У Віцебску праз два гады з’явіцца новы праспект

Па галоўнай вуліцы з мальбертам

У Віцебску пачалося будаўніцтва праспекта, які злучыць дзве часткі горада — старую і новую
На ўскрайку праспекта Будаўнікоў у Віцебску зараз на ўсю моц кіпіць работа. Вялікія грузавікі адзін за адным пад’язджаюць да экскаватара, загружаюцца і зноў — у шлях. Новы праспект стане своеасаблівай палачкай-выручалачкай для таго, каб цэнтральныя вуліцы горада нарэшце разгрузіць ад вялікай колькасці транспарту.


Галоўны інжынер упраў­лення капітальнага бу­даўніцтва Віцебска Сяргей Польскі паказвае праект новага праспекта.

Для таго, каб пабудаваць тут дарогу, трэба вывезці больш за 250 тысяч кубічных метраў глебы. Гэта амаль 20 тысяч грузавікоў. Калі фінансаванне будзе рытмічным, то прыкладна летам 2019 года новы шлях будзе адкрыты.

Будаўнічую пляцоўку не назавеш простай. Для ўмацавання крутых схілаў паабапал будучага праспекта тут ужо заганяюць углыб 16-метровыя палі. Але самая вялікая складанасць наперадзе: на шляху генпадрадчыкаў з «Віцебскаблсельбуда» — чыгунка. Прыйдзецца ўзводзіць пуцеправод, новы праспект пройдзе пад чыгункай. Прычым працаваць рабочыя будуць так, каб адначасова не спыняць рух таварнякоў на абедзвюх ветках, да якіх прывязаны некалькі прамысловых прадпрыемстваў. Гэта не адзіная праблема. Пераносіць неабходна і шматлікую колькасць інжынерных камунікацый — газа-, цепла- і водаправоды, лініі электраперадачы і другія артэрыі.

Галоўны інжынер упраўлення ка­пітальнага будаўніцтва Віцеб­ска Сяргей ПОЛЬСКІ паказвае праект новага аб'екта.

І хаця па даўжыні адрэзак праспекта будзе невялікі — каля аднаго кіламетра, ён мае велізарнае стратэгічнае значэнне для горада. І стане своеасаблівай палачкай-выручалачкай для таго, каб цэнтральныя вуліцы Віцебска змаглі нарэшце разгрузіцца ад вялікай колькасці транспарту.

У цяперашні час, каб дабрацца ў мікрараён Білева, дзе жыве ўжо больш за 30 тысяч чалавек, даводзіцца ехаць па праспекце Маскоўскім. Гэты ж маршрут выбіраюць і транзітныя вадзіцелі, якія накіроўваюцца ў Смаленск і Маскву. Праўда, не так даўно, каб знізіць вастрыню праблемы, Маскоўскі праспект пашырылі. Але ён таксама пралягае пад мостам, на падыходзе да якога ўсё роўна атрымліваецца штосьці накшталт бутэлечнага рыльца. У выніку — пробкі, затрымка руху, вельмі напружаны графік.

Працяг праспекта Будаўнікоў ліквідуе і гэтую, і многія іншыя праблемы. Напрыклад, жыхары маладога мікрараёна ўжо рыхтуюцца да таго, што ў Білева ў хуткім часе з’явіцца новы від транспарту — тут пойдуць тралейбусы, і «дарога жыцця» дасць магчымасць закальцаваць маршрут, адчыніўшы выхад гараджанам практычна ў любы куток Віцебска. І калі сёння многія навасёлы скардзяцца на транспартныя нязручнасці, заўтра яны змогуць радавацца дыхтоўнаму праспекту, дзе будуць абсталяваны не толькі шырокія, у дванаццаць з паловай метраў, праезныя палосы ў абодвух напрамках, але і зручныя, амаль пяціметровыя па шырыні тратуары, а таксама свабодныя веласіпедныя дарожкі.

Галоўны інжынер «Віцебскаблсельбуда» Юрый Мацвіевіч, інжынер праектна-тэхнічнага аддзела Крысціна Градзецкая і прараб Андрэй Шмаўгонец
абмяркоўваюць ход рэалізацыі стратэгічнага для горада аб'екта.

Дарэчы, веласіпед становіцца ўсё больш папулярным відам транспарту сярод віцябчан. Навасёлы з Білева — не выключэнне. А яшчэ ў праекце прадугледжаны поўны комплекс добраўпарадкавання новай вуліцы — тут будуць устаноўлены малыя архітэктурныя формы, прадугледжаны элементы азелянення, кампазіцыі з кветак і шматгадовых раслін, пасадкі дрэў уздоўж усёй трасы, лесвіцы, падземны пешаходны пераход, прыпынкі грамадскага транспарту.

А пакуль будучы праспект хаваецца за агароджай: будаўнічая пляцоўка — не месца для экскурсій. Але для мяне будаўнікі робяць выключэнне. Вось працуюць геадэзісты, якія тлумачаць: іх задача — пільна сачыць за тым, каб дарожны «пірог» атрымаўся такім, як прадугледжана праектам. Таму, выбіраючы грунт, нельга зняць ніводнага лішняга сантыметра глебы. Гэтак жа, як і пакінуць лішні. Будаўніцтва дарогі — справа тонкая. Памылкі недапушчальныя. Дарэчы, Сяргей Польскі называе гэты праект адным з буйнейшых у Віцебску за апошнія гады:

— На абсталяванне працягу праспекта Будаўнікоў на ўчастку ад вуліцы Петруся Броўкі да вуліцы Караткевіча, які абазначаны генеральным планам развіцця Віцебска, у гэтым годзе выдаткавана каля 5 мільёнаў рублёў. Агульны кошт будаўніцтва — больш за 20 мільёнаў. Фінансуецца аб’ект са сродкаў абласнога бюджэту — ён уключаны ў абласную інвестыцыйную праграму. Генпадрадчыкам дапамагаюць іншыя арганізацыі, у тым ліку з Мінскай і Брэсцкай абласцей. Штодзённа тут працуюць па 50—60 чалавек. Цікавая асаблівасць: будаўніцтва вядзецца адразу з двух бакоў — будаўнікі такім чынам ідуць насустрач адзін аднаму. А сустрэнуцца яны дзесьці пад чыгункай...


a_veresk@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter