Па Ходасах ад краю да краю

Штодзённы маршрут паштальёна Валянціны СЕВЕРЦАВАЙ перавышае 20 кіламетраў. Сёмы год дастаўляе яна перыядычныя выданні, грашовыя выплаты, прамысловыя і прадуктовыя тавары жыхарам мсціслаўскага аграгарадка Ходасы і суседніх вёсак Астраўцы і Суш. Перад вясновым сезонам у вяскоўцаў узрастае попыт на насенне гародніны, кветак. Валянціна Віктараўна мае вопыт працы на зямлі. Кожную вясну засявае амаль 20 сотак свайго агарода.



Вырасла яна ў сялянскай сям’і. Бацькі працавалі на зямлі. Пасля заканчэння сярэдняй школы засталася ў вёсцы. Выйшла замуж. Больш як паўтара дзесяцігоддзя даіла саўгасных кароў. Была ў ліку лепшых жывёлаводаў гаспадаркі. Выхавала пяцёра дзяцей. Старэйшы сын Андрэй працуе будаўніком і з сям’ёй жыве ў Ходасах. Дачка Алена замужам у суседняй вёсцы Раманавічы, працуе аператарам на птушкафабрыцы. Будаўніком стаў сын Вадзім. Ён рыхтуецца да вяселля. Віктар дапамагае маці даглядаць курэй, гусей, індыкоў. Самы малодшы Аляксандр вучыцца ў Магілёўскім універсітэце Міністэрства ўнутраных спраў. Падрастаюць унучкі Ева і Карына.

У аддзяленні паштовай сувязі Ходасы, якое другі год узначальвае Святлана Громава, акрамя Валянціны Северцавай, паштальёнамі працуюць Вольга Цішкова і Алена Новікава. Калектыў дружны. Паспяхова праводзіцца тут падпісная кампанія. Найбольш актыўныя падпісчыкі на перыядычныя выданні Тамара і Мікалай Мічэнусы, якія нядаўна пасяліліся ў Ходасах. Па некалькі газет выпісваюць былая цялятніца з Астраўцоў Ганна Басава і пенсіянерка з вёскі Суш Валянціна Лосева. Сярод падпісчыкаў вельмі папулярныя газеты выдавецкага дома «Беларусь сегодня», сярод якіх і «Сельская газета». Спадзяёмся, у Ходасах колькасць сяброў нашай газеты будзе павялічвацца.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter