Якім запомнілі Янку Купалу жыхары лагойскіх вёсак бліз былога хутара Акопы

«Паўлiнка» нарадзiлася тут

У ГЭТЫЯ дні краіна святкуе 135-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Прывітанне ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства, прысвечанага гэтай падзеі, накіраваў Аляксандр Лукашэнка: “Зорка Янкі Купалы ўзышла ў пераломную эпоху, калі Беларусь рабіла першыя крокі да ўласнай дзяржаўнасці. Сілай свайго таленту паэт вызначыў шляхі развіцця роднай мовы і культуры, азначыў духоўныя арыенціры шматлікім пакаленням”.

Такі валун сустракае турыстаў у музейнай сядзібе ў Харужанцах

Сярод купалаўскіх мясцін на карце Беларусі вылучаюцца Акопы. На гэтым маленькім хутары бліз лагойскай вёскі Харужанцы літаратар нарадзіўся як драматург: тут ён напісаў знакамітыя п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакі”, “Тутэйшыя”. Акопы для класіка, які прыязджаў туды летам да маці, сталі месцам у яго творчасці адметным. Да прыкладу, адны з лепшых паэм “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва” былі створаны тут літаральна за месяц — з 24 чэрвеня па 24 ліпеня 1913 года. Карэспандэнт “СГ” пабывала на хутары, дзе паспрабавала пагартаць малавядомыя старонкі жыцця класіка.

Манекен ва ўбранні Паўлінкі, ролю якой на працягу 17 гадоў выконвала актрыса Купалаўскага тэатра Ала Доўгая

Да былых Акопаў цяпер вядзе нешырокая лясная дарога, на якую трэба збочыць, не даязджаючы да Харужанцаў. Кіламетры два ўправа – тупік і агароджаная сціплым плотам тэрыторыя былога маёнтка.

Яго ў 1909 годзе арандавала маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч. Цікава, што яна запомнілася старажылам Харужанцаў як жанчына вельмі гаспадарлівая. Справа ў тым, што глухі хутар Бянігна Iванаўна ўзяла ў карыстанне ад безвыходнасці: муж Дамінік Ануфрыевіч (бацька знакамітага паэта) заўчасна памёр, таму гаспадыня эканоміла, лічыла кожную капейку. Многа і даволі ўдала працавала, хутка яе сталі лічыць заможнай. Казалі, нават свой сырзавод думала адкрыць ды пабудаваць чыгунку да Радашковічаў.

Загадчык філіяла «Акопы» Валянцін ЖУРКО

Упершыню сам Янка Купала прыехаў у Акопы з Пецярбурга ў 1911 годзе і пасля да 1926 года амаль кожнае лета бываў тут. Аднак цяпер нішто не нагадвае пра тыя візіты. Хіба што велічны камень, які вяскоўцы назвалі імем класіка. Да гэтай камяніскі ў атачэнні трох дубоў і хадзіў натхняцца будучы літаратар. Дарэчы, пісаў Купала ў Акопах многа. Навукоўцы нават падлічылі, што кожны дзень у сярэднім у яго атрымлівалася па 200—300 вершаваных радкоў.

У наш час на хутары былі адноўлены падмуркі гаспадарскага дома канца XIX стагоддзя і хаты, дзе жылі наёмныя сяляне. Сам маёнтак амаль у тым самым выглядзе ўзнавілі ў Харужанцах, на месцы, дзе калісьці стаяла сядзіба Міхалішкі. А музейны комплекс “Акопы” адкрылі ў гонар 110-х угодак з дня нараджэння паэта, у 1992 годзе.

Галоўныя рэліквіі філіяла «Акопы» — стол і стул пісьменніка — перададзены роднымі Песняра

Адзінаццаць апошніх гадоў ім загадвае Валянцін Журко. З часу адкрыцця ўстановы культуры пяць яе экспазіцыйных залаў кардынальна не змянялі свайго напаўнення. Аднак, удакладняе Валянцін Аляксандравіч, ёсць і надта каштоўныя экспанаты: “Напрыклад, рабочы стол і крэсла, перададзеныя сям’ёй класіка. Верагодна, калі з’язджалі адсюль маці і сёстры паэта, яны захавалі камплект і потым ужо перадалі ў музей. Таксама можам пахваліцца чарнільніцай, якой карыстаўся пісьменнік, ствараючы свае шэдэўры. I арыгіналам фотаздымка Уладзіславы Станкевіч, будучай жонкі Купалы. А яшчэ асобнікі кніг таго часу ў вітрынах — таксама арыгіналы…”

Асабіста мяне ўразіла яшчэ адна незвычайная дэталь экспазіцыі — невялічкая тэатральная зала. Яе абсталявалі наўмысна, каб падкрэсліць: п’есы Купалы нараджаліся тут. Як напамін — быццам бы ў чырвоным куце — стаіць манекен ва ўбранні Паўлінкі, ролю якой на працягу 17 гадоў выконвала адна з артыстак сталічнага тэатра Янкі Купалы Ала Доўгая.

Асобная гаворка пра “Паўлінку”. Менавіта яе ўпершыню класік прачытаў свайму суседу, пісьменніку Антону Лявіцкаму, вядомаму пад псеўданімам Ядвігін Ш., які жыў у суседняй з Харужанцамі Карпілаўцы. Цікава, у наваколлі ўсе ведалі, што прататыпамі герояў п’есы літаратару паслужылі жыхары хутара Рубеж, што каля Акопаў, Гілярый Аўлачынскі і яго дачка Ядвіга. Дарэчы, не ўсе ведаюць і такі факт: шырока вядомай пецярбургскай прэм’еры “Паўлінкі” 9 лютага 1913 года, дзе галоўную ролю выконвала Паўліна Мядзёлка, папярэднічала пастаноўка п’есы артыстамі драмгуртка ў Вільні. А таксама ў жніўні ў Радашковічах, дзе камедыю ігралі мясцовыя і мінскія артысты.

Першы водгук аб адкрыцці музейнага комплексу ў Харужанцах пакінуў Ніл Гілевіч і іншыя славутыя пісьменнікі

Пра гэтыя малавядомыя старонкі купалаўскай тэмы цяпер ужо мала хто можа ўспомніць з мясцовых жыхароў. Гэтак жа складана цяпер знайсці і тых, хто мог такім ці іншым чынам сутыкацца з класікам, яго роднымі. У Харужанцах, праўда, памятаюць жыхарку з Карпілаўкі Галіну Васілевіч, якая бачыла Купалу, калі той прыходзіў на літаратурныя чытанні ў вясковую школу. Выступаў, дэкламаваў свае вершы, але чалавекам быў сціплым. Памятаюць у вёсцы, што жыла там да раскулачвання родная сястра Песняра Марыя.

А вось 80-гадовы жыхар Вялікіх Бесядаў Віктар Гінтаўт чуў пра класіка ад свайго дзядзькі Франца. Ён браў удзел у літаратурных вечарынах, а аднойчы ў вёску Баршчэўнік на школьны канцэрт прыехаў Янка Купала з жонкай. Гучалі вершы паэта, потым — спробы пяра школьнікаў. Пясняр звярнуўся да Франца: “А кім вы хочаце быць?” — “Кавалём”, — адказаў Франц. “Чаму? Па-мойму, вам трэба стаць настаўнікам”. Але шанцаў на гэта было мала. Калі б не… цёця Уладзя, жонка Купалы.

Справа ў тым, што бацькі Франца жылі ў Ляўшова, побач з Акопамі. Туды ж наведвалася цёця Уладзя. Яна і пагаварыла з бацькам хлопца, які потым і дазволіў паступаць сыну ў Мінск на настаўніка.

ПАДТРЫМЛІВАЛІ сувязі з землякамі Купала з жонкай і калі жылі ў сталіцы. Ветліва, гасцінна сустракалі Франца-студэнта, другіх наведвальнікаў. А іх было шмат: там можна было сустрэць, акрамя вядомых у той час пісьменнікаў, і пачаткоўцаў.

На хутар класік ехаў звычайна Даўгінаўскім шляхам. Сяліўся заўсёды ў доме маці. Але ж быў чалавекам вельмі непрыстасаваным да самастойнага бытавання. Вельмі не любіў кампаній і гутарак, быў вялікім маўчуном.

Віктар ГІНТАЎТ ведае пра Купалу ад дзядзькі Франца

Дзіўна, але гэта факт: купалаўская паэзія вусны салодзіць, а ён сам чытаў усё вельмі нудна, часцей за ўсё стараўся публічна не выступаць, здзіўляецца Віктар Станіслававіч:

— Дзядзька ўспамінаў прамовы літаратара ў карпілаўскай школе. Яны былі нічым не прыкметныя. Купала падтрымліваў сувязь з тутэйшымі настаўнікамі. Напрыклад, у вёсцы Лысая Гара сябраваў з Васілём Рынковічам, з якім падчас адпачынку ў Акопах збіраў фальклор. Шанаваў, не цураўся простых людзей. У той жа вёсцы жыла сям’я Бычкоўскіх. Хросным бацькам дзяўчыны Марыі Пятроўны Бычкоўскай ён з’яўляўся, а ў 1913 годзе зборнік вершаў “Шляхам жыцця” падарыў яе брату Пятру.

ДАСЛОЎНА

На валуне Купалы, што ў Акопах, на мармуровай пліце выбіты радкі «З кутка жаданняў» 1912 года:

Песню стварыці ясну, як неба,

Ў кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём —

Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,

Гэткім я толькі жыву пачуццём.

ГЭТЫМ ЧАСАМ

Сёння ў купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” адбудзецца свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі...”. Адзін з прыгажэйшых куточкаў Міншчыны, дзе нарадзіўся класік, запрашае на вечарыну з удзелам сучасных паэтаў. Музычныя творы на вершы Янкі Купалы выканаюць Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”, а таксама самадзейныя калектывы Маладзечанскага раёна. Заўтра, 9 ліпеня, “Купалаў фэст” адбудзецца ў касцёле ў Радашковічах, дзе хрысцілі пісьменніка Янку Купалу. Там жа пройдзе акцыя “Чытаем Купалу разам”.

uskova@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter