За 43 гады працы ні разу не брала бальнічны галоўны заатэхнік Ірына Макеева

Па маёй дарозе пойдзе Янка

За сорак тры гады працы ні разу не брала бальнічны галоўны заатэхнік Ірына Макеева
У ПРАЦОЎНАЙ кніжцы галоўнага заатэхніка маладзечанскага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Яхімоўшчына-Агра” Ірыны МАКЕЕВАЙ адзіны запіс. Сорак тры гады таму пасля атрымання дыплома з адзнакай аб заканчэнні заатэхнічнага аддзялення Ільянскага саўгаса-тэхнікума магла далей працягваць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе, але дзяўчына ведала, што яе матэрыяльнай падтрымкі чакае адзінокая хворая маці. Як выдатніца і грамадская актывістка выпускніца мела першапачатковае права выбару месца працы і размеркавалася ў Маладзечанскі раён, адкуль бліжэй да роднага Будслава. У племсаўгасе “Яхімоўшчына” ёй даверылі селекцыйную работу ў жывёлагадоўлі. За гады працы Ірына Уладзіміраўна ні разу не была на бальнічным з-за хваробы. Пасля родаў доўга не затрымлівалася дома і хутка вярталася на ферму. Неаднаразова калектыў жывёлаводаў гаспадаркі прызнаваўся лепшым у Маладзечанскім раёне і адзначаўся ганаровымі граматамі, дыпломамі і грашовымі прэміямі. Ірына Уладзіміраўна неаднаразова выходзіла пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва сярод галоўных спецыялістаў.

У гэтыя апошнія дні зімы сярэдні ўдой ад каровы ў гаспадарцы складае амаль 16 кілаграмаў.

Восьмы год Ірына Уладзіміраўна атрымлівае дзяржаўную пенсію, але па-ранейшаму ўзначальвае заатэхнічную службу ўнітарнага прадпрыемства.


ТРОХВЕКАВЫ мураваны Будслаўскі касцёл бернардзінцаў упіраецца высока ў неба двума крыжамі. Ён адзіны ўцалеў у мястэчку, якое азвярэлыя гітлераўцы за сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі спалілі разам з пяццюдзесяццю ахвярамі ў час ваеннай акупацыі. Перад адступленнем з Будслава летам 1944 года фашысты навакольныя шляхі-дарогі нашпігавалі мінамі. На адной з такіх мін у лесе падарваўся мясцовы селянін Уладзімір Пацэвіч. Конь капытом наступіў на міну і ад выбуху загінуў разам з вазніцай. У народзе кажуць: адно гора не ходзіць, а за сабою другое водзіць. Так і ў сям’і Пацэвічаў. На матацыкле разбіўся зусім малады зяць Уладзімір Бардзілоўскі, і адзіная дачка Ванда засталася з двухгадовай дачушкай Ярынкай на руках. Радня Бардзілоўскіх адвярнулася ад аўдавелай — у 22 гады — нявесткі, у якой іншых сваякоў не было. Ванда ўладкавалася на мясцовы спіртзавод, дзе ёй выдзелілі маленькую кватэрку. Гадавала сваю дзяўчынку. Пасля заводскіх змен дамоў вярталася стомленая. На прадпрыемстве пераважала ручная праца. Ад перагрузак у жанчыны пачалася анімія, і яна злегла ў бальніцу. Ледзьве ўратавалі дактары. Толькі стала папраўляцца, як згарэла заводская кватэра. Новае жыллё ў мястэчку не будавалася, і Ванда Уладзіміраўна разам з дачкою перакідаліся па чужых хатах.

З першага класа вучоба дзяўчынцы давалася лёгка. Настаўнікі дапамаглі ўладкаваць у Вілейскую школу-інтэрнат, дзе яе часта наведвала маці. Ярынку настаўнікі хвалілі за стараннасць і кемлівасць.

У дзіцячым калектыве ўспыхнула эпідэмія хваробы Боткіна. Захварэла і Ярынка Пацэвіч. Лячыцца паехала да маці ў Будслаў. Пасля выздараўлення яна вучыцца ў школе-інтэрнаце больш не змагла, бо ў маці не знайшлося пяці рублёў заплаціць за ўтрыманне дачкі.

Аднакласнікі і настаўнікі Будслаўскай сярэдняй школы абрадаваліся вяртанню выдатніцы вучобы. З сяброўкаю Верай Жырко да выпускных экзаменаў сядзелі за адной партай. Разам збіраліся паступаць у педагагічны інстытут. Вера сваю мару здзейсніла, а Ірына пасля сустрэчы з выкладчыкамі Ільянскага саўгаса-тэхнікума вырашыла стаць заатэхнікам. Яшчэ чацвёра яе аднакласнікаў паступілі ў той год на заатэхнічнае аддзяленне тэхнікума.

На вытворчую практыку Ірыну Пацэвіч і іншых аднакурсніц накіравалі ў калгас імя Кірава Маладзечанскага раёна. Прыехалі на цэнтральную сядзібу ў вёску Сялявы, зайшлі ў калгасную кантору. Практыкантам дапамаглі ўладкавацца ў сялянскіх сем’ях. Ірына з сяброўкай Люсяй узяліся даіць статак у пяцьдзясят кароў. Паўгода атрымлівалі па 30 рублёў у месяц. Дапамагалі дзяўчаты даглядаць і цялятак сваёй гаспадыні Ганне, якая за гэта частавала іх аладкамі.

У выхадныя дні практыканты наведваліся дамоў. Нават з невялікай стыпендыі Ірына ўмудралася хоць булачку маці прывезці. Пасля завяршэння практыкі выпускніцы здалі дзяржэкзамены. Камсорг вучэбнай групы, грамадская актывістка і спартсменка Ірына Пацэвіч атрымала дыплом з адзнакай і накіраванне на працу ў Маладзечанскі раён. Аднакурснік Рыгор Цэхавы, з якім на працягу вучобы сябравала, размеркаваўся дамоў — у Крупскі раён. Дасылаў у Яхімоўшчыну лісты прызнання Ірыне, збіраўся прыехаць. Але, пэўна, лёс распарадзіўся інакш. Сэрца дзяўчыны запаланіў дэмабілізаваны восенню з савецкіх войскаў стройны хлопец Уладзімір Макееў, які да службы працаваў камбайнерам. Бацькі яго ў пасляваенныя гады пераехалі з Расіі на Маладзечаншчыну. Маці кароў даіла, а бацька даглядаў жывёлу.

Ірына МАКЕЕВА. 1973 г.

ПРАЦУ заатэхніка выдатніца вучобы Ірына Пацэвіч уяўляла ў белым халаце за сталом светлага кабінета. А ў Яхімоўшчыне ўбачыла на ганку канторы ў гумавых ботах з берэтам на галаве мужчыну ў скураной камізэльцы. Прыняла яго за трактарыста і ціхенька намервалася прайсці міма. Яе спыніў галоўны заатэхнік гаспадаркі Андрэй Сабіла, якому з раёна паведамілі пра размеркаванне спецыяліста ў іх гаспадарку. Зайшлі ў кантору і доўга гутарылі пра гаспадарку і перспектывы. Пад’ехаў да канторы і ўключыўся ў размову дырэктар — Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзяржынскі. 

Назаўтра Ірына Пацэвіч ужо знаёмілася з жывёлаводамі саўгасных ферм. Ёй даручылі займацца селекцыяй буйной рагатай жывёлы.

У вольны час ляцела на валейбольную пляцоўку. Мясцовыя кавалеры заглядаліся, як спрытна падавала мяч, адбівала самыя крутыя ўдары. Паглядваў на стройную спартыўную дзяўчыну і малады трактарыст Уладзімір Макееў. 

Звычайна ўвечары вясковая моладзь збіралася ў клубе, дзе спачатку паказвалі кіно, а потым да ночы танчылі. Валодзя цудоўна вальсаваў. Маладыя сустракаліся ўсю восень, а на пачатку зімы Валодзя прапанаваў адведаць маці Ірыны ў Будславе. У калядныя дні Ірына стала Макеевай.

— Перахваляваліся мы з маці ў дзень вяселля, — узгадвае Ірына Уладзіміраўна. – Назначылі роспіс у Будслаўскім сельсавеце на пятніцу. Доўга чакалі Уладзіміра з гасцямі. Пайшла гамонка, што жаніх не прыедзе. Усхваляваную маці супакойвала як магла. Ніхто з гасцей не разыходзіўся. На вуліцы сцямнела, калі сваты прыехалі. Валодзя выбачаўся, што пасля працоўнага дня ў саўгасе камсамольскі сход праходзіў, і ён як малады камуніст прымаў удзел у ім. Да раніцы гулялі вяселле ў Будславе, а на другі дзень гасцей прымалі бацькі жаніха. Сталы накрылі ў прасторным падвале пад будынкам саўгаснай канторы. Там праводзіліся ўсе вясковыя ўрачыстасці. Побач з прыгожым панскім палацам, у якім размяшчалася кантора гаспадаркі, захаваліся іншыя пабудовы і вакол іх стары парк. Сто дзесяць гадоў таму тут, на яхімоўшчынскім бровары, працаваў малады Янка Купала. У будынку, дзе жылі панскія парабкі, адкрыта экспазіцыя гістарычнага музея.

— Дзе пачынала сваё сямейнае жыццё ваша маладая сям’я?

— Таленавіты дырэктар саўгаса, Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзяржынскі, клапаціўся аб гэтым: узводзіліся вытворчыя памяшканні і жыллё. Сям’я Макеевых атрымала прасторны катэдж. На другім паверсе бацькі нам выдзелілі пакой. Летам праз дарогу студэнцкі будаўнічы атрад пачаў узводзіць васьмікватэрны дом, у якім мы атрымалі трохпакаёвую кватэру. 

— Гаспадарку сваю завялі?

— У вёсцы інакш нельга. Вось толькі нязручна было, што амаль за кіламетр ад дома стаялі хляўчукі. Вёдрамі цягалі корм жывёле. Парасят завялі і дзве каровы.

Праз год нарадзілася дачушка. Употайкі хрысцілі маленькую Іну ў Палачанскай праваслаўнай царкве, і на партыйным сходзе Валодзю далі вымову. Мяне выклікалі на камсамольскі сход, дзе вымушана была схлусіць, што без нашага дазволу цётка пахрысціла немаўля. Малодшую Наталлю, якая нарадзілася праз сем гадоў, хрысцілі больш асцярожна. Запрасілі бацюшку з пасёлка Беразінск і дамовіліся, каб не запісваў у журнал. 

— Дочкі падрасталі, і вы заўважалі, што больш цікавіць іх. Ці раілі, куды ім пасля школы далей крочыць па жыцці? 

— Не перанялі яны маю схільнасць да матэматыкі і ўвогуле да навукі. Старэйшая Іна пасля заканчэння сярэдняй школы адразу выйшла замуж за саўгаснага вадзіцеля Гену Карташэвіча. Жыллё атрымалі. Працуюць, дзетак выхоўваюць. Звычайная вясковая сям’я, і мяне гэта радуе.

А малодшая дачка Наталля з мужам Валодзем і трыма дзецьмі жывуць пад адным дахам са мною. Мне як галоўнаму заатэхніку гаспадаркі выдзелілі новы прасторны катэдж. Перавезла ў Яхімоўшчыну з Будслава маці. Так мне спакайней на сэрцы. Агарод каля дома вялікі засяваем. Сваю ферму трымаю. Было тры каровы. Малако здаём у гаспадарку і адчуваем значную падтрымку для бюджэту сям’і. А як аўдавела, засталося дзве каровы. За кожнае здадзенае цялятка гаспадарка бясплатна выдзяляе тону сена. І я як галоўны спецыяліст для хатняй жывёлы атрымліваю шэсць рулонаў сена. Для дзвюх кароў грубага фуражу ўдосталь хапае. Даглядаю сваю гаспадарку сама. Раненька падхопліваюся і ўпраўляюся да працы на ферме.

За сорак тры гады ні разу не была на бальнічным, акрамя як дачок раджала. Першы дэкрэтны водпуск толькі два дні выкарыстала да родаў. Спяшалася завяршыць баніціроўку кароў. Пасля родаў праз два месяцы выйшла на працу. Немаўля глядзела свякроў. А пасля другіх родаў пабыла дома толькі месяц.

Наш саўгас меў высокія вытворчыя паказчыкі як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Дырэктар Іван Дзяржынскі атрымаў зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Сярэднегадавы надой ад каровы па саўгасу перавышаў чатыры тысячы кілаграмаў малака. А перадавыя нашы даяркі дабіваліся амаль шасцітысячных надояў.

— Сённяшнія вытворчыя паказчыкі на фермах у параўнанні з тым часам, калі вы тут пачыналі сваю працу, значна адрозніваюцца?

— Чатыры дзесяцігоддзі таму лепшыя даяркі саўгаса надойвалі па 3800 кілаграмаў малака ў год ад каровы. А за мінулы год сярэдні надой па гаспадарцы склаў 5600 кілаграмаў. На фермах “Рачкава”, “Літва”, “Яхімоўшчына” ўтрымліваем амаль дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Дойных кароў 725. Лепшая даярка Алена Завадская на групе раздойвання першацёлак атрымала летась па 6000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы.

 — Ірына Уладзіміраўна, дачок прывучылі да жывёлы?

— Старэйшая працавала ў цэху па вытворчасці пластмас у суседняй вёсцы. Прадпрыемства закрылі. На ферму ісці не хоча. І малодшая Наталля пасля школы нікуды не паступала, а пайшла працаваць у саўгас. Узважвае і ўлічвае розныя грузы.

— Унукі цікавяцца бабулінай працай?

— Меншая Янка свіней карміць, кароў даіць вельмі любіць. Яе будучае на ферме, каля жывёлы. З малых гадоў гэта відаць. Зяць Валодзя працуе на трактары, і маленькі Арсень ходзіць следам за ім ценню. І на ферму да мяне ўнучак прыходзіць, але яго больш цікавяць машыны. Упэўнена, што ўнучка Янка мяне заменіць.

На нашых фермах чыста, акуратна. Усе пад’езды да памяшканняў заасфальтаваныя.

— Ці значная роля заатэхніка ў дасягненні добрых вытворчых паказчыках?

— Заатэхнік павінен пастаянна быць на ферме і адчуваць сітуацыю. Летам нагрузка большая. Трымаем на кантролі і закладку кармоў. Сачу і за выпасам статка, каб травастой быў добры. Падбіраю лепшыя ўчасткі, арганізую догляд скормленых паш. Працую ў тандэме з агранамічнай службай. У нас сітуацыя з кадрамі скаладаная. Многія працаўніцы ферм набліжаюцца да пенсіённага ўзросту, а замяніць іх няма каму. 

— Які найбольшы клопат зараз у вас?

— Сытна накарміць жывёлу збалансаваным фуражом, каб аддача была найбольшай. Сутачныя надоі складаюць амаль па 16 кілаграмаў малака. Раней нават у самыя малочныя перыяды года мы столькі не мелі. Гаспадарку ўзначаліў Алег Багатка, які вялікую ўвагу надае жывёлагадоўлі. Закупляем неабходныя камбікармы і атрымліваем высокія паказчыкі.

— Шчасліваю сябе адчуваеце?

— Магла ўжо сядзець на прызбе і цешыцца ўнукамі. Але не дазваляю сабе гэтага. Характар такі. Не магу без справы. Пакуль здароўе не падводзіць, працую і адчуваю задавальненне ад гэтага.

Уладзiмiр СУБАТ

Маладзечанскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ірыны МАКЕЕВАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter