Па добры расольнік і смачныя катлеты

КРЫХУ менш за год таму выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 127 «Аб стварэнні ўмоў для харчавання работнікаў». Наймальнікам рэкамендавана ўключаць у калектыўныя дагаворы гэтае пытанне. Вызначаны і шляхі яго вырашэння ў залежнасці ад памераў калектыву: арганізацыя работы сталовых, абсталяванне памяшканняў для прыёму ежы з наяўнасцю халадзільнікаў, мікрахвалевых печаў, набораў посуду альбо дастаўка харчавання па заказах работнікаў арганізацыямі, якія спецыялізуюцца на аказанні такіх паслуг.

Чым і як сёння абедаюць рабочыя, вяскоўцы служачыя, школьнікі і навучэнцы ў арганізацыях грамадскага харчавання Кіраўскага раёна

КРЫХУ менш за год таму выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 127 «Аб стварэнні ўмоў для харчавання работнікаў». Наймальнікам рэкамендавана ўключаць у калектыўныя дагаворы гэтае пытанне. Вызначаны і шляхі яго вырашэння ў залежнасці ад памераў калектыву: арганізацыя работы сталовых, абсталяванне памяшканняў для прыёму ежы з наяўнасцю халадзільнікаў, мікрахвалевых печаў, набораў посуду альбо дастаўка харчавання па заказах работнікаў арганізацыямі, якія спецыялізуюцца на аказанні такіх паслуг.

НЕАБХОДНАСЦЬ прыняцця пастановы была абгрунтавана тым, што ў шэрагу арганізацый, у тым ліку сацыяльна-культурнай галіны, у дзяржаўных установах не створаны неабходныя ўмовы для атрымання работнікамі паўнацэннага абеду. Многія сталовыя пры прадпрыемствах патрабуюць капітальнага рамонту, замены абсталявання, некаторыя арганізацыі наогул адмовіліся ад утрымання пунктаў харчавання.

Калі ў грамадстве пачалося абмеркаванне ўзнятай тэмы, людзі старэйшага ўзросту прыгадалі савецкія часы, калі існавала цэлая іерархія грамадскага харчавання, якая пачыналася з садкоўскіх і школьных сталовак, працягвалася студэнцкімі, а потым — сталовымі прадпрыемстваў. Асновы савецкага грамхарча былі закладзены яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі: у маі 1917 года на шэрагу буйных прамысловых прадпрыемстваў былі адкрыты першыя кропкі грамадскага харчавання.

Новы імпульс развіццю грамадскага харчавання дало правядзенне ў СССР Алімпіяды ў 1980 годзе — стандарты работы галіны значна павысіліся, супрацоўнікаў сталовых нават накіроўвалі на спецыяльныя падрыхтоўчыя праграмы павышэння кваліфікацыі абслугоўвання.

Мікалай Бялько, ураджэнец Случчыны, прыехаў у Кіраўскі раён у 1984-м па размеркаванні, працаўладкаваўся ў райаграпрамтэхзабеспячэнне. Зараз ён працуе ў ПМК-255 механікам. Мікалай Іванавіч успамінае:

— На той момант сталовай пры нашай арганізацыі яшчэ не было, аднак у райцэнтры працавала некалькі кропак, якія прапаноўвалі комплексныя гарачыя абеды. Папулярнасцю карысталася грамадская сталовая на вуліцы Пушкінскай, дзе зараз размешчана маладзёжнае кафэ «Спатканне». Там, сапраўды, можна было затанна праганяць голад. Дарэчы, ежа ў савецкіх сталоўках у адрозненні ад сучасных фаст-фудаў, што прапаноўваюць «Макдональдсы», «Росціксы», вылучалася карысцю для здароўя. Згодна з савецкімі канонамі, катлеты лепей было тушыць, чым смажыць, у любой страве разлічваліся вітаміны, калорыі, бялкі і г. д. Жадаючы змяніць атмасферу, часам мы з калегамі выбіралі для абеду мясцовую «Бульбянку».

У «ліхія дзевяностыя» ўзнікалі пункты грамадскага харчавання розных стыляў, форм абслугоўвання, з разнастайнасцю ў меню і, адпаведна, кошце.

— У гэты перыяд прадпрыемстваў грамхарча сярэдняй цэнавай катэгорыі практычна не было, — працягвае мой суразмоўца. — Існавалі дзве крайнасці — элітныя рэстараны, кафэ з высокімі цэнамі і танныя сталоўкі з вельмі нізкай якасцю ежы і абслугоўвання.

УСПАМІНАЮЧЫ пра «савецкія сталоўкі», прааналізуем у разрэзе невялікага  рэгіёна, якім з’яўляецца Кіраўскі раён, чым і як зараз абедаюць рабочыя мясцовых арганізацый і служачыя ўстаноў, школьнікі і навучэнцы. Мяркую, падобная сітуацыя складваецца і ў іншых райцэнтрах краіны.

У сакавіку мінулага года было прынята рашэнне райвыканкама «Аб арганізацыі грамадскага харчавання ў арганізацыях раёна».

Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах гарачае харчаванне работнікаў наладжана ў асноўным у перыяд правядзення палявых работ. Абеды для вяскоўцаў гатуюць у сталовых СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага, «Чырвоны баец», «Калгас «Беларусь», «Калгас «Свярдлова», сельгасфіліяла «Чыгірынка».

Сталовая райаграпрамтэхзабеспячэння, акрамя сваіх работнікаў, забяспечвае харчаваннем калектывы ААТ «Кіраўск-лён», СВК «Калгас «Ніва» і «Бераснёўскі».

Служба харчавання Жыліцкага сельгаскаледжа, на базе якога дзейнічае сталовая на 90 месцаў, прапаноўвае смачныя комплексныя абеды не толькі навучэнцам установы, але і рупліўцам СВК «Добасна-агра» і РУП «Жылічы».

За кошт бюджэтных сродкаў і бацькоўскіх аплат атрымліваюць харчаванне школьнікі, пры ліцэі № 15 функцыяніруе сталовая на 100 месцаў.

Звужаючы вугал погляду, пярой- дзем да Кіраўска, а дакладней, яго цэнтра, дзе размешчана большасць устаноў. На працягу апошніх год у якасці абеду іх супрацоўнікам прапаноўваецца лёгкая вулічная закуска. Да яе я адношу піражкі і чабурэкі, сасіскі ў цесце, смажанкі, бутэрброды, пірожныя, якія ў асартыменце прадстаўлены ў кафэ «Смажанка» і «Церамок», «Кулінарыі», кафетэрыі ўніверсама «Меркурый». Вядома, па густу кіраўскім смажанкам і піражкам уступае многае, аднак штодзённы абед такой якасці наўрад ці прыйдзецца даспадобы нашым страўнікам і фігурам. Працягваючы агляд, засяроджу ўвагу на пельменях, булёнах, шашлыках, смажаных курыных ножках, якія можна адведаць у адзначаных кропках грамхарча. Аднак ні ў якім разе іх нельга параўнаць з класічным і карысным абедам: наварыстай капустай і пюрэ з катлетай, прыгатаванай на пару. Ды і кошт часам прымушае задумацца.

Комплексныя абеды кіраўчане могуць адведаць у сталовай ААТ «РАПТЗ», дзе, дарэчы, зроблены рамонт і да абедзеннай залы на 40 пасадачных месцаў дадалася яшчэ адна — на 24, і ў кафэ «Бульбянае». Аднак гэтыя абедзенныя кропкі знаходзяцца амаль на ўскрайку райцэнтра, што для многіх вельмі нязручна. А абедаць у рэстаране «Сузор’е» ў цэнтры Кіраўска можа дазволіць сабе далёка не кожны.

Па інфармацыі аддзела эканомікі Кіраўскага райвыканкама, у большасці арганізацый ёсць пакоі для прыёму ежы, абсталяваныя мікра- хвалевымі печамі, электрачайнікамі, посудам. У іх можна абедаць прынесенымі з дому зсабойкамі. Аднак часам у перапынак хочацца не толькі паесці, але і падыхаць свежым паветрам, прагуляцца і вызваліць думкі ад працоўнай мітусні.

Ёсць яшчэ адзін варыянт, якім карыстаецца большасць кіраўчан: бегаць на абед дадому. Аднак ён не падыходзіць тым, хто жыве далёка ад месца працы.

У СЯРЭДЗІНЕ чэрвеня для кіраўчан, якім доўгія гады не падыходзіў ні адзін з вышэйпералічаных варыянтаў харчавання ў перапынак, з’явілася вырашэнне абедзеннага пытання: у райвыканкаме адкрыўся буфет ААТ «РАПТЗ». Кожную раніцу сюды дастаўляюцца свежазвараныя наварыстыя супчыкі, гарніры з мяснымі і рыбнымі стравамі, дэсерты. Пастаянныя наведвальнікі буфета параўноўваюць яго з міні-сталовай савецкага часу, аднак у абноўленым варыянце, які перш за ўсё адлюстроўваецца ва ўтульнасці, камфорце, ідэальнай чысціні і ветлівым абслугоўванні. А яшчэ — тыповым савецкім меню: капустай, расольнікам альбо гарохавым супам — на першае; катлетамі, гуляшом, адбіўнымі і смажанай рыбай з гарнірам з пюрэ ці грэцкай кашай, салатай — на другое; гарбатай альбо кампотам з ягад ці сухафруктаў — на трэцяе. Кошт такога комплекснага абеду дазваляе наведваць гэты маленькі астравок часу «савецкіх сталовак» практычна кожны дзень.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter