Па-ехалі!

ЗЕМЛІ КУП (СГП) «Яблынька», што на Глыбоччыне, размешчаны ля Галубіцкай пушчы і ў ёй самой. У лесе яшчэ ляжыць снег, нават праталін не відаць. «Якая сяўба?» — закрадваліся сумненні, калі ехаў сюды. Але ж інфармацыю даў сам старшыня райвыканкама Алег Морхат. Ён жартаваць не будзе.

Пасяўная стартавала на Віцебшчыне

ЗЕМЛІ КУП (СГП) «Яблынька», што на Глыбоччыне, размешчаны ля Галубіцкай пушчы і ў ёй самой. У лесе яшчэ ляжыць снег, нават праталін не відаць. «Якая сяўба?» — закрадваліся сумненні, калі ехаў сюды. Але ж інфармацыю даў сам старшыня райвыканкама Алег Морхат. Ён жартаваць не будзе.

На полі за вёскай Калечполле сапраўды была тэхніка: запраўшчык насення і пасяўны агрэгат АПП-6, зроблены на Віцебскім маторарамонтным заводзе. Але яны стаялі. Было 6 гадзін вечара. Дырэктар гаспадаркі Віктар Гінько — у гумовіках, на выгляд ураўнаважаны, амаль тры дзясяткі год на гэтай пасадзе — з крыху прыкрытым хваляваннем у голасе паведаў:

— Чакаем, калі яшчэ трохі «падцягне» глебу. Пусцілі чызелі, паварушылі. Падсыхае на вачах.

Праходзім з ім на поле. З самага краю боты вязнуць, затое далей — цвёрда.

— Ну што, Пётр, мо пачнем? — звяртаецца кіраўнік да механізатара Пятра Альхімовіча.

Той згодна ківае галавой, залазіць у кабіну магутнага трактара МТЗ-3022 са спаранымі заднімі коламі, махае рукой:

— Па-ехалі!...

Віктар Гінько ідзе следам, дапытліва правярае задзелку насення. Нармальна.

Яравы клін зерневых і зернебабовых зойме ў гаспадарцы 660 гектараў. Акрамя пшаніцы і ячменю, тут трэці год запар сеюць адзіныя ў раёне грэчку, 50 гектараў. Збіраюць на круг па 19—21 цэнтнеру. Пазалетась, калі быў яе дэфіцыт і дарагоўля ў крамах, забяспечылі па танным кошце сваіх работнікаў і прадалі даволі выгадна іншым спажыўцам.

Каб правесці пасяўную ў тэрмін, у гаспадарцы ёсць усё. Акрамя названага вышэй пасяўнога агрэгата, гатовы яшчэ тры: адзін з шасціметровым захопам і два — з трохметровым. Апошнія будуць выкарыстоўвацца на малаконтурных участках.

З першага дня паказалі сябе на падрыхтоўцы глебы Мікалай Шапавалаў, Пётр Гінько, Аляксандр Гронскі. Для двухзменнай работы тэхнікі шэфы Дзвінскай эксперыментальнай базы лесу прыслалі 10 сваіх механізатараў.

Яравых у «Яблыньцы» не так і многа. Гэта таму, што восенню амаль ў паўтара разы больш — 900 гектараў — пасеялі азімых.

— Па-першае, на нашых пясчаных землях — гэта перастрахоўка ад засухі,—тлумачыць Віктар Гінько. — А па-другое, скарачаецца нагрузка вясной.

Азімыя з зімы выйшлі ў добрым стане. Цяпер, каб не ўпусціць час, заняліся іх падкормкай. Калі мы заехалі па дарозе назад на двор майстэрняў, то ўбачылі там, як адмываў ад гразі агрэгат «Раса» Сяргей Усовіч, які якраз і шчыраваў перад гэтым на азімым полі.

І яшчэ адна адметнасць вясенне-палявых работ у «Яблыньцы». Кожны год тут актыўна займаюцца зборам камянёў на палях. Для гэтага задзейнічаюць два каменепадборшчыкі, шэфаў і яшчэ рабочых са Століна. Вось чаму да мінімума зведзены паломкі тэхнікі на сенакосе і жніве. А камяні гэтыя раней прадавалі прыватным забудоўшчыкам, а цяпер выкарыстоўваюць пры ўзвядзенні новай малочна-таварнай фермы.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

Фота аўтара

Р.S. Калі рыхтаваўся матэрыял да друку, стала вядома, што ў першы дзень, 17 красавіка, у КУП (СГП) «Яблынька» Глыбоцкага раёна пасеялі 12 гектараў аўса.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter