
— Наша класіка не горшая за сусветную. І многiя з тых, хто чуе яе ўпершыню, з гэтым пагаджаюцца, — адразу ж пасля прывітання прыступае да размовы 20-гадовая Дар’я Бараноўская, якая разам з 23-гадовым Глебам Вайкулем і стварыла праект «Гукі метро. Слухай сваё».

Мы знаходзімся на сярэдзіне платформы станцыі метро «Купалаўская». А чацвёртай гадзіне дня тут ужо шмат людзей, якія міжволі звяртаюць увагу на рэкламныя экраны: апошнія ўстаноўлены на кожнай платформе ў падземцы. Менавіта з дынамікаў гэтых экранаў пасажыры і пачуюць сапраўдную беларускую класіку.
— Ідэя ўзнікла мінулай восенню, — працягвае Дар’я. — Падумалі: кожны дзень дзясяткі тысяч пасажыраў карыстаюцца метро. Мабыць, гэта самае папулярнае месца ў Мінску, яго можна выкарыстоўваць для папулярызацыі нашай класікі: людзі едуць, слухаюць і будуць ведаць, што ў нас шыкоўная музыка.
Першапачаткова задума была такая: кожны новы дзень тыдня — новы кірунак нашай музыкі. Але вырашылі спыніцца менавіта на класічнай, таму што яна ўспрымаецца як фонавая і да таго ж не выклікае ніякіх дрэнных эмоцый ва ўсіх людзей. І галоўнае, у метро людзі павінны быць уважлівымі і ні на што не адцягваць увагу.
Пераканаліся ў тым, што ідэя добрая, калі аднойчы ў Стакгольме раніцай прыйшлі на вакзал і пачулі класічную музыку, — узгадвае Глеб. — Гэта было настолькі прыгожа, настолькі ўздымала настрой, што мы ўпэўніліся: праект мае права на жыццё.
Iдэя ёсць, а што далей? Першапачаткова спрабавалі самастойна шукаць кампазіцыі нашых кла-сікаў у інтэрнэце. Потым выпадкова пазнаёміліся са студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольгай Фёдаравай, якая пагадзілася быць у іх камандзе. Менавіта яна раілася з супрацоў-нікамі акадэміі і кампазітарамі, пасля чаго ў праекта з’явіўся вялікі спіс беларускіх класікаў — зараз у ім 26 імёнаў. Планаў у стваральнікаў праекта шмат. Ды і зроблена нямала. Маладая каманда паспрабавала свае сілы і на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, дзе прадставіла ідэю пад назвай, якую пасажыры будуць бачыць кожны дзень на экранах метро, — «Гукі метро. Слухай сваё».
— Нам спачатку здавалася, што на праект трэба шмат грошай: аплаціць аўтарскае права, рэкламу, піяр, зрабіць пад кожнага кампа-зітара дызайнерскую «вокладку» — прыгожую і цікавую карцінку, якая была б на экране, пакуль гучыць музыка, — Дар’я Бараноўская задумліва глядзіць на тэлевізар на платформе. — Пытанняў было шмат, але з часам многія з іх адпалі.

Напрыклад, у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай маёмасці спіс каманды праверылі па каталогах, і аказалася, што за публічнае выкарыстанне музыкі многіх аўтараў плаціць не трэба. А за тых, каго няма ў каталогу, належыць аддаць толькі адну базавую велічыню ў месяц на аднаго кампазітара. Зразумела, такіх грошай у студэнткі БДУ і абітурыента не было. Але дзякуючы конкурсу, у якім яны, дарэчы, перамаглі, падтрымка знойдзена. Адзін з ментараў дамовіўся з рэкламнай кампаніяй, якая адказвае за 60 экранаў у метрапалітэне, каб музыка ўсё ж гучала.
— Перад запускам праекта мы правялі апытанне: ці можаце вы назваць больш за пяць імёнаў нашых кампазітараў? — працягвае Глеб. — Некаторыя адразу ж называлі Агінскага, Манюшку, Орду. Іншыя пыталіся: «А хіба ў нас яны ёсць?»
Цікава, што мае суразмоўцы некалькі гадоў таму і самі не змаглі б назваць пяць імёнаў беларускіх музычных класікаў. Так-так — ні Дар’я, ні Глеб не маюць музычнай адукацыі. Да класікі прыйшлі выпадкова некалькі год таму. Напрыклад, Глеб глядзеў фільм, у якім у якасці саўндтрэка выкарыстоўвалася «Прэлюдыя і фуга До мінор» Іагана Себасцьяна Баха — музыка спадабалася. Так захапіўся, што праслухаў усіх знакамiтых кампазітараў.
У планах праекта пошук іншых пляцовак для класічнай музыкі. Магчыма, у гэтым месяцы беларускія класікі загучаць і на аўтавакзале.
Мабыць, для некаторых грама-дзян наша класіка стане трамплінам для вывучэння сусветнай класічнай музыкі — хто ведае? У любым выпадку ведаць і шанаваць нашу культуру мы павінны. Так, Бах, Моцарт і Бетховен — гэта сапраўды вялікія людзі, але трэба ведаць Аладава, Багатырова, Залатарова, Абеліёвіча, Семяняку, Алоўнікава і іншых нашых музычных класікаў. Вас здзівілі гэтыя імёны? Зусім хутка ў метро вы пачуеце іх музыку.

— Пакуль у нас ёсць толькі застаўка для музыкі Орды. Для іншых кампазітараў таксама трэба зрабіць нешта цікавае. Магчыма, крыху пазней мы зробім нашым творцам «рэкламу» і ў вагонах цягнікоў. Напрыклад, там будуць змешчаны цікавыя і незвычайныя факты пра іх. Чаму не?
alinakasel@gmail.com