Народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў па праве лічыцца самым тытулаваным піяністам нашай краіны

Піяніст на ўсе рукі

Народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў па праве лічыцца самым тытулаваным піяністам нашай краіны. Ён шмат і з поспехам гастралюе. Выступае з сольнымі фартэпіяннымі і арганнымі праграмамі, іграе ў ансамблях з вядомымі музыкантамі і аркестрамі. Акрамя канцэртнай дзейнасці стварае транскрыпцыі, пераўвасабленні для фартэпіяна твораў Баха, Брамса, Рахманінава, Чайкоўскага. Больш за чвэрць стагоддзя выкладае, дае майстар-класы ў акадэміі музыкі.



На маладзёжным музычным форуме «Мінская вясна-2015», які праходзіць у гэтыя дні на сцэне філармоніі, Ігар Алоўнікаў даваў канцэрт разам з адной са сваіх лепшых вучаніц лаўрэатам міжнародных конкурсаў Марынай Клімовіч-Кулаў. Ігралі віртуозна — сольна, і ў чатыры рукі, і на двух фартэпіяна.

— Ігар Уладзіміравіч, нашу фартэпіянную школу па-ранейшаму лічаць адной з самых моцных у Еўропе?

— Яна зарэкамендавала  ся-бе такой і працягвае з поспехам заяўляць пра сябе  20—30 апошніх гадоў дзякуючы выступленням нашых студэнтаў на міжнародных конкурсах, фестывалях і майстар-класах. Еўрапейцы ўсё больш пра нас даведваюцца і ўсё больш паважаюць.

— Але я чула, што прафесар Алоўнікаў не надта любіць конкурсы.

— Я ніколі ў выхаванні музыкантаў не рабіў стаўку на міжнародныя конкурсы. Больш за тое, заўсёды кажу пра іх недахопы. На жаль, конкурсы не могуць быць справядлівымi. Не таму, што журы нядобрае, хоць і такое бывае. Але галоўнае — ацэнка не можа быць аб’ектыўнай па вызначэнні: гэта ж музыка, і кожны ўспрымае яе па-свойму. Я стараюся развіваць сваіх вучняў у іншым накірунку. Адкрытыя канцэрты, сустрэчы з публікай — вось тое, што трэба музыканту, калі ён хоча расці. Вучыцца іграць ярка, цікава, выразна, адчуваць аўдыторыю, разнастайна складаць праграму, каб публіцы падабалася. 

Тонкасць, пошук, унутраная складанасць заўсёды звязаны з нейкім недахопам знешняга бляску. Але менавіта такія не конкурсныя музыканты для мяне ў сто разоў мацней за іншых лаўрэатаў.

— Многія нашы музыканты з’язджаюць працаваць за мяжу. Што думаеце пра гэта?

— А рынак і не павінен абмяжоўвацца рэспублікай. Вось цяпер шмат кажуць у эканоміцы пра экспарт нашай прадукцыі. А што ж музыка, мастацтва? Месца са-ліста ў філармоніі адно, а заканчваюць кансерваторыю 40 чалавек штогод. Дзе ім працаваць? Можа, яны стануць канцэртмайстрамі ў музычных школах, але тады навошта вучыцца ў кансерваторыі? І потым, моладзі, канешне, трэба паглядзець свет, паездзіць, павучыцца ў розных месцах. Дарэчы, многія пераконваюцца, што не так ужо там і добра, і ўладкавацца ў жыцці, знайсці сябе, сваю сям’ю лепш на радзіме. Так што ў музычным экспарце нічога страшнага, на мой погляд, няма, да таго ж прадстаўляюць гэтыя маладыя артысты нашу дзяржаву.

— За канцэртным раялем вы з дзяцінства. У дзевяць ужо выступалі на вялікай сцэне, у адзінаццаць ігралі з вялікім сімфанічным аркестрам. Патомны музыкант, сын знакамітага кампазітара Уладзіміра Алоўнікава і спявачкі Ларысы Ілюковіч. Прафесія была для вас наканаваная?

— Сапраўды, не ўзгадаю, каб на сямейным савеце калі-небудзь абмяркоўвалі, кім мне быць і што мяне больш прыцягвае.

— А прыцягвала нешта іншае, не музыка?

— У старэйшых класах — фізіка, астраномія, захапляўся хіміяй, матэматыкай, усялякімі галаваломкамі. Прыцягвалі прыродазнаўчыя навукі, тэхніка. Любіў пася-дзець з паяльнікам над нейкай схемай, чытаў часопіс «Радыё». Няма чаго граху таіць, і сёння час, калі сяджу з паяльнікам, пралятае, як адно імгненне.

— Калі не сакрэт, што паяеце?

— Раблю сам святлодыёдную падсветку пакоя. Да таго ж хачу, каб яна была каляровая і яркая, таму шмат эксперыментую. Наогул, у побыце на кожным кроку патрэбныя ўмелыя рукі. Жыццё паказвае, каб не бегаць па дапамогу ў ЖЭС, нікога там не прасіць, лепш усё рабіць самому, чым я з задавальненнем і займаюся — рамантую электроніку, электрапрыборы, сантэхніку.

—  А як жа рукі? Піяністу іх трэба берагчы.

— Мае рукі працы не баяцца. Я лічу, яна іх толькі ўмацоўвае, загартоўвае і дапамагае іграць на раялі.

—  Па колькі гадзін вы займаецеся штодзень?

—  Я няўседлівы з дзяцінства. Нешта ад гэтага, на жаль, засталося і дасюль. Сказаць, што займаюся кожны дзень, я наогул не магу, я ж яшчэ і выкладаю.

— Значыць, суседзяў сваёй ігрой не надта стамляеце?

— О, гэта праблема — суседзі зверху, знізу, збоку — яна ўзнікае ў кожнага музыканта, які займаецца дома. Але ўсё можна ўрэгуляваць. Я займаюся цяпер у любы час, калі захачу, і нікому не перашка-джаю. Купіў электроннае фартэпіяна, там усё зроблена для імітацыі сапраўднага гуку раяля. Надзяваю навушнікі і іграю. Мне падабаецца, што мяне ніхто не чуе. І суседзі, дамашнія — шчаслівыя.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter