Паўліна Мядзёлка: жанчына-міф?

115 гадоў назад нарадзілася першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі народнага паэта Беларусі Янкі КупалыМіфы за гэтай выдатнай жанчынай дагэтуль цягнуцца шлейфам. Ёй прыпісвалі наравісты характар, супрацоўніцтва з ГПУ, раман з песняром і нават ўскосна абвінавачвалі ў смерці Купалы — сведкі быццам бы бачылі, як класік і Мядзёлка сварыліся за некалькі гадзін да трагічнай гібелі паэта...

Дзяўчына з характарам
У пачатку XX стагоддзя ў мястэчку Будслаў, што знаходзілася непадалёк ад Дзвінска, жыхары ў чарговы раз сталі сведкамі звычайнага сямейнага скандалу ў адным з двароў. Як звычайна, чуліся гучныя галасы. Тое, што зноў спрачаюцца маці і дачка, ведалі ўсе. Як і пра тое, хто вінаваты... Аказалася, што дачка Паўліна пайшла на рэчку паласкаць бялізну, але, зачытаўшыся кнігай, не заўважыла, як бялізна “пайшла” ўніз па рацэ. Сваякі шапталіся, маўляў, мала таго, што сям’я з дзевяці чалавек, якую і пракарміць цяжка, дык яшчэ адно няшчасце — адзіная дачка і тая не ўдалася: усё, што ўмее, дык гэта кніжкі чытаць. І што толькі маці з гэтымі самымі кніжкамі ні рабіла — і хавала, і паліла, але выхаванню гэта не дапамагло.
Паўлінка заканчвае Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча і просіць родных благаславіць яе на вучобу ў Рызе. Балазе і сродкі знайшліся. Яна адпраўляецца вучыцца на рыжскія прыватныя курсы, а потым паступае ў Віленскую жаночую гімназію. Менавіта там канчаткова раскрыўся “беларускі” характар вучаніцы. Не саромеючыся і не баючыся нікога, Паўліна пастаянна, з прычыны і без, выказвае сваё меркаванне і, калі ёй штосьці не падабаецца — ніколі не змаўчыць. Настаўніку рускай мовы, які паспрабаваў прымусіць дзяўчыну мысліць па-руску, яна ўмомант адрэзала: “Я — беларуска!”
Дасталося пры першай сустрэчы і Янку Купалу. Неяк у Вільні (было гэта ў 1908 годзе) Мядзёлка прыйшла ў госці да сваіх знаёмых. Дзверы ёй адчыніў малады мужчына інтэлігентнага выгляду, які адразу ж пачаў жартаваць, а месцамі адкрыта фліртаваў, звяртаючы ўвагу на прывабную знешнасць госці. Калі пазней тая даведалася, што малады чалавек — Купала, дык, паводле ўспамінаў відавочцаў, засмуцілася, сказаўшы: “Звычайны хлопец з несур’ёзнымі размовамі”. Праўда, у душу песняру, здаецца, запала...
Пазней у Пецярбургу, дзе дзяўчына вучылася на Вышэйшых камерцыйных курсах, менавіта Паўлінку класік папрасіў выканаць ролю яе цёзкі ў аднайменнай п’есе на сцэне рабочага клуба “Пальма”. Ролю Мядзёлка сыграла бліскуча і тым самым назаўсёды ўвайшла ў тэатральную гісторыю Беларусі.
Гэта каханне?
Пра тое, ці быў раман у Паўліны з песняром, гісторыкі спрачаюцца да гэтага часу. Сама Мядзёлка ўспамінала, што аднойчы Купала падышоў да яе з прапановай: “Паўлінка, давай мы з табою пажэнімся”. На што дзяўчына ласкава адказала: “Яначка, я цябе люблю як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай... Я кахаю іншага, які ніколі не будзе маім мужам”. Праўда, многія літаратуразнаўцы паставілі гэты дыялог пад сумненне, бо прыблізна ў гэты час быў апублікаваны верш класіка, прысвечаны будучай жонцы Уладзіславе Станкевіч. Забягаючы наперад, скажу, што з ёй паэт ажэніцца ў 1917 годзе. Даведаўшыся пра гэтую навіну, Мядзёлка будзе раззлавана і гэтую самую злосць даверыць сваім запісам, падкрэсліўшы, што яшчэ зусім нядаўна Купала быў абыякавы да Улады і “сох” зусім па іншай...
Турэмны раман
Адзіным мужчынам Паўліны быў Томаш Грыб — заснавальнік і ідэолаг беларускай партыі эсэраў. Пазнаёміліся яны ў сакавіку 1918 года на беларускім кангрэсе. Праходзячы па калідоры, Томаш звярнуў увагу на забаўную дзяўчыну ў чырвонай хусцінцы, у беларускай суконнай світцы, маленькіх лапаціках з карункавымі анучкамі, якая захоплена балбатала з таварышамі. І хоць Паўліна была старэйшая за яго на два гады, Томаш вельмі моцна закахаўся і неяк з захапленнем сказаў: “Вось якую б я хацеў мець жонку!”
Лёс, а дакладней, турма звяла іх у Гродне праз год. Рэдактар газеты “Родны край” Томаш Грыб і крыху пазней Паўліна былі арыштаваны польскімі ўладамі за крамольны артыкул. У час спаткання ў гродзенскай турме Томаш перадаў дзяўчыне ўласны дзённік, дзе пісаў пра сваё каханне. На наступным спатканні Паўліна перадала яму адказ, што ён можа лічыць яе сваёй жонкай. Хутка іх выпусцілі. Журавінка і Тумка (як яны называлі адзін аднаго) не вянчаліся, таму што былі атэістамі. Праўда, сямейнае жыццё не заладзілася. У 1920 годзе ў Вільні іх зноў арыштавалі. Потым былі польскія турмы, высылка ў Лодзь, адкуль яны збеглі ў Коўна. Затым Мядзёлку запрасілі працаваць у савецкае пасольства ў Берліне, Томаш паехаў у Прагу. Чаму яны рассталіся — так і засталося тайнай. Але нават у мемуарах Паўліна пазбягала згадваць свайго летуценнага Тума — у Беларусі ён адразу ж быў аб’яўлены “ворагам народа”. Вядома толькі, што яны сустракаліся ў Празе на канферэнцыі беларускіх эсэраў і што Томаш спрабаваў пабачыцца з каханай жанчынай і ў Дзвінску, і ў Мінску, але яго не ўпусцілі ўлады. У 1938 годзе Томаш памёр ад туберкулёзу.
Таварыш Мядзёлка, ці Блуканне па пакутах
У 1925 годзе над настаўнікамі Дзвінскай беларускай гімназіі, у якой Паўліна выкладала беларускую мову і літаратуру, адбыўся суд. Абвінавачванне — “...прымалі ўдзел у злачыннай групоўцы ў Латвіі...”. Сярод абвінавачваемых і Мядзёлка. Праўда, доказаў не знайшлося, і ўсіх апраўдалі. Але з Латвіі давялося паехаць.
Паўліна перабіраецца ў Савецкую Беларусь, дзе праз нейкі час дзякуючы таму ж Купалу ўладкоўваецца на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Але ўжо праз пэўны час новай супрацоўніцай цікавяцца супрацоўнікі Галоўнага палітычнага ўпраўлення — ГПУ. Некаторыя літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што ў архівах КДБ захаваліся даныя допыту Мядзёлкі, датаваныя 1930 годам, дзе яна гаворыць: “У 1927 годзе я дала абавязацельства ГПУ БССР аб тым, што не буду выдаваць меўшыя месца размовы са мною аб маім супрацоўніцтве з ГПУ”.
У чэрвені 1930 года ў Мінску праходзяць масавыя арышты інтэлігенцыі. Паўліну зноў арыштоўваюць. Дзесяць дзён бесперапынных допытаў. Дзесяць дзён без сну і адпачынку. Пазней Мядзёлка прызнаецца, што падпіша ўсё, што ёй прапануюць, бо будзе канчаткова знясілена: у яе пачнуцца галюцынацыі і з’явіцца жаданне скончыць жыццё самагубствам. Пасля дзесяці месяцаў зняволення жанчын на пяць гадоў высылаюць у Казань, а потым вяртаюць у родны Будслаў. Там па-ранейшаму актыўная Паўліна Мядзёлка арганізавала хор і драматычны гурток, за што ў 1966 годзе атрымала званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Праз восем гадоў успаміны першай выканаўцы ролі Паўлінкі выйшлі пад назвай “Сцежкамі жыцця”. У тым жа годзе жанчыны не стала.
Тайны Паўлінкі
У дзень гібелі Купалы Паўліна была ў Маскве. Кажуць, што за некалькі гадзін да трагічных падзей бачылі, як яна сварылася з паэтам. Паводле іншых крыніц, Мядзёлка даведалася пра смерць класіка па радыё і праз некаторы час разам з жонкай песняра Уладзіславай Францаўнай нават правяла невялікае расследаванне, пра вынікі якога падрабязна напісала ў сваім дзённіку. Ці захаваліся ўсе запісы — сёння дакладна невядома. Частку з іх Мядзёлка завяшчала перадаць Максіму Танку з умовай апублікаваць іх толькі праз 25 гадоў пасля яе смерці. Але была і іншая частка гэтых запісак, якая мела нават асобную назву: “Факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць абнародаваны”. Там і пра смерць Купалы, яго пахаванне ў Маскве і перазахаванне ўрны з прахам песняра ў 1962 годзе. Гэтыя запіскі былі апублікаваны толькі ў пачатку дзевяностых на старонках часопіса “Полымя”.
Фатаграфіі прадастаўлены Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter