Прайшоў Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2015»

Пісьменнікі ўпадабалі Палессе

У ГОМЕЛІ і Ельскім раёне прайшоў Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2015», у якім узялі ўдзел звыш 70 як вядомых, так і маладых літаратараў Беларусі, Расіі і Украіны.


Прымеркаванае да 10-годдзя Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» міжнароднае свята стартавала ў абласной бібліятэцы імя Леніна, а потым прадоужылася ў Ельскім раёне, дзе пісьменнікі пазнаёміліся з яго спадчынай і культурнымі традыцыямі. Вельмі хвалюючая сустрэча адбылася ў дапаможнай школе-інтэрнаце, дзе творча працуюць дзеля дзяцей, што патрапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, педагогі, выхавальнікі на чале з дырэктарам і педагогам Якавам Ліпскім.

Дарэчы, моцна падтрымлівае школу-інтэрнат і яе выхаванцаў КСУП «Саўгас «Камуніст», а кіраўніка гаспадаркі Рыгора Бабчанка тут з любоўю называюць другім дырэктарам школы. Усе любяць і яго вобразную, самабытную, простую, але кранаючую душу і сэрца паэзію!

А крыху пазней на сцэне вясковага Дома культуры паэту Рыгору Бабчанку быў уручаны білет члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, памятны юбілейны знак з нагоды дзесяцігоддзя Гомельскага аддзялення СПБ, дыплом Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усё заслужана. Бо ўсё жыццё гэты творца жыве з людзьмі, клапоціцца пра іх, пра родную зямлю, прысвячае землякам свае самабытныя творы. Завяршыўся ж міжнародны фестываль цудоўным канцэртам, які падрыхтавалі самадзейныя артысты Зашырскага цэнтра культуры і спорту.

Уладзімір ПРЫАЗЁРНЫ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter