Сярод слухачоў Трэцяй міжнароднай летняй школы беларусістыкі былі супляменнікі з Самары

Па-беларуску — цікава

Ірына Глуская і Мікалай Бойка
Пра ўдзел прэзідэнта Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірыны Глускай і кіраўніка прэс-службы суполкі, галоўнага рэдак­тара часопіса “Адзiнст­ва/Единство” Мікалая Бойкі ў Школе беларусістыкі напісала ў рэдакцыю Юлія Цяплянская. “Поўнае паглыбленне ў моўнае асяроддзе, вывучэнне асаблівасцяў гутарковай мовы, практыка зносін па-беларуску, сустрэчы з лінгвістамі, дзеячамі культуры, усталяванне сяброў­скіх стасункаў з іншымі ўдзельнікамі — усё гэта для беларусаў з замежжа  вельмі цікава”, — прыведзены ў пісьме словы Ірыны Глускай.


З Мікалаем Бойкам я звязалася пад час вучобы ў Мінску па тэлефоне, ён казаў: “Навучаемся ў групе для “прасунутых” слухачоў. Цікавыя лекцыі! Мне спадабалася, напры
клад, сустрэча з Галінай Басавай, дацэнтам з Інстытута журналістыкі БДУ. Яна так захапляльна расказвала, як па-сучаснаму падаваць інфармацыю — ажно мне зноў захацелася павучыцца... Кожны дзень для нас — экскурсіі: пешаходная па Мінску, у музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Нацыянальную бібліятэку, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Лошыцкі парк... На два дні ездзілі ў Полацк. Вельмі ўразіў там універсітэт. Салідная навучальная ўстанова еўрапейскага ўзроўню”.

Ірына Глуская таксама падзялілася ўражаннямі: “Школа беларусістыкі — вельмі цікавы, важны і патрэбны праект. Запрашэнне паўдзельнічаць у ім атрымалі ад яго арганізатараў — з кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, а пасля і з Аддзялення Пасольства Беларусі ў Самары. Не шкадуем, што прыехалі. Хацелася б, праўда, каб у будучыні для беларусаў замежжа была ўтворана асобная група: узровень ведання мовы ў нас іншы, інтарэсы...”

У Мінску Ірына Глуская і Мікалай Бойка пазнаёміліся з дырэктаркай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненкай, сустракаліся з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам, былі ў адміністрацыі Завадскога раёна Мінска, дамова аб супрацоўніцтве з якім падпісана ў суполкі ў 2014 годзе. Завіталі на прадпрыемства народных рамёстваў “Скарбніца”: абмеркавалі там дызайн будучых сцэнічных касцюмаў для артыстаў ансамбля “Каданс”.

Дарэчы. Слухачамі чарговай Школы беларусістыкі сталі 44 прадстаўнікі з 18 краін. Ладзілі мерапрыемства БДУ, МДЛУ і кафедра маладзёжнай палі­тыкі і сацыякультурных каму­ні­кацый РІВШ. Прымеркавана Школа да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Прыехалі госці з Індыі, Украіны, Японіі, Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Кітая, Расіі, Грузіі, ЗША, Інданэзіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Сербіі ды Швецыі. Навучанне праходзіла па трох праграмах рознай цяжкасці, уключала лекцыйныя і практычныя заняткі. Асобны блок прысвячаўся знаёмству з выдавецкай дзейнасцю Францыска Скарыны.

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter