Піяніна «грае» толькі летам

ПРА ВЁСКУ з незвычайнай назвай даведалася так — трапіла на цікавую аб’яву ў Інтэрнэце: «Шукаю рэпетытара па фартэпіяна ў вёсцы Піяніна». Як такое можа быць? У вёсцы з такой музычнай назвай амаль у кожным двары павінны жыць музыкі. Гэты населены пункт я знайшла ў Дзяржынскім раёне, што ў 47 кіламетрах ад Мінска і 20 — ад Дзяржынска. Вёска ганарыстая, стаіць на высокім пагорку. Здаецца, Піяніна не хапіла ўсяго некалькі высокіх нотак, каб пераняць права называцца найвышэйшай кропкай Беларусі ў другой вёскі Дзяржынскага раёна — Скірмунтава.

Разам з жыхарамі карэспандэнт «БН» дакапаўся да зусім не музычных каранёў і праблем гэтай дзяржынскай вёскі

ПРА ВЁСКУ з незвычайнай назвай даведалася так — трапіла на цікавую аб’яву ў Інтэрнэце: «Шукаю рэпетытара па фартэпіяна ў вёсцы Піяніна». Як такое можа быць? У вёсцы з такой музычнай назвай амаль у кожным двары павінны жыць музыкі. Гэты населены пункт я знайшла ў Дзяржынскім раёне, што ў 47 кіламетрах ад Мінска і 20 — ад Дзяржынска. Вёска ганарыстая, стаіць на высокім пагорку. Здаецца, Піяніна не хапіла ўсяго некалькі высокіх нотак, каб пераняць права называцца найвышэйшай кропкай Беларусі ў другой вёскі Дзяржынскага раёна — Скірмунтава.

У ВЁСЦЫ адна вуліца, і тая без назвы. Проста нумары дамоў. Тых, дзе цепліцца жыццё, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Летапіс вёскі не вёўся, а можа, які піянінскі энтузіяст і пісаў, ды важны гістарычны дакумент да нашых часоў не ўцалеў. Аб ёй знаходжу некалькі радкоў у кнізе «Памяць»: «Вёска Піяніна. У пачатку ХХ стагоддзя — Койданаўская воласць, Мінскі павет, 10 двароў, пражывае 77 жыхароў. У 1991 годзе налічвалася 11 двароў і 24 жыхары, у пачатку 2004-га — 7 двароў і 21 жыхар». Мясцовыя жыхары і сяляне з суседніх вёсак гавораць, што Піяніна заўжды было невялічкім і з’явілася ў сталыпінскія часы, калі сяляне атрымалі ва ўласнасць зямлю і права яе самастойна, а не ў абшчынах, абрабляць. Многія помняць: вёска заможная была, і што ні двор, то багацеі жылі. Дзяўчаты выходзілі замуж у Піяніна па разліку, смяяліся сяляне.

Вельмі ўдала некалі ў Піяніна сасваталі Адальфіну Бандарык з суседняга Крыштафова. Праўда, смяецца 90-гадовая жыхарка Піяніна, замуж выходзіла па вялікаму каханню, а не з-за грошай.

— Бронька на танцы ў наш крыштафоўскі клуб прыязджаў, вось і пазнаёміліся. Мне яшчэ і 18 гадоў не было, а ён у сельсавет цягнуў распісацца, — расказвае доўгажыхарка. — Свёкра свайго не застала, казалі, раскулачылі яго і ў Сібір выслалі. Спачатку жылі ў мужнінай хаце, а ў гады вайны спалілі яе, бо брат мужа ў партызаны пайшоў. Так адбудавалі мы на былым месцы з Бронькам новую.

Сёння Галіна Бандарык — старэйшая жыхарка Піяніна. Наконт назвы вёскі ў жанчыны сваё меркаванне:

— Неяк мае дзеці прыйшлі са школы з заданнем напісаць сачыненне пра тое, як узнікла Піяніна. Я з ходу прыдумала: на месцы Піяніна быў густы непраходны лес. Яго высяклі, засталіся пні. Так вёску празвалі Пеніна, а ўжо пасля з Пеніна стала Піяніна.

ДАРЭЧЫ, Галіна Іванаўна і сама не спадзявалася, што яе версія блізкая да праўды. 54-гадовы Мікалай Нарэйка ў Мінску жыве з 1969 года, праўда, сам родам з зусім блізкай да Піяніна вёскі Марцінавічы. Нягледзячы на тое, што мужчына займаецца зусім не рамантычнай электрыкай, у спісе яго захапленняў — гісторыя.

— Я даўно марыў аб тым, каб стварыць сваё дрэва жыцця, — дзеліцца Мікалай Іванавіч. — У пошуку сваіх каранёў дайшоў да чацвёртага калена, і мне здаецца, што і ў Піяніна некалі жыла мая радня.

У Мікалая Нарэйкі найцікавейшая знаходка — фотаздымак карты часткі былой Койданаўскай воласці. Карта датуецца аж 1896 годам. А там зусім побач с буйнымі Навасадамі, Марцінавічамі невялічкая вёска… Пеніна. Менавіта Пеніна, ці «Пенино» па-руску. Вось і выходзіць, што яшчэ ў 1896 годзе ніякага Піяніна і на слыху не было, а звалася вёска Пенінай.

— Мне здаецца, што вёску перайменавалі ў савецкія часы. Тады многія вёскі атрымалі гучныя патрыятычныя назвы, такія як Чырвоная Змена, Вызваленне. Вось і звычайнае Пеніна стала мілагучным Піяніна, — разважае галоўны рэдактар дзяржынскай раённай газеты «Узвышша» Алена Стэльмах.

Алена Анатольеўна нарадзілася ў суседніх Навасадах, Піяніна ад іх — усяго ў 2 кіламетрах. Навасады вядомыя з XVIII стагоддзя, там знаходзіўся цэнтр калгаса і былі ў ім сельсавет, магазін, пошта, клуб, школа граматы, праваслаўная царква. Піянінскія ў Навасадах бывалі амаль штодзень: хто на рабоце, хто на вучобе, хто па справах, хто за прадуктамі. Маленькая вёсачка Піяніна такой развітай інфраструктурай, як Навасады, пахваліцца не магла.

— Я памятаю вёску Піяніна са свайго маленства. Хлопцы прыходзілі ў наш магазін, вечарамі — на пасядзелкі. Ды й сама з роднымі бывала ў суседнім Піяніна. Вёска заўжды была невялікай і немнагалюднай, — успамінае галоўны рэдактар раённай газеты.

Алена Стэльмах глыбока вывучала творчасць і біяграфію вядомага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Каруся Каганца. І дакладна ведае, што ў Навасадах жыла радня жонкі Каруся Ганны Пракаповіч. Беларускі рэвалюцыянер некаторы час жыў і працаваў на жончынай радзіме, настаўнічаў у Навасадскай школе. Верагоднасць таго, што нага Каганца ступала ў вёсцы Піяніна, вельмі вялікая.

РАЗГЛЯДАЕМ старадаўнюю карту 1896 года са старшынёй Дзямідавіцкага сельвыканкама, у склад якога ўваходзіць Піяніна, Анатолем Ліпскім. Многія населеныя пункты на карце каля Піяніна даўным-даўно зніклі — Круты Бераг, Хмелеўка, Разаны, Балоцічы, Рудоды, Таўкачоўшчызна, Ёўтары.

— Гэта былі невялікія хутары да савецкіх часоў, жылі на іх адна-дзве, часам тры сям’і. Прыйшлі Саветы — хутаран высялялі ў больш-менш буйныя вёскі, у калектыў, так сказаць, — гаворыць кіраўнік спраў сельвыканкама Раіса Калодніч.

— Няўжо хутка і Піяніна застанецца толькі на старадаўняй карце?

— Гэта на зіму вёска пусцее, толькі ў трох-чатырох хатах вечарамі гарыць святло. Улетку прыязджаюць дачнікі, Піяніна ажывае. Дзеці бегаюць, гарэзуюць, а я ў агародзе корпаюся, — расказвае пра вёску ўлетку 90-гадовая доўгажыхарка Адальфіна Бандарык.

Каля хаты пенсіянеркі шмат кветак. Адцвітае паўзучая ружа, з-за плоту выглядаюць кусты белых, фіялетавых хрызантэмаў. Толькі праца на зямлі, прызнаецца жанчына, не дае ёй пакінуць гэты свет.

— У Піяніна жыву каля 70 гадоў, і для мяне яно стала дзякуючы мужу Броньку родным. Тут мы выгадавалі траіх дзяцей, зараз мяне даглядае сын Жэня. Вось збіраецца на зіму да сябе, у Дзяржынск, забраць. Кажа, так яму спакайней будзе, баіцца, што замерзну, а мне без роднай хаты і вёскі не перазімаваць, — хвалюецца Адальфіна Антонаўна.

— Няўжо ў вёсцы ніхто не іграе на піяніна? — пытаюся ў доўгажыхаркі.

— Якое там! Былі раней у вёсцы музыкі. Памятаю Кашынскага, на цымбалах іграў, яшчэ два мужчыны на скрыпцы і гармоніку рэзалі. Усе вяселлі ў Піяніна праходзілі пад іх акампанемент. А вось піяністаў у нашай вёсцы не памятаю на сваім вяку, — прызнаецца Адальфіна Антонаўна.

Вёска сапраўды была багатай. Трое дзяцей Бандарыкаў, па словах жанчыны, не галадалі, не тое, што ў другіх — з крапівы суп варылі. Бо Браніслаў рабіў у калгасе на трактары, і грошы плацілі, і мукі мяшок кожны месяц выдзялялі. Маглі дазволіць сабе хлеба купіць. Карову, свіней, авечак трымалі і працавалі дзень і ноч.

— Прыязджаюць дачніцы, у калясках увесь дзень дзяцей па вуліцы возяць. А нам так з дзецьмі важдацца не было калі: трэба прасці, ткаць, гаспадарку даглядаць. І дзеці працавалі ўпоравень з дарослымі: авечак пасвілі, яблыкі збіралі, у агародзе памагалі, — успамінае Адальфіна Бандарык. — І, слава Богу, выраслі не горшыя за сучасных, і працавітыя, і выхаваныя.

ІДЗЁМ па піянінскай вуліцы разам са старшынёй сельвыканкама. Бачу: прама на дарозе гуляюць дзеці. «А вы казалі, што ў вёсцы амаль нікога не засталося!» — папракаю Анатоля Ліпскага.

— Гэта ўнучкі мае — Каця, Ксюша і Карына прыехалі на канікулы, — сустракае нас жыхарка Піяніна Марына Тарайковіч, маці пяцярых дзяцей. — Дзеці параз’язджаліся, хто ўжо працуе, хто вучыцца, а мне толькі ўнукаў падкідваюць, каб дапамагала гадаваць.

Марына Аркадзьеўна многа гадоў працавала даяркай, зараз жыве за кошт уласнай гаспадаркі. У хляве — куры, качкі, трусы, козы, конь. Раней, да чумы, па 10 і больш свіней трымала. Зараз вырошчвае капусту, бульбу, садавіну на продаж.

— Ніхто ў нас не іграе на піяніна, музычнай школы тут не было, у бліжэйшых вёсках таксама, а самавучак няма. Пакуль Мілюкі не паўміралі,  а яны ўмела гралі на баянах, кожны год хадзілі па хатах калядаваць. Спявалі, весяліліся. Зараз вёска ажывае толькі летам, калі ў хаты памерлых бацькоў прыязджаюць з гарадоў дзеці ці дачнікі, — расказвае жанчына.

Сядзяць на лаўцы далей па вуліцы састарэлыя муж і жонка Самусенкі, грэюцца пад няшчодрым асеннім сонцам. Агарод прыбраны, сад да зімы падрыхтаваны, гаспадарка дагледжана, на работу спяшацца не трэба — самі ўжо даўно на пенсіі. У гаражы любімая «ластаўка» Аляксандра Самусенкі — «Масквіч». Калі трэба ў горад — ніякіх праблем, завёў і паехаў.

Аўталаўка (і нават дзве — дзяржынская і мінская) прыязджаюць чатыры разы на тыдзень, колькі трэба на дваіх тых прадуктаў?!

— Ой, столькі ў нас закінутых, забытых участкаў у Піяніна, бяда. Зямля тут харошая, ураджайная, ды прападае, — вядзе гаспадар па сваім участку. — Агарод чысты, дагледжаны, цяпліца на зіму закрыта. — Вось, паглядзіце на суседскі ўчастак — трава ў рост чалавека. Вецер дзьме — і ўсё пустазелле ляціць на наш агарод, няма сіл з ім ваяваць.

Аляксандр Самусенка паказвае свае запасы яблыкаў на зіму, некалькі штук кладзе  мне ў сумку. Самім старым ураджай не з’есці, затое з горада прыязджаюць сын, дачка, унук і нават праўнук — будзе чым пачаставаць.

Так за гадзіны дзве мы са старшынёй сельвыканкама абышлі ўсё Піяніна. Вёска хоць і малая, але жывапісная. Прама з дарогі — пакацісты схіл, там лясок, у ім ручэй, б’е крынічка з чыстай сцюдзёнай вадой. Раней, успамінаюць сяляне, рыбу кашамі лавілі.

Пасялілася нядаўна ў вёсцы мнагадзетная сям’я, праўда, мясцовыя пра іх ведаюць мала. Участак абняслі высокім плотам — сяляне да такога не прывыклі, каб хавацца ад людзей за высокай агароджай. І адносяцца да іх насцярожана, як і да любых прыезджых.

УВОГУЛЕ, колькі ні пыталася, усе жыхары Піяніна сцвярджаюць: няма ў назве гісторыі іх малой радзімы музычных каранёў. І не толькі музыкаў, ужо і звычайных жыхароў засталося няшмат. Пень — вось што дало назву цікаваму мястэчку. На жаль, ніхто не помніць, як Пеніна ператварылася ў Піяніна, але сваёй назвай і вёскай жыхары ганарацца.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter