Па лядку-халадку

Які ж ён дзівосны, першы лядок! Раўнюткі, бліскучы, бы адпаліраваны. А ў ім там-сям белаватыя авальныя ды круглыя “люстэркі” — гэта своеасаблівыя “пухіры” з паветрам. Яны, калі лёд будзе таўсцець, такімі і застануцца на ўсю зіму.

Гэткія месцейкі мне і падказваюць, дзе рабіць лункі. Ды я не спяшаюся. Навошта кранаць прыгажосць, тым больш, калі нават ад ціхага патрэсквання неяк не па сабе. У такія моманты даю волю позірку — трэба ўгледзецца ў наваколле, пазначыць, у чым пацярпела рака, яе берагі ад вяснова-летняга наплыву “прыродалюбаў”.

“Аўтографы” іншы раз даводзіцца бачыць дзікунскія. Глыбокія каляіны ад пратэктараў, выжарыны пасярод лесу, знявечаныя кусты, дрэвы, пустыя бутэлькі, шкуматы поліэтыленавай плёнкі. Вунь, прама з вады тырчыць брудны шнур. Думаў, корань аеру. Пацягнуў — разам з тванню і рэшткамі асакі выцягнуў самаробную сетку. Засталася, відаць, з цёплых дзён, ці мо браканьер нядаўна злаўчыўся.

Мацней, марозік! Хутчэй, хутчэй ператварай у трывалы панцыр гэтае срабрыста-халоднае покрыва. І ты, сняжок, не затрымлівайся! Ахутай усё навокал утульнай коўдрай. Каб у цішыні, нерушы рака адпачыла, аздаравіла сябе, загаіла пякельныя раны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter