В ночь на 7 июля в Беларуси отмечается Купалье

Ой, рана на Івана

Не да сну ў гэтыя выхадныя будзе не толькі жыхарам і гасцям Александрыі Шклоўскага раёна, дзе стала добрай традыцыяй грандыёзна адзначаць гэта свята сонца і росквіту зямлі. Святкаваць Купалле будуць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, Парку-музеі інтэрактыўнай культуры «Сула» і многіх іншых музеях, сядзібах, цэнтрах культуры краіны.

Фото Максима Вечера

Традыцыя святкаваць Купалле масава, весела і ярка вядома з даўніх часоў. У гэты дзень нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года і складалі спадзяванні на шчаслівую будучыню. Свята вельмі чакалі і пачыналі рыхтавацца да яго загадзя. Яшчэ зранку ішлі ў лазню альбо мылі твар крынічнай вадой. Лічылася, такім чынам можна пазбавiцца ад усiх хвароб. У той жа час да Купалля ставіліся з перасцярогай. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень прачынаюцца ўсялякія нячысцікі. Каб аберагчы сябе, на парог хаты клалi крапiву-жыгучку, у дзвярах хлява ставілі маладую асiну, а ў варотах мацавалi велiкодную свечку.

Лічылася таксама, што нячысцікі не змогуць прычыніць шкоды, калі чалавек не будзе класціся спаць. Таму ўвечары збіраліся ўсёй вёскай. Распальвалі вогнішча, скакалі праз агонь, купаліся ў вадзе, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі, спявалі, варажылі, плялі вянкі. Кідаючы вянкі ў ваду, прадказвалі лёс яго ўладаркі: калі вянок адразу на дно пойдзе — не быць замужам у гэтым годзе, калі ж паплыве далёка і роўна — быць шчасліваму замужжу. І, вядома, шукалі ў купальскую ноч папараць-кветку. Легенда аб ёй жыве да нашых дзён. Кажуць, зацвітае кветка ў самую поўнач. І калі яна пачынае раскрывацца, прыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, грыміць гром. Таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца збіць чалавека са шляху. Затое, кажуць, што той, хто знойдзе папараць-кветку, будзе валодаць усімі зямнымі скарбамі, будзе самым багатым і шчаслівым!


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter