«Ноч літаратуры», прымеркаваная да Міжнароднага дня паэзіі, пройдзе 19 сакавіка

Пішы, як Купала

«Ноч літаратуры», прымеркаваная да Міжнароднага дня паэзіі, пройдзе 19 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы
«Ноч літаратуры», прымеркаваная да Міжнароднага дня паэзіі, пройдзе 19 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Цэнтральнай па-дзеяй стане прэзентацыя камп’ютарнага шрыфту piasniar, які цалкам узнаўляе почырк народнага паэта Беларусі. 



Загадчык музейнага аддзела культурна-адукацыйнай работы Вольга Пархімовіч гаворыць, што праца над гэтым праектам доўжылася чатыры месяцы. А пачалося ўсё з таго, што ў музей завітаў малады прафесійны дызайнер Павел Мінкевіч, які прапанаваў зрабіць камп’ютарны шрыфт Купалы па аналогіі са шрыфтам Kobzar KS, створаным ва Украіне ў гонар 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі. Першае, чым пацікавіліся музейшчыкі, — колькі будзе каштаваць. І пачулі адказ: нічога, хіба толькі прадаставіць узоры почырку Песняра, на якія можна арыентавацца. 

Асновай для стварэння шрыфту абралі рукапісны варыянт трэцяга зборніка вершаў Янкі Купалы «Шляхам жыцця», які захоўваецца ў фондах музея. 

У выніку атрымаўся шрыфт з усімі неабходнымі элементамі сучаснага лічбавага дызайну. На першым этапе карыстальнікам прапануюць кірылічны варыянт, але распрацавана ўжо і лацінка.

На сайце можна будзе таксама прачытаць гісторыю стварэння шрыфту, даведацца, у чым яго каштоўнасць, для чаго ён патрэбны, чым цікавы беларусам і не толькі. Там жа жадаючыя змогуць заказаць сувенірную прадукцыю з прынтам почырку Купалы і паглядзець прэзентацыйны ролік. Над ім, дарэчы, працавала студэнтка 5-га курса Інстытута сучасных ведаў Тамара Захарэвіч. Гэта дыпломная работа будучага дызайнера. 

Варта адзначыць, што ўсе, хто далучыўся да стварэння праекта, працавалі добрачынна. Вольга Пархiмовіч бачыць у гэтым сімвалічнасць, бо і Купалу ў свой час дапамагалі многія. Напрыклад, першыя тры яго зборнікі вершаў, у тым ліку і «Шляхам жыцця», паводе якога аднаўлялі почырк паэта, убачылі свет дзякуючы менавіта мецэнатам.



Стварэнне шрыфту Купалы прымеркавана да 110-годдзя творчай дзейнасці паэта, якая вядзе адлік ад верша «Мужык», надрукаванага ў 1905 годзе ў Мінску ў газеце «Северо-Западный край». У музеі лічаць, што гэта цудоўная магчымасць яшчэ раз узгадаць імя Песняра і абудзіць цікавасць да яго творчасці, у першую чаргу моладзі. Як сведчаць успаміны, паэт любіў сустракацца з моладдзю, лёгка знаходзіў з ёй агульную мову і паразуменне. Заўсёды былі рады бачыць дзядзьку Янку, размаўляць з ім і маладыя людзі.

Дарэчы

У біяграфіі Купалы ёсць цікавы факт. У маладыя гады ён працаваў у Радашковічах пісарам у судовага следчага, але быў звольнены з пасады з-за дрэннага почырку. Музейшчыкі не могуць пагадзіцца, што почырк паэта непрыгожы, асабліва ў маладосці. Так гэта ці не, пацвердзяць прафесійныя графолагі, запрошаныя на прэзентацыю шрыфту Купалы, якія папярэдне вывучалі рукапісы і перапіску Песняра. Акрамя таго, ім прапанавалі параўнаць почырк Купалы ў розныя гады жыцця і прааналізаваць, як змяняўся на працягу часу характар паэта. Падобных даследаванняў да гэтага часу яшчэ не праводзілася. Абвяшчэнне вынікаў — таксама у праграме «Ночы літаратуры». Яна, дарэчы, працягнецца ў музеі да 24.00.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter