Рады прамысловых альпіністаў папаўняюцца навічкамі

Па грані алмаза

З такой жа хуткасцю, як гарады забудоўваюцца шклянымі гмахамі, рады прамысловых альпіністаў папаўняюцца навічкамі. Улетку добра відаць, як яны, быццам мурашкі, лазяць па будынках. Асабліва за альпіністамі цікава назіраць, калі яны знаходзяцца на цяжкадаступных з-за сваіх формаў будынках. Да прыкладу, на ромбакубаактаэдры, гэта значыць на Нацыянальнай бібліятэцы. Забяромся з імі на вышыню і даведаемся, як гэта — працаваць, не адчуваючы пад нагамі зямлі.


У мінскіх альпіністаў у летні сезон шмат працы

“Давай на “карону”, на “спадніцы” мы скончылі!” — крычыць Рысь, называючы самы верх бібліятэкі каронай, а вітраж атрыума бібліятэкі — спадніцай. Дарэчы, Рысь — гэта брыгадзір каманды альпіністаў Аляксей. Усе яго калегі і падначаленыя — Дзмітрый, Сяргей і Віталь — таксама маюць свае мянушкі. “Мы прозвішчы адзін аднаго скарачаем. Так зручней”, — тлумачаць альпіністы.

Зручнасць у рабоце вышыннікаў і альпіністаў — нумар 2 у спісе важнасці. Нумар 1 — гэта, вядома, бяспека. Таму і сёння яны пачынаюць свой дзень з праверкі вяровак — рабочай і страховачнай, устройства для спуску, блок-ролікаў, карабінаў і вузлоў. Пакуль адзяваюцца ў рыштунак, альпінісцкія каскі, мы разам з прадстаўнікамі кампаніі “Чыстае святло плюс” — кіраўніком аддзела продажаў Нінай Радзевіч і майстрам Дзмітрыем Ліневічам, якія адсочваюць работу сваіх альпіністаў на аб’екце, адпраўляемся на самы верх — на 23-ці паверх бібліятэкі, на аглядную пляцоўку. Дарэчы, вышыня — большая за 73 метры. Дух займае ад прыгажосці горада — датуль, пакуль не заўважаем, як альпіністы пералазяць праз парэнчы і пачынаюць спуск.

— Кожны дзень гэта бачу, і ўсё роўна за іх страшна, — Ніна заплюшчвае вочы.

Пытанні пра тое, ці страшна самім альпіністам, ім ужо парадкам надакучылі. “Звычайныя людзі задаюць толькі тры пытанні: “Страшна? Колькі за гэта плацяць? І ці можна пакатацца на вяроўках?” — смяецца Аляксей, але сочыць за тым, як хлопцы пачынаюць работу. Ён падае ім вёдры, анучы, сцяжкі і шубкі для мыцця, штангі, мікрафібры. Пры гэтым самі альпіністы таксама ўвешаныя ўсім неабходным для ачысткі шкла бібліятэкі.

— Для мыйкі паверхняў выкарыстоўваецца стандартны набор інструментаў для клінінгавых паслуг. Паколькі вокны бібліятэкі абароненыя спецыяльнымі плёнкамі, іх трэба мыць толькі слабымі мыльнымі растворамі, якія не парушаюць структуру паверхні. Ніякіх шчолачных і кіслотных раствораў. Дарэчы, гэтак жа мыюць і адзін з самых высокіх будынкаў свету ў Дубаі — хмарачос Бурдж-Халіфа, — тлумачыць Ніна Радзевіч.

Аказваецца, альпіністы не да кожнай зоны бібліятэкі могуць дабрацца самастойна. Сёлета яны ўпершыню паднімаліся да некаторых вокнаў пры дапамозе мабільных рыштаванняў-вышак і аўтапад’ёмнікаў. Напрыклад, да вокнаў, якія знаходзяцца на адмоўным ухіле.

Паглядзім, у чым там праблема.

Ніна заводзіць мяне ў зону, дзе яшчэ ні разу не ступала нага журналіста, — паміж нясучай сцяной бібліятэкі і спайдарным шкленнем фасада будынка. Мякка будзе сказана, што надта страшна і злёгку нязручна на дадатным і адмоўным ухілах фасада. Адсюль, знутры, стоячы на трапе,  вокны мыюць дзяўчаты. Альпіністы ж знадворку праводзяць над гэтымі вокнамі не адну гадзіну.

— На “дадатнай” грані, як мы яе называем, мы мылі вокны на каленях, што, вядома, цяжка, — каменціруе Аляксей. — Добра, што ў нас вынослівасць на ўзроўні.

Ніна расказвае, як вышыннікі кампаніі працавалі практычна над усімі высокімі будынкамі Мінска. Але Нацыянальная бібліятэка ўсё ж здзівіла цяжкадаступнасцю.

— Праекціроўшчыкі, ствараючы форму будынкаў, не заўсёды прадугледжваюць мерапрыемствы па іх бяспечным абслугоўванні, — гаворыць Ніна Радзевіч. — Забываюць пра месцы для мацавання альпінісцкага рыштунку для мыйкі фасада будынка, пад’езды для аўтавышак, пра дастатковую шырыню адмосткаў. Вось і даводзіцца нашаму вытворчаму аддзелу ламаць галаву, як дабрацца да так званых мёртвых зон.


Толькі ўявіце: для таго, каб вымыць Нацыянальную бібліятэку, патрэбна ад трох да шасці месяцаў работы вышыннікаў. А хлопцы, дарэчы, гатовыя працаваць кожны дзень. Адзіныя перашкоды на шляху альпіністаў — моцны вецер, дождж, туман, спякота ці мароз.

Дарэчы, каб стаць альпіністам-прафесіяналам, мала мець заключэнне медкамісіі аб прыгоднасці для работы на вышыні, дыплом аб заканчэнні навучання ў спецыяльных навучальных цэнтрах па падрыхтоўцы ў сферы прамысловага альпінізму і вышынных работ. Наша суразмоўца Ніна Радзевіч падкрэслівае: патрэбны яшчэ досвед, розум і кемлівасць. “Шалёныя” экстрэмалы тут не патрэбныя.

Пра гэта гавораць і самі альпіністы. Нягледзячы на тое што яны часта жартуюць (так, гавораць, яны разраджаюць абстаноўку і ратуюцца ад стрэсу), да работы на вышыні адносяцца сур’ёзна.

— Як ні круці, а мы ўсё роўна маем пачуццё страху вышыні, — не саромеючыся, прызнаецца альпініст Рысь. — Нават добра, што гэтае пачуццё ёсць. З досведам разумееш, як важна адказваць за кожнае сваё дзеянне.

36-гадовы Аляксей ведае пра небяспеку не па чутках. Калі ён толькі пачаў сваю кар’еру альпініста, некалькі разоў падаў. Першы раз — з вышыні 7 метраў, тады зламаў пятку. Калі сарваўся з трэцяга паверха, справа абышлася толькі спалохам.

— Упаў па дурасці сваёй, не думаў сур’ёзна пра бяспеку, — тлумачыць ён. — Быў малады, не адчуваў страху.

Дарэчы, усе ў вясёлай кампаніі альпіністаў, якая працуе сёння, маюць вышэйшую адукацыю. Тут былы настаўнік фізкультуры, інжынер-будаўнік, трэнер, міліцыянер. Кожны з іх прайшоў курсы па падрыхтоўцы альпіністаў, дзе даюць асновы тэорыі і практыкі. Пытаю: ці падабаецца ім іх работа?

— Так падабаецца, што аж на сценкі лезем, — зноў жартуюць яны ўсім гуртам.

— “Малпачку”, як мы называем тых, хто ўмее толькі паднімацца на вышыню і спускацца, можна наву­чыць за два тыдні, а “адзінку” — прафесіянала, які выконвае любую працу незалежна ад складанасці аб’екта, — як мінімум, трэба вучыць 3-4 гады, — гаворыць брыгадзір.

У альпіністаў у летні сезон работы ва ўсіх сэнсах вельмі шмат. Самы спакойны час — люты — сакавік. Узімку ў асноўным яны прыбіраюць снег з дахаў, чысцяць ад наледзі, працуюць унутры памяшканняў.

Ніна Радзевіч дадае:

— Раней паслугамі прамысловага альпінізму карысталіся, як правіла, толькі будаўнікі. Але са з’яўленнем новых вышынных будынкаў, канструкцый са шкла і металу альпіністы сталі карыстацца вялікай папулярнасцю.

Развітваючыся, я пытаю Аляксея: ці паедзе ён гэтым летам адпачываць або ж загараць будзе на дахах Мінска?

— Не, работы шмат. Хоць, можа, у горы схаджу. Я, вядома, не “баклажан на градцы”, але вось чаго ніколі рабіць не стану, дык гэта скакаць з парашутам — страшна, — адказвае ён і ўзбіраецца на “карону” бібліятэкі.

Ганна Кісель
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter