Cтужкі з васьмі краін Паўночнай Еўропы і Балтыі ўбачаць беларусы на наступным тыдні

“Паўночнае ззянне” ў кіназале

“Паўночнае ззянне” можна будзе назіраць з 19 па 25 красавіка ў Мінску і з 20 па 25 красавіка ў Віцебску ў кінатэатрах “Мір”. Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін прадставіць 14 стужак з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, а таксама ўпершыню з Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Кадр з фільма “Маці”.

Гэты кінафестываль пройдзе ў Беларусі ў трэці раз. Сёлета яго слоган — “Сусвет унутры”. Стужкі, якія пакажуць беларускім гледачам, распавядаюць пра ўнутраныя “навальніцы” і спакой, сяброўства і каханне, няўпэўненасць, павагу, адказнасць, сталенне... Карацей, пра тое, што робіць нас індывідуальнасцямі і стварае ўнутранае святло, якое прыцягвае нас адзін да аднаго.

У праграме фестывалю эстонскі дакументальны фільм “Мурашнік” пра гаражы ў Талінcкім раёне Ласнямяэ; адзін з самых касавых фільмаў у нарвежскім пракаце апошніх гадоў “Нарвежскі дамок”; ісландскі дакументальны фільм “Усім відовішчам відовішча” з музыкай вядомых на ўвесь свет Sigur Ros; эстонскі намінант на прэмію “Оскар”, фільм “Маці”, і іншыя.

Акрамя кінапаказаў, у межах фестывалю адбудзецца шмат дадатковых мерапрыемстваў, у прыватнасці, майстар-класы кінематаграфістаў, кінакрытыкаў, дызайнераў. Так, перад удзельнікамі і гасцямі фестывалю выступяць фінскі прадзюсар, намінаваны на “Оскар” за лепшы фільм на замежнай мове Каарле Ахо; расійскі кінакрытык, спецыяліст па скандынаўскім кіно Антон Долін; рэжысёр, прадзюсар, музыкант і адзін з найбольш паспяховых рэстаратараў у Осла Ян Вардзёен, а таксама прадзюсар самай любімай фестывалямі ісландскай драмы “Каменнае сэрца” Антон Мані Свансан.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter