Па добры настрой — у магазін

У працоўнай біяграфіі Марыны Крукоўскай праца ў розных магазінах

У невялікіх гарадах, як Стоўбцы, урачоў і прадаўцоў ведаюць у твар. А тым больш такіх, як Марына Крукоўская. І не толькі таму, што з гандлем у яе звязаны многія гады жыцця — ужо 15, а больш таму, што асоба яна яркая. Хапае ў яе творчых і фізічных сіл кожнаму ўсміхнуцца, пра тавар расказаць. Увагу ласух зверне на тое, што вафелькі свежыя паступілі ці батончыкі шакаладныя, пенсіянеру скажа, што сыр па добрай цане толькі-толькі прыняла. І так кожнаму, яна ведае густы многіх з пакупнікоў, памятае, хто на што больш звяртае ўвагу. На здымку яна з навагоднімі падарункамі — не праміне, каб сказаць, што перад самым святам грошай на ўсё не хопіць, лепш цяпер пачынаць рабіць патрэбныя святочныя пакупкі.

У працоўнай біяграфіі Марыны Крукоўскай праца ў розных магазінах. Атрымаўшы дыплом прадаўца прадуктовых і прамысловых тавараў у мінскім вучылішчы, яна адразу атрымала размеркаванне на працу ў магазін сваёй роднай вёскі Тулёнка, адкуль родам. Як гэта бывае з маладымі спецыялістамі, потым падмяніла прадаўца ў суседняй вёсцы Семенчыцы. Таленавітага маладога прадаўца адразу ж прыкмецілі ў аддзеле кадраў Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, і яна была пераведзена на працу ў райцэнтр. Доўгі час працавала ў магазіне “Сельгас­прадукты”, дзе асартымент тавараў вельмі адрозніваўся ад іншых прадуктовых магазінаў горада. Тут быў багаты выбар агародніны, садавіны і мясных прадуктаў. Не толькі стаўбчане, але і мінчане ведалі, калі будзе прывоз мяса­прадуктаў. Марына Міхайлаўна кожнаму старалася дагадзіць, ніколі не было ў яе раздражнення, нікога не пакрыўдзіла сваёй няўвагай, нікому не зрабіла наракання, хоць вытрымаць пераборлівага і дакучлівага пакупніка не так і проста. Таму заўсёды ў магазіне “Сельгаспрадукты” былі наведвальнікі. Пажылыя людзі, бывала, проста заходзілі тут пабыць, пагутарыць, падзяліцца навінамі.

Цяпер у гэтай краме райцэнтра праводзіцца рамонт, і Марына Крукоўская атрымала назначэнне на работу ў магазін “Родны кут” № 28. Ён адметны тым, што тут зніжана гандлёвая надбаўка на тавары. Вестка гэта адразу разышлася па горадзе. І зноў у Марыны Міхайлаўны няма недахопу ў наведвальніках. І так жа, як раней, з’явіліся пастаянныя пакупнікі. Марына Крукоўская імкнецца сагрэць іх сваёй прыветлівай умешкай, удзяліць кожнаму ўвагу. Салон магазіна падобны на батанічны сад: упрыгожваюць яго жывыя дэкаратыўныя расліны.       

Гэты магазін заўсёды быў праблемны, таму што на адным пятачку размешчаны прыватная крама і ведамасная — пладова-агародніннага завода, якую цяпер арандуе мясакамбінат. Канешне, у пакупніка ёсць магчымасць выбару. Таму і прымяніла кіраўніцтва рай­спажыўтаварыства гібкую форму гандлю са змяншэннем гандлёвай надбаўкі. І рашэнне гэта своечасовае: магазін дастойна вытрымлівае канкурэнцыю. Марына Крукоўская пастаянна выконвае даведзеныя планавыя заданні. Цяпер старанна рыхтуецца да пераднавагодняга і каляднага гандлю. У яе ёсць жаданне, фантазія, каб упрыгожыць магазін, і ёсць такія выдатныя якасці, як прыветнасць, пачуццё гумару, гасціннасць, каб не адпусціць наведвальніка без пакупкі і падарыць яму добры настрой.

На здымку: Марына КРУКОУСКАЯ

Фота: Васіль ЗЯНЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter