“Ой, у Вiшнёвам, у саду”

Вішні ў Глыбокае, згодна з павер’ямі, завезлі манахі або... барон фон Мюнхаўзен.

Вішні ў Глыбокае, згодна з павер’ямі, завезлі манахі або... барон фон Мюнхаўзен.

На Глыбоччыну ўлетку без вядра можна і не прыязджаць. Куды ж вы вішні пакладзяце? А без глыбоцкіх вішань з’ехаць дадому вы наўрад ці зможаце. Дамы глыбаччан проста ззяюць у атачэнні чырвоных рубінаў — вялікіх, спелых, сакавітых вішань. Нават не ведаю, дзе вы яшчэ сустрэнеце такую колькасць каштоўных ягад. Бо і з суседніх рэгіёнаў, і нават з Мінска за вішнямі едуць у Глыбокае. Здаўна палюбілі вішнёвыя дрэвы Глыбоцкі край. А мясцовыя жыхары — вішні.

На працягу стагоддзяў вішням прысвячалі песні, гульні, загадкі... А цяпер яшчэ і цэлы фестываль — з адкрыццём помніка вішням, “вішнёвым” кінапаказам, гашэннем маркі, дэгустацыямі, конкурсамі і іншымі мерапрыемствамі. Першы ў краіне Вішнёвы фестываль разгарнуўся ў Глыбокім з 21 па 27 ліпеня. Чым жа заслужыла Глыбокае звання вішнёвай сталіцы? Чаму гэта расліна так добра прыжылася менавіта тут? Якія традыцыі, песні, варожбы, звязаныя з вішнямі, існуюць у Глыбокім сёння? Шукаць адказы на пытанні ў вішнёвы край адправілася карэспандэнт “НГ”.

Манастырскія вішні Бачачы вішнёвы цуд у кожным з глыбоцкіх панадворкаў, міжвольна задаешся пытаннем: а сапраўды, чаму менавіта тут?

— Відаць, заслужылі тое шчырыя і добрыя глыбаччане, каб вішня прыжылася на іх зямлі. Гэта ж не проста дрэва, — расказвае метадыст Глыбоцкага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аліна Юргель. — Вішня заўсёды лічылася дрэвам святым, абярэгам ад усяго нядобрага і нячыстага. Яе нельга было проста спілаваць і выкінуць — абавязкова трэба было выкапаць з коранем і спаліць. Інакш, казалі ў народзе, разам з дрэвам сядзібу пакіне ўсё добрае.

Адкуль тыя вішні з’явіліся на Глыбоччыне? Кажуць, манахі мясцовыя аднекуль завезлі.

— На Глыбоччыне пры манастырах існавалі цэлыя вішнёвыя сады, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр Хайноўскі. — Вядома, у Глыбокім, на месцы сучаснай царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы раней размяшчаўся манастыр кармелітаў босых. Манахі гэтага ордэна заўсёды лічыліся добрымі садоўнікамі. А ў вёсцы Удзела, побач з горадам, існаваў манастыр францысканцаў. Іх вішнёвы сад нават у пісьмовых крыніцах XVIII стагоддзя ўзгадваецца — пры падзеле зямлі. Гэта значыць, вішні на Глыбоччыне “пражываюць” як мінімум трыста год. Ёсць яшчэ адна версія нараджэння глыбоцкіх вішань. Кажуць, вішнёвыя сады ў рэгіёне заклаў, прывёзшы саджанцы з Поль- шчы, мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр і быццам з яго садоў сакавітыя, салодкія і зімаўстойлівыя вішні перакачавалі ў тутэйшыя сялянскія сядзібы.

Легенды вакол ягад

І як жа без легенд! Памятаеце гісторыю барона Мюнхаўзена, які спрабаваў забіць аленя вішнёвай костачкай, а пасля ў таго аленя між рагамі вырасла вішнёвае дрэва? Дык вось, ці алень той у Глыбоцкія краі забягаў, ці барон цаляўся костачкамі менавіта на Глыбоцкай зямлі, але некаторыя мясцовыя жыхары вераць, што менавіта ён мае дачыненне да іх вішнёвых садоў. Жартачкі?! Магчыма. Але вось што цікава. На мясцовых могілках ёсць стары двухметровы чыгунны крыж, на якім, што б вы думалі, напісана? Прозвішча фон Мюнхаўзена! Хто такі, адкуль прыехаў, калі жыў, невядома. Нават у старой кнізе перапісу канца XIX стагоддзя такога прозвішча не значыцца. Але чалавек такі тут дакладна быў.

Глыбоцкія вішні авеяны немалой колькасцю міфаў і паданняў. І сёння тут можна пачуць ад старэнькіх бабуль шмат таямнічых гісторый і цікавых традыцый, звязаных з вішнямі. Расказваюць, калі дзяўчыне вельмі падабаўся хлопец, але ён не звяртаў на яе ўвагі, яна ішла да вішні, якая лічылася да ўсяго іншага яшчэ і сімвалам жаноцкасці, прыхіналася да яе, абдымала, дзялілася сваімі клопатамі і надзеямі і праз нейкі час усё загаданае збывалася і хлопец звяртаў увагу. Ішлі да вішні і маладыя падчас вяселля. Абыходзілі дрэўца вакол тры разы, узяўшыся за рукі, каб было моцным і доўгім іх сямейнае жыццё.

Вішня, вішня, раскажы

Могуць падзяліцца на Глыбоччыне і “вішнёвым” фальклорам.

— Памятаю, як яшчэ на маім вяселлі спявалі: “Чырвоная вішня з-пад кораня выйшла. Аддала мяне маці, дзе я непрывычна...” — зацягвае Аліна Юргель. — А гэту проста так часта спявалі: “Ой, у вішнёвам, у саду Там салавей шчабятаў. Дадому я прасілася, а ён мяне ўсё не пускаў”. На вішнях варажылі. Сядалі дзяўчаты ўвечары і елі вішні. Костачкі складвалі ў сподачак. І пасля лічылі іх, нібы гадаючы на рамонку: “Калі выйду замуж? У гэтым годзе, у наступным, калі-небудзь, ніколі”. Апошняя костачка і была адказам на пытанне.

А яшчэ вішні ўключалі ў моладзевую гульню.

— Гульня называлася “Дастань вішаньку”. Раней з ёй бавіліся на вячорках, а сёння ладзім “вішаньку” і на гарадскіх святах. Гасцям падабаецца, — расказвае Аліна Віктараўна. — На табурэтку ставілі прыгожую дзяўчыну і давалі ёй у зубы вішаньку на сцяблінцы. Хлопцы павінны былі падскочыць і сарваць вішаньку. Хто сарве — атрымае пацалунак.

Сад як памяць

І вядома, вішнямі частаваліся.

— Варылі кампоты, кісялі, пяклі пірагі з булачкамі, сушылі... — расказвае мясцовая жыхарка Галіна Перапечка.

Каму, як не ёй, ведаць сакрэты вішнёвай кулінарыі: у садзе яе сям’і — больш за сорак вішнёвых дрэўцаў.

— Сад застаўся ў спадчыну ад бацькоў мужа, — расказвае Галіна Аляксандраўна. — Дзед Мікалай, які нарадзіўся ў 1897 годзе, расказваў, што ўжо ў яго дзяцінстве сад быў досыць вялікі. Значыць, закладзены ён быў яшчэ ў XIX стагоддзі. Падчас вайны немцы хаваліся ў вырытай у садзе зямлянцы — след ад ямы бачны там нават сёння. Сваімі густымі галінкамі выратавалі вішні і сям’ю мужа падчас вайны. Таму для нас вішнёвы сад — яшчэ і памяць. Вядома, многіх дрэў тых часоў у садзе ўжо няма. Стараемся яго амаладзіць. Засаджваем тэрыторыю новымі купленымі саджанцамі. А штосьці і само вырастае — з костачак. Маленькія дрэўцы пакуль што яшчэ слаба пладаносяць. Затое дарослыя!.. Часам можна назбіраць з аднаго дрэва да пяці вёдзер ягад!

Ёсць у мясцовых жыхароў і свае сакрэты, якія дазваляюць дрэўцам не толькі штогод пладаносіць, але і заўсёды даваць вельмі добры ўраджай.

Вішнёвае лета

— У двары павінны быць пчолы. Варта паставіць хоць адзін вулей і не будзеце мець аніякіх праблем, — дзеліцца вопытам Васіль Ажэль, у садзе якога дванаццаць вішнёвых дрэў. — Памятаю, як яшчэ малым частаваўся вішнямі ў дзедаўскім садзе. Калі пабудаваў уласны дом і вырашыў закласці ля яго сад, нават пытання не ўзнікла, якія дрэўцы там пасадзіць. Купіў па дзве гатункавыя вішанькі і чарэшні, затым яшчэ восем саджанцаў узяў у суседзяў.

Ужо ў канцы мая сям’я Ажэль разам з суседзямі і сябрамі частуюцца спелай чарэшняй, за ёй паспявае адзін гатунак вішні, затым другі, трэці... Такім чынам вішнёвае лета расцягваецца аж на два месяцы! Не ў кожным рэгіёне могуць тым пахваліцца. Гэтак жа, як і вішнёвым садам, закладзеным мясцовай уладай гэтай вясной (на ўскраіне горада было высаджана 1414 дрэўцаў — па даце першага ўпамінання Глыбокага ў пісьмовых крыніцах).

Гэтак жа, як і скульптурай, прысвечанай ягадзе. Кампазіцыя вышынёй больш за два метры ў выглядзе стылізаванага ствала і галінкі спелых вішань днямі была ўстаноўлена ў цэнтры Глыбокага і тут жа абрасла добрымі павер’ямі.

— Хочаш шчасця — пагладзь па саміх ягадках. Грошай — патры лісточкі. Роўнай і гладкай жыццёвай дарогі — правядзі далонню па галінцы, — вучыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік.

Дарэчы, даброт прасіць можна не толькі ў скульптуры, але і ў жывой вішанькі. Глыбаччане кажуць, што дрэўцу можна распавесці пра ўсе свае трывогі і патаемныя жаданні. А абняўшы яго — атрымаць жыццёвую сілу. Верыць гэтаму ці не? А вы паспрабуйце — самі і даведаецеся.

“Трухлявы пень” з вішняй (рэцэпт ад Галіны Перапечкі)

2 шклянкі мукі, 2 шклянкі смятаны, 2 шклянкі вішнёвага варэння, 1 шклянка цукру, 2 маленькія лыжкі соды. Усё змяшаць. Раздзяліць цеста напалову і выпячы два каржы. Змазаць смятанай з цукрам, верх упрыгожыць вішнямі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter