У 1977 годзе палац і навакольная тэрыторыя перададзены Смаргонскаму сілікатнаму заводу, які планаваў зрабіць тут прафілакторый, але не хапіла фінансаў.

Сядзіба Агінскага ў 2005 годзе.

— Аднак сілікатны завод пакінуў пасля сябе грунтоўную спадчыну. Хоць і не змаглі заняцца рамонтам, але заказалі праектныя дакументы, у тым ліку на рэстаўрацыю парку, — расказвае Людміла Градзіцкая. — Тагачасныя копіі захоўваем, яны нам вельмі дарэчы, бо збіраемся аднаўляць астатнюю тэрыторыю парку.

Пасля распаду Саюза і з дасягненнем Беларуссю незалежнасці былая сядзіба Агінскіх перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства культуры, а менавіта Аб’яднання літаратурных музеяў. Адразу адрэстаўрыравана і стала дзейнічаць у якасці мясцовага касцёла сямейная капліца Агінскіх. Пасля перадачы сядзібы пад крыло міністэрства, уводзіць у курс справы дырэктар, пачалося яе жыццё як музея, спачатку літаратурнага, пасля тэатральнай музычнай культуры. Уведзены штатныя адзінкі дырэктара і навуказнаўцы, ладзіліся капуснікі, дні нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. У 2003 годзе выхадзец са Смаргоншчыны Уладзімір Шчасны, які тады ўзначальваў камісію ў ЮНЕСКА, у Залессі правёў міжнародную канферэнцыю, куды сабралася 60 удзельнікаў з розных краін. Слава пра знакамітую сядзібу пашырылася, а яе антураж упрыгожылі падарункі гасцей — камень памяці Агінскіх і піяніна «Беларусь». Але сапраўдным рухавіком мясцовага прагрэсу стала дзяржаўная інвестыцыйная праграма, за сродкі якой сядзіба рэканструявана. Праз год, у 2015-м, якраз на 250-я ўгодкі з дня нараджэння кампазітара, створаны экспазіцыі, якія адпавядаюць рэчаіснасці і складаюцца са старажытных прадметаў XIX стагоддзя.



— Імя Міхала Клеафаса Агінскага ў нашай мясцовасці добра вядомае. Яшчэ маленькай была, а паланез ігралі на ўсіх мерапрыемствах. Калі музыкі гэтага не ўмелі — ганьба, — прыгадвае Людміла Градзіцкая. — Прынамсі, так было ў нашай вёсцы Вётхава. Дарэчы, гэта просека ў лесе, якую сын Агінскага Ірэнеуш падарыў сваім сялянам. Мясціна знакамітая тым, што тут нарадзіліся вучоны і літаратар Арсеній Ліс, мастак Павел Южык, карціны якога ёсць нават у нацыянальнай мастацкай галерэі.

Што да Міхала Клеафаса Агінскага: перш за ўсё ў згадках пра яго ўсплывае ў памяці знакаміты паланез «Развітанне з Радзімай». Насамрэч ён напісаў многа іншых музычных твораў, бо быў кампазітарам, але менавіта гэты стаў візітнай карткай і роду Агінскіх, і мясцовасцей, ім прыналежных. Да таго ж Міхал Клеафас — знакаміты палітык, ён дэпутат польскага сейма, пасол Рэчы Паспалітай у Нідэрландах і Вялікабрытаніі, міністр фінансаў ВКЛ.

— Нават калі адсутнічала экспазіцыя і не было завершана ўбранства, пачалі з’яўляцца першыя цікаўныя наведвальнікі. Па восем экскурсій у дзень. У 2015 годзе прынялі 9 тысяч гасцей, пайшоў адлік адраджэння «Паўночных Афін», — заўважае Людміла Градзіцкая.

Дырэктар Музея-сядзібы М.К. Агінскага Людміла ГРАДЗІЦКАЯ, старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь ХАРУЖЫК, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.

 Рашучыя крокі да вялікай ідэі

Ад сучаснікаў залеская сядзіба атрымала ўзвышаную назву «Паўночныя Афіны», бо тут падчас уладарання Агінскіх абмяркоўваліся грамадскія і палітычныя справы, праслухоўваліся новыя музычныя і літаратурныя творы, ладзіліся вялікія творчыя фэсты і збіраліся пачэсныя госці. Завя­дзёнка ўзяла працяг і зараз. Кожны год 25 верасня ў музеі святкуецца «Вяртанне Паўночных Афін», часцей за ўсё з канцэртам Міхаіла Фінберга, звычайна нават з двума: адзін у зале з майстар-класам для музыказнаўцаў, другі ў дворыку на 300 гледачоў. Звыклымі сталі балі для дзяцей і дарослых, экскурсіі і квесты, фестываль вяргінь, штомесячныя музычныя канцэрты, дзе ўдзельнічаюць артысты з Беларусі і Польшчы. За 2019 год 41 тысяча наведвальнікаў — для мястэчка лічба салідная!


І экспазіцыі, створаныя ў 2015-м, і рэканструкцыя сядзібы, урачыста адкрытай на год раней, паўсталі з руін дзякуючы падтрымцы нашага Прэзідэнта і дзяржаўнай палітыцы, скіраванай на адраджэнне культурнай спадчыны.

Разам з унутраным і вонкавым убранствам палаца добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю. Часты госць музея — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, які паспрыяў атрыманню спонсарскай дапамогі ад Банка развіцця. На гэтыя сродкі добраўпарадкавана возера, адрэстаўрыраваны гідратэхнічныя збудаванні, масты, частка пейзажнага парку і кітайская альтанка, якая была пры Агінскім.

У 2018 годзе ў музей завітала польская амбасада і аб’явіла конкурс на 35 тысяч еўра. Да Польшчы Міхал Клеафас Агінскі мае непа­срэднае дачыненне: ён нарадзіўся за 50 кіламетраў ад Варшавы, таму часта туды наведваюцца і прадстаўнікі залескага музея — вандруюць па сядзібах роду Агінскіх, у тым ліку тых, што былі ў валоданні Міхала Казіміра, дзядзькі залескага гаспадара.


— Да ўдзелу ў гэтым конкурсе мы падыходзілі па ўсіх параметрах. Разам з калегамі падумалі, чаго нам не хапае, каб стаць падобнымі да «Паўночных Афін». Адзін кажа — карэты, другі — саней, трэці — коней. Такім чынам, аднадушна пастанавілі: нам не стае іпатэрапіі для дарослых і дзяцей. Выйгралі і купілі ўсё задуманае, часткова адрэстаўрыравалі стайню. Конікі Гром і Сокал цягаюць карэту, Зэльва займаецца непасрэдна іпатэрапіяй, а поні Цімон і Какетка сталі бацькамі і нарадзілі Афінку. Катанні ладкуем з касцюміраванымі героямі. І нашым гасцям гэта надта падабаецца. Найбольш уражанняў, бадай, атрымалі кітайцы, праехаўшыся на возе з саломай. Але мы дзівіліся іхняму запалу не менш, моцна рагаталі і паміж сабой каментавалі іх выхадкі. Аднак не думалі, што яны ведаюць рускую мову! — смяецца Людміла Градзіцкая.

Аранжарэю напаўнялі экзотыкай з Марока, у ёй растуць апельсіны, мандарыны, лімоны, ананасы і нават кававае дрэва. Былы міністр культуры Барыс Святлоў падарыў прыгожую пальму, якая так вырасла, што ледзь не ўпіраецца ў столь. Дзяліліся дзіўнымі раслінамі іншыя госці і тутэйшыя жыхары.


У былой сталоўцы Міхала Клеафаса — кавярня з канвектарнай печчу, маразільнай скрыняй, кавамашынай і посудам з дызайнерскімі вензелямі Агінскага. Усім закупіцца дапамог раённы конкурс міні-праектаў, і цяпер у кавярні можна падсілкавацца круасанамі па французскім рэцэпце былога гаспадара.

Тым часам багацелі асноўны і навукова-дапаможны фонды. Грошы выдзялялі не толькі абласны і раённы выканкамы, але і набірала моц матэрыяльнае становішча самога музея. За кошт спецыяльных праграм папаўняюць экспазіцыі старажытнымі прадметамі, якія датуюцца XIX стагоддзем і таму каштуюць не танна.

Перамогі натхняюць

Заварожвае антураж: у даўнім стылі більярдная і тэатральна-музычная залы, кабінеты гаспадара і яго сакратара Леанарда Хоцькі, які зрабіў добрую справу і пакінуў малюнак-літаграфію за 1822 год пад назвай «Залессе на Літве» з відарысамі тагачаснай вёскі, зараз адноўленай па гэтым узоры. Самыя дарагія экспанаты — мемуары пра гісторыю Польшчы і палякаў 1826—1827 гадоў на французскай і нямецкай мовах, якія, магчыма, трымаў у руках сам Агінскі. Адрэстаўрыраваная грэчаская альтанка, якую гаспадар пабудаваў для летніх канцэртаў у гонар нараджэння дачкі Амеліі. Нядаўна тут, на свежым паветры, зладжаны канцэрт выхаванцаў Музычнай залескай школы, які трансліраваўся анлайн.


Анлайн — новая форма кантактавання музея-сядзібы са сваімі гасцямі. Праўда, яны, як і раней, не абмінаюць сюды завітаць. Толькі з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне і свеце шматлюдных экскурсій пакуль не праводзіцца, увайшлі ва ўжытак аўдыягіды і izi.TRAVEL — праграма, якую пры ўваходзе ў музей можна захаваць на смартфон і вандраваць сабе на здзіўленне па ўсіх экспазіцыйных залах. Так, жывую гутарку нічым не заменіш, асабліва з касцюміраванымі гідамі. Аднак мабільны фармат таксама можа многаму навучыць і паспрыяць у высокатэхналагічным стагоддзі. Што наконт санітарных мер? Яны строгія: маскі, пальчаткі, праветрыванне, наведванне музея не больш чым па два чалавекі, дыстанцыя. Госці пры ўваходзе нават апрацоўваюць ногі, стаўшы на дыванок, прамочаны антысептыкам.

— Як кажуць, спачатку студэнт працуе на залікоўку, а пасля наадварот. Апрача самай вялікай для нас узнагароды — спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, мы заносіліся на абласную Дошку гонару, двойчы — на раённую, станавіліся лаўрэатамі Форуму музеяў і конкурсу «Спазнай Беларусь», адзначаліся за лепшае добраўпарадкаванне, — разбірае лаўры дырэктар. — Перамогі натхняюць на далейшыя вяршыні. Плануем адрэстаўрыраваць млын, на другім паверсе будзе выставачная галерэя, а на першым — музей мясцовага побыту, бровар альбо хлебная пякарня. Аднаўляем стайню, а на чарзе астатнія часткі парку. І спадзяёмся на перамогу ў розных праектах!

ДОСЛОВНО

«Для нас очень важно найти в нашем прошлом то, что связывает нас с настоящим. Мы не хотели бы забывать, откуда мы родом, поэтому большое внимание уделяем этим объектам. Тем более что они способствуют укреплению нашей государственности и лишний раз доказывают, что Беларусь — древняя земля, разные государства здесь были, по-разному складывалась судьба. Но сегодня есть Беларусь — самостоятельное независимое государство, корнями уходящее в прошлое».

Александр Лукашенко
 (из выступления на встрече с генеральным директором ЮНЕСКО Ириной БОКОВОЙ, 2014 г.)

basikirskaya@sb.by

Фота Аляксея СТАЛЯРОВА і БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter