Военные и вертолеты, взрывы и пожары — на «Беларусьфильме» закончили съемки боевика международного размаха

Па дарозе ў Балівуд

На гэтым тыдні «Беларусь­фільм» скончыў здымкі эпізодаў індыйскага баевіка «Атрад». Праект — першая сумесная беларуска-індыйская кінематаграфічная спроба. Пачаліся здымкі ў канцы верасня ў павільёнах і натурнай пляцоўцы кінастудыі, а таксама ў прамысловай зоне Мінска. Стваральнікі абяцаюць за дзве гадзiны хронаметражу даць гледачу мора экшну. Тут вам і ваенныя з тэхнікай, верталёты, самалёты, выбухі, пажары і складаныя трукі. І вядома ж, які індыйскі фільм без рамантычнай лініі і традыцыйных танцаў. Карэспандэнт «Р» заспеў стварэнне фінальных дубляў баевіка.

Праект — першая сумесная беларуска-індыйская кінематаграфічная спроба. 

Сюжэт фільма сцэнарысты закруцілі. Галоўныя героі салдаты Бім і Арыяна разам са сваім спецатрадам павінны выратаваць сямігадовую Мімі. Шукаюць яе па ўсім свеце. У кінастужцы Беларусь адыгрывае i рэальныя краіны Еўропы, і нерэальныя — напрыклад выдуманую Аргонію. І нідзе галоўным героям не рады — вакол ворагі са спецпадраздзяленняў, якія таксама шукаюць Мімі. Прагнуць абмяняць яе на формулу стварэння ўніверсальнага салдата, якую прыдумаў дзядуля дзіцяці.



На некалькі тыдняў натурная пляцоўка «Беларусьфільма» пад Смалявічамі стала філіялам Балівуда. Для розных пра­ектаў тут адбудавана звычайная беларуская вёска. Сёння цэлы дзень здымаюць толькі адзін трук, які стане адной хвілінай фільма. Напярэдадні трук два дні рэпеціравалі ў павільёнах. Паміж двума кранамі нацягнутыя канаты. Галоўны герой магутнымі ўдарамі адкідвае на дзясяткі метраў сваіх праціўнікаў, канаты ў гэтым дзеянні адыгрываюць важную ролю. На этапе мантажу мастакі па графіцы іх выражуць і нават выстралы падмалююць, аж да руху затвораў аўтаматаў. Так што на здымачнай пляцоўцы нават халастымі страляць не даводзіцца, ніякай рызыкі.

Усе каскадзёры на праекце — хлопцы вопытныя, сярод іх былыя афіцэры спецназа, майстры спорту па боксе, каратэ, тхэквандо. 

На пляцоўцы вавілонскае стоўпатварэнне інтэрнацы­яналь­най каманды: індыйскія рэжысёр, аператары, памочнікі зладжана працуюць, маюць зносіны на англійскай мове з нашымі рэ­жы­сёрамі-пас­та­ноўшчыкамі, аператарамі, кас­цюмерамі і тэх­ніч­най групай. Вось пастаноўшчык бою, паляк, правярае карабіны на каска­дзёры:

— Спрабуем.

На пляцоўцы цішыня. Рэжысёр пранізліва камандуе ў мегафон:

— Ван, ту, сры — экшн!

Грымёры: адзенне акцёраў не пэцкаецца, слядоў збівання няма — ні крыві, ні нават сінякоў. 

Пасля дубля рэжысёр падышоў да мяне і настойліва папрасіў не здымаць пратаганіста, яго чорны касцюм, маўляў, камерцыйная тайна.

Пратаганіст нязломны ды бязлітасны да праціўнікаў. Любіць пакруціць людзей у паветры. Рэалізм — гэта не пра індыйскі баявік, ад удару кулаком праломвае сцены, рве метал. Пасля кожнай сцэны бойні грымёр папраўляе прычоску галоўнаму герою. Дождж, вецер, удары — яго прычоска заўсёды застаецца ідэальнай. Трэба разумець, што індыйскае кіно па-добраму гіпертрафіраванае. Бойкі, дзе ад удараў лётаюць людзі па пляцоўцы, выглядаюць неяк негвалтоўнымі — адзенне акцёраў не пэцкаецца, слядоў збівання няма — ні крыві, ні нават сінякоў. Галоўны герой — моцны кітаец, пад два метры ростам, пра такіх яшчэ кажуць — рама. Знайшлі яму дублёра з нашых каскадзёраў. У гэтай сцэне ён без патрэбы, а так і трукі, і бойкі, і стральба на ім.

Галоўны герой магутнымі ўдарамі адкідвае на дзясяткі метраў сваіх праціўнікаў.

Разгаварыўся з каардынатарам трукавых сцэн на праекце Раманам Каралёвым, ён жа старшыня гільдыі каскадзёраў Беларускага саюза кінематаграфістаў:

— Усе каскадзёры на праекце — хлопцы вопытныя, сярод іх былыя афіцэры спецназа, майстры спорту па боксе, каратэ, тхэквандо. Яны па-майстэрску валодаюць сцэнічным рухам са зброяй — правільна трымаюць яе і прыводзяць у баявое становішча, аглядаюць памяшканні.

Сёння цэлы дзень здымаюць толькі адзін трук, які стане адной хвілінай фільма. 

На пляцоўцы дзяжураць медыкі. Прафесіяналы на тое і ёсць, каб працаваць без траўм, але ўсё ж перастрахавацца не перашкодзіць. Раман Каралёў удакладняе:

— Траўмы здараюцца, калі каскадзёр на элементарным труку расслабляецца, імправізуе ці не надзеў засцярогу. Сцэны дзеляцца па пунктах — куды прыйсці, як упасці. Накаленнікі і налакотнікі абавязковыя, на жываце і грудзях актыўная засцярога, аблягае цела, з-пад вопраткі не тырчыць. Яна актыўна сустракае ўдар і размяркоўвае яго па ўсёй плошчы цела.

Стваральнікі абяцаюць за дзве гадзiны хронаметражу даць гледачу мора экшну.

ikras@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter