Відаць, пытальнік у загалоўку некага збянтэжыць, а кагосьці прымусіць і абурыцца.
Бо мы добра памятаем старое і звыклае: пішы, як чуеш. Ім пеставалі нас настаўнікі, на яго мы спадзяваліся, калі хацелі атрымаць добрую адзнаку па дыктанце. Ён абсалютызаваўся ў пісьмовай практыцы, вабіў сваёй лёгкасцю і зручнасцю. Але ж як часта мы спатыкаліся ў словах тыпу абсалют, малацьба, дачцэ, на кладачцы, у рамачцы, вакзал, футбол, казка, абсерваторыя, абцас, фісгармонія, вучышся, маешся, сшытак. Пераконваліся, што вымаўленне не адпавядае напісанню.
Мы прызвычаіліся да таго, што ў нашым правапісе дамінуе фанетычны прынцып, паводле якога напісанне слоў і іх частак павінна адпавядаць нарматыўнаму літаратурнаму вымаўленню. Сутнасць фанетычнага прынцыпу — у прыведзенай вышэй формуле “пішы, як чуеш”. Адкуль яна ўзялася?
Учытаемся ў тэкст не такой далёкай мінуўшчыны: “Выходзячы з асноўнага запатрабаваньня зрабіць правапіс даступным для шырокіх мас, Інстытут кладзе ў аснову проекту марксысцка-ленінскае адзін-ства фонэтычнага і этымолёгічнага прынцыпаў, як адзінства процілегласьцяў, аддаючы, аднак, разам з Тарашкевічам, вядучую ролю фонэтычнаму прынцыпу. Так, напрыклад, падпарадкаваўшы напісаньне галосных пасьля зычных фонэтычнаму прынцыпу, проект, аднак, пасьлядоўна адмовіўся ад вызначэньня тых зьмен зычных, якія ўжо органічна зьяўляюцца ў выніку сваёй позыцыі перад наступнымі зычнымі і таму не патрабуюць у даным выпадку правядзеньня да канца данага прынцыпу. Такім чынам: а) не адзначаецца асыміляцыйнае памякчэньне зычных перад наступнымі мяккімі зычнымі ў такіх выпадках, як сьвет, сьлед і інш., што мы маем таксама ня толькі ў рускім правапісе, але нават і ў фонэтычным па сваёй аснове украінскім правапісе;
б) не адзначаецца пераход звонкіх зычных у глухія і глухіх у звонкія, што было прынята ўжо і ў правапісе Тарашкевіча; в) не адзначаецца зьмена сьвісьцячых у шыпячыя перад шыпячымі і шыпячых у сьвісьцячыя перад сьвісьцячымі”.
Калі адкінуць слоўную бутафорыю, то ў прадмове да спрошчанага правапісу 1933 года праглядае сутнасць сучасных норм, якія грунтуюцца далёка не на “марксысцка-ленінскім адзінстве” і нават не на адкрыццях Б.Тарашкевіча, а на фанетычных зменах пісьмовай эпохі ХІІ стагоддзя, як вынік па-
дзення рэдукаваных ь і ъ.
У мінулы раз мы гаварылі пра вынікі страты рэдукаваных у вакалізме (сістэме галосных). Яшчэ большыя змены адбыліся ў кансантызме (сістэме зычных): з’явіліся новыя фанетычныя працэсы, якія сёння не фіксуюцца на пісьме.
Фанетычны прынцып збліжае пісьмовую форму мовы з вуснай, дае магчымасць перадаць асаблівасці фанетычнага ладу беларускай літаратурнай мовы — аканне, яканне, дзеканне, цеканне, цвёрдасць шыпячых і [р], падаўжэнне зычных і г.д. Аднак немалую ролю адыгрывае і марфалагічны прынцып, паводле якога захоўваецца напісанне марфем: лыжка, дзежка, рэдка, рэдзька і шмат іншых.
Калі паспрабаваць нейкім чынам ураўнаважыць два прынцыпы беларускага правапісу — фанетычны і марфалагічны, то прыходзіш да думкі, што гэта зрабіць не так цяжка. Шчыра казаць, у роднай мове “абсалютнаму” падпарадкаванню фанетычнаму прынцыпу падлягае толькі напісанне літары о, пра што мы гаварылі раней. І то гэта назіраецца не заўсёды. Узгадаем словы тыпу словаформа, словатворчасць, штодзённы, штомесяц, штогод і г.д. У іншых выпадках нават у галіне галосных формула “як чуеш, так і пішаш” спрацоўвае непаслядоўна. І зусім яна не спрацоўвае пры перадачы аглушэння, азванчэння, прыпадабнення па свісцячасці і шыпячасці. Яе з’яўленню мы абавязаны той жа рускамоўнай практыцы, з пазіцыі якой мы так прызвычаіліся меркаваць і пра правапісныя з’явы роднай мовы. Ёсць мовы, дзе фанетычны прынцып абсалютны. Да іх, напрыклад, адносяцца мовы грузінская і татарская. Не пішы, як чуеш, бо ты не татарын і не грузін...
Для абазначэння зычных гукаў у беларускай мове выкарыстоўваецца 21 літара: б, в, г, д, ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш. Адразу падкрэслім, што ў беларускай мове зычных гукаў значна больш, чым літар. І калі б задацца мэтай абазначыць кожны гук літарай, то трэба было б колькасць літар павялічыць амаль удвая.
Сучасны выгляд зычныя набываюць пасля прыняцця граматыкі Б.Тарашкевіча. Напрыклад, калі шукаць сучасныя зычныя літары ў статуце Вялікага Княства Літоўскага, то шмат чаго мы там не ўбачым. На пачатку ХХ стагоддзя выказвалася шмат прапаноў па абазначэнні гукаў, асабліва афрыкат, якія сёння могуць перадавацца і адной літарай, напрыклад, ц, ч, і дзвюма — дж і дз. Гэта часам перашкаджае правільнаму вымаўленню, што правакуецца іх напісаннем: афрыкаты (дж(, [дз] і мяккі [дз’] перадаюцца на пісьме адпаведна спалучэннямі літар д і ж, д і з: хаджу, ваджу, ксяндзы, пэндзаль, хадзіў, вадзіў, дзюны, дзень, дзіва, дзынкаць, дзынь. Афрыкаты павінны вымаўляцца не раздзельна, а разам. Параўнаем: адзнака, дзе маем стык прыстаўкі і кораня. Цвёрды гук [дз] рэдка сустракаецца ў беларускай мове.
Як бачым, гукі (дж(, [дз] і [дз’] перадаюцца дыграфамі — дзвюма літарамі. Па гэтай прычыне ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” прынята наступнае скарачэнне імёнаў уласных і агульных назоўнікаў, якія пачынаюцца з дз, дж: Дзмітрыеўна — В.Д.Бардзіян. Таксама перадаюцца і абрэвіятуры: ДЭК (дзяржаўная экзаменацыйная камісія), БДУ.
У нашай мове ёсць асаблівая літара ў, пра якую мы яшчэ пагаворым. Тут адзначу, што вялікай літары у нескладовага (Ў) няма. Яна можа сустракацца толькі ў спецыяльных запісах слоў вялікімі літарамі: БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ. У маўленчай практыцы газет, напрыклад “Звязды”, назіраем ужыванне вялікай літары Ў у іншых выпадках, што пярэчыць правілу.
Гук (й( перадаецца або літарай й (на канцы склада пасля галосных: рэйка, май), або літарамі е, ё, і, ю, я, якія адпаведна абазначаюць спалучэнні гукаў (йэ(, (йо(, (йі(, (йу(, [йа( ў пачатку слова, пасля галосных, апострафа, раз-дзяляльнага мяккага знака і ў (у нескладовага): яма, ёмкі, ехаць, іней, юшка, маянэз, аб’ява, пад’ём, пад’ехаць, раз’юшаны, уецца, уюн, маёр, медальён, салаўі, салью, альянс, саўю.
У адрозненне ад рускай мовы вялікая літара Й у роднай мове фактычна не ўжываецца, бо ў пачатку слова яна не захоўваецца. Параўнаем: паводле правіл 1959 года — Йофе, Нью-Йорк, паводле новай рэдакцыі — Ёфе, Нью-Ёрк.
Адкуль узяўся і што азначае выраз ходзіць фертам? Дзякуй.
Марына.
— Раней на пісьме адрозніваліся ферт (Ф) і фіта ( ), якія ў розныя часы то адмяняліся, то вярталіся ў пісьмовую практыку. Арфаграфічныя рэформы 1917—1918 гадоў адмянілі фіту, быў пакінуты толькі ферт. Выраз ходзіць фертам пайшоў ад славянскай назвы літары Ф — “ферт”. Літаральна — хадзіць рукі ў бокі (аналогія з формай). У пераносным сэнсе: быць самазадаволеным франтам, трымацца з паказным форсам.
У тэксце дыктанта сустрэла напісанне прыгажун-лось? Ці патрэбны тут злучок?
ZIM
— І ў новай рэдакцыі і ў “Правілах” (1959) напісанне не памянялася. Пішуцца праз злучок складаныя назоўнікі: з аднаслоўным прыдаткам: лён-даўгунец, заяц-русак, нявеста-красуня, дзед-мароз, горад-герой. Пры адваротным парадку назоўніка і аднаслоўнага прыдатка злучок не пішацца: красуня дзяўчына. Арфаграфічна карэктным будзе напісанне: прыгажун лось.
Як скланяецца назва вёскі Хадынічы? Дзякуй.
Vera
— Жыву ля Хадынічаў, пашанцавала Хадынічам, бачу Хадынічы, ганаруся Хадынічамі, сумую па Хадынічах.