Па адзенні сустракаюць

У Гомелі адкрылася выстаўка традыцыйнага касцюма паўднёва-ўсходняй Беларусі

У Гомелі працуе выстаўка традыцыйнага касцюма жыхароў паўднёва-ўсходняй Беларусі

Выстаўка аўтэнтычнага нацыянальнага адзення пад назвай “Рэчыцкі народны касцюм у мастацкай традыцыі Гомельшчыны” адкрылася ў зале галоўнага корпуса Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Скарыны.

На ёй прадстаўлена традыцыйнае адзенне жыхароў паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі, што знаходзіцца ў фондах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Веткаўскага краязнаўчага музея. Ініцыятарамі арганізацыі выстаўкі выступілі студэнты-старшакурснікі філалагічнага факультэта на чале з пяцікурснікам Пятром Цалкам і супрацоўнікі кафедры беларускай культуры. Наведвальнікі цікавай экспазіцыі таксама могуць убачыць тут прадметы сялянскага быту, якія сабралі ў вандроўках на практыцы ўдзельнікі фальклорна-этнаграфічнага гуртка “Падарожнік”, цікавыя фотаздымкі, прадстаўленыя на выстаўцы ўдзельнікамі краязнаўчай грамадскай суполкі “Талака”. Дарэчы, краязнаўцы прымалі ўдзел у адкрыцці выстаўкі, выканаўшы перад прысутнымі некалькі народных танцаў і песень пад акампанемент дуды. Выстаўка працягне работу да канца наступнага тыдня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter