У ІІ Міжнародную летнюю школу беларусістыкі ўжо запісваюцца слухачы нават з Інданэзіі, а для беларусаў замежжа ствараецца сёлета асобная група

Па-беларуску — цікава!

У ІІ Міжнародную летнюю школу беларусістыкі ўжо запісваюцца слухачы нават з Інданэзіі, а для беларусаў замежжа ствараецца сёлета асобная група


Акаш Іштван Пошта з Венгрыі ды Рубен Бівальд з Германіі

Толькі 3,6 адсотка з усіх моваў свету “жывыя” для інтэрнэта — звесткі пра тое неяк знайшла ў глабальнай павуціне. Астатнія 96,4, сцвярджаюць спецыялісты, там не выкарыстоўваюцца. Беларускай мове пашчасціла: яна ў трэндзе. Аднак не сакрэт, што ў Беларусі з дзвюх дзяржаўных моваў перавагу пакуль аддаюць рускай. Таму і доўжацца спрэчкі ў розных асяродках: ці будзе ўжывацца родная мова беларусаў праз дзесяцігоддзі? Адзін з промняў надзеі, на мой погляд, бліснуў летась — з аднаўленнем у Мінску першай Міжнароднай летняй школы беларусістыкі. У ёй навучаліся размаўляць па-беларуску нават ахвочыя з Японіі. Ладзіў двухтыднёвую стажыроўку Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.

У 2015-м у Мінск прыехалі 30 чалавек — госці з Венгрыі, Германіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі, Японіі. Яны не толькі вывучалі беларускую мову, але і знаёміліся з культурай краіны: пабывалі ў Заслаўі ды Вязынцы, Мікалаеўшчыне і Нясвіжы. Агледзелі Мінск і даведаліся пра легенды горада. “Для першага разу колькасць навучэнцаў была дастатковаю, — лічыць загадчыца кафедры маладзёжнай палітыкі ды сацыякультурных камунікацый РІВШ Людміла Кажухоўская. — У залежнасці ад падрыхтоўкі гасцей падзялілі на групы: “Пачаткоўцы”, “Гаворым па-беларуску” і “Удасканальваем беларускае маўленне”. Асабліва запомніліся Людміле слухачы групы з павышаным узроўнем навучання: японка Сіёры Кіёсава, якая факультатыўна выкладае беларускую мову ў Цукубскім універсітэце; чэх Адам Фалбер, які цікавіцца этнафразеалогіяй беларускай мовы; немец Рубен Бівальд, які вывучае сучасную беларускую мову для таго, каб разумець старабеларускую, і аналізуе Статут Вялікага Княства Літоўскага.


Дыплом атрымала А. Палянская з Расіі

Валанцёр з БДУ П. Бранавец

Сувязь з выпуснікамі І летняй школы на кафедры падтрымліваецца. Так, Сіёры Кіёсава даслала нядаўна прыемную навіну: у Японіі выдадзены дапаможнік па беларускай мове. Слухач з Венгрыі Акаш Іштван Пошта, будучы журналіст, напісаў у газеце “Magyar Nemzet”, адной з цэнтральных у краіне, цудоўны артыкул пра Беларусь, яскрава перадаў у ім свае ўражанні. “Мы ахвотна падтрымліваем пачынанні вучняў, іх незвычайныя і вельмі карысныя праекты, — кажа Людміла Кажухоўская. — Дапамагаем метадычнымі распрацоўкамі, калі трэба — праводзім віртуальныя кансультацыі. Актыўна “посцім” спасылкі на іх навуковыя артыкулы ў інтэрнэце”. Дарэчы, інфармацыя пра Міжнародную летнюю школу беларусістыкі ёсць на сайце РІВШ,  на старонцы кафедры ў фэйсбуку. Там — шмат фота, відэазапісаў, нават фільм, зняты слухачамі. А на партале https://www.youtube.com можна знайсці відэасюжэт, як Рубен Бівальд і Сіёры Кіёсава размаўляюць па-беларуску. І праглядаў ужо — больш за тысячу!

Цікавае супрацоўніцтва наладжана ў РІВШ з кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта: намеснік яе кіраўніка Радаслаў Калета быў летась сярод навучэнцаў школы. І ўжо гатовы сучасны падручнік па беларускай мове як замежнай для палякаў. Дарэчы, сёлета на першым курсе беларусістыцы ў Варшаве навучаюцца 40 чалавек, ёсць сярод іх і расіянка, і літовец.  А ў снежні ва ўніверсітэце прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь у навуковым дыскурсе”. У сакавіку ж там пачалі працаваць курсы па беларускай мове, іспыты пасля якіх будуць прымаць і выкладчыкі РІВШ, а сертыфікаты аб праходжанні навучання слухачы ўпершыню атрымаюць дзяржаўнага —беларускага — узору.


Размаўляць па-беларуску вучыліся ахвочыя з розных краін

Ініцыятар стварэння Летняй школы беларусістыкі, аўтар навучальнага курса па беларускай мове для замежнікаў, прафесар кафедры мала-дзёжнай палітыкі ды сацыякультурных камунікацый РІВШ Лідзія Сямешка спа-дзяецца: школа будзе запатрабаванаю. “Міжнародныя лінгвістычныя летнія школы — агульнапрынятая практыка вывучэння моў, далучэння да культуры і гісторыі народа, — гаворыць Лідзія Іванаўна. — Такая традыцыя ёсць і ў Беларусі: распачынаўся праект яшчэ ў 90-я. Прыемна, што ён аднаўляецца”. Прычым актыўна ўдзельнічаюць у ім і беларускія студэнты — з філалагічнага факультэта БДУ, з МДЛУ. Яны працуюць валанцёрамі: дапамагаюць ладзіць інтэрактыўныя заняткі, суправаджаюць замежнікаў пад час экскурсій, бавяць з імі вольны час. “Немагчыма навучыць беларускаму маўленню без выкарыстання інтэрактыўных методык: круглых сталоў, звычайных жыццёвых гутарак, сустрэч, — лічыць Лідзія Сямешка. — Мова — гэта не толькі сістэма знакаў, семантычных структур ды граматычных канструкцый. Гэта і пэўная прастора. І мы стараліся зрабіць усё, каб нашы сябры цалкам пагрузіліся ў яе”. Па водгуках навучэнцаў: удалося! Госці разам з гаспадарамі нават пяклі на кухні гасцініцы РІВШ, дзе жылі, смачныя дранікі, спявалі па-беларуску, танчылі...

Падавайце заяўкі!

З сакавіка распачаты набор слухачоў у ІІ Міжнародную летнюю школу беларусістыкі. Разасланы запрашэнні ва ўсе цэнтры беларускай культуры па свеце, інфармацыя перадаецца праз пасольствы Беларусі, штодзень абнаўляюцца аб’явы ў інтэрнэце. І ахвочыя ўжо ёсць. Па словах каардынатара праекта Святланы Макоўчык, заяўкі дасланы з Расіі, Польшчы, Украіны, Іспаніі. Цікавяцца нават у Інданэзіі... Чакаюць у школе і беларусаў замежжа: для іх, абяцаюць, будзе створана асобная група.

Сёлета, гаворыць Людміла Кажухоўская, колькасць навучэнцаў не абмяжоўваецца: арганізатары гатовы прыняць усіх ахвочых. Бо да праекта далучылася Мінадукацыі Беларусі, спонсарам выступае Альфабанк. Так што ўсе ахвочыя будуць залічаны, а культурная праграма стане яшчэ больш насычанаю: да ўжо адпрацаваных экскурсій плануюць дадаць паездкі ў Полацк і Ліду.

Заяўкі на ўдзел у школе дасылайце да 2 мая 2016 года на адрас: Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы”, вул. Маскоўская, 15, каб. 321. 220007, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь ці на e-mail: kmpnihe@mail.ru. Поўную інфарамацыю пра моўную стажыроўку можна знайсці на сайце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter