Купалле - старадаўняе і адно з самых любімых у народзе свят

Ой, рана на Івана

АД ПРАДЗЕДАЎ

Наша спадчына

Цяжка вызначыць час, калі нашы продкі пачалі адзначаць святы. Хіба што яны прысутнічалі ў іх жыцці заўсёды. Абрады, звязаныя з пакланеннем Сонцу, Зямлі, Небу і гэтак далей, дапамагалі ім арыентавацца ў часе, калі яшчэ не было календароў, і нараджалі веру і надзею на лепшае. Сёння мы давяраем навуцы — складваем прагноз надвор’я або разлічваем ураджайнасць бульбы. А нашым прапрапра... бабулям і дзядулям заставалася спадзявацца толькі на розныя магічныя дзеянні і рытуалы.

З прыходам на беларускую зямлю адной з галоўных сусветных рэлігій многія язычніцкія святы і традыцыі зліліся з хрысціянскімі. Вялікдзень — веснавое свята ў гонар Сонца, абуджэння прыроды і надыходу “вялікіх дзён” палявых работ — супаў з Уваскрэсеннем Хрыстовым. Масленіца — дзень сустрэчы вясны — з Сырнай сядміцай перад Вялікім пастом. Зялёныя святкі, якія сімвалізавалі пачатак вясны, — з днём Святой Тройцы і гэтак далей.

І хаця хрысціянства існуе на Беларусі больш за тысячу гадоў, народныя традыцыі нікуды не зніклі. Некаторыя святары абураюцца, што народ працягвае прытрымлівацца язычніцкіх абрадаў, асабліва падчас хрысціянскіх свят — да прыкладу, калядуюць у масках жывёл на Божае Нараджэнне або пакідаюць ежу на могілках на Радаўніцу. Але наўрад ці людзі робяць гэта на зло цэрквам і касцёлам. Усе гэтыя абрады і традыцыі народ успрымае як каштоўную спадчыну, што дасталася спакон вякоў, і магчымасць цікава і незвычайна правесці вольны час.

Песні, танцы, гульні — колькі ўсяго аб’ядноўвае ў сабе кожнае народнае свята. А якія незвычайныя традыцыі захоўваюцца ў асобных рэгіёнах! Уявіце сабе — невялікая беларуская вёсачка, і толькі ў ёй, адзіным месцы не толькі ва ўсёй краіне, але і ва ўсім свеце, праводзіцца пэўны абрад. І гэта тычыцца не толькі ўнесенага ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА свята “Калядныя цары” з Семежава Капыльскага раёна. Некаторыя ўнікальныя абрады мы прадставім у нашым спецвыпуску. Акрамя гэтага, падкажам, на якія народныя святкаванні можна яшчэ паспець гэтым летам і дзе можна навучыцца ўнікальным рамёствам. Пазнаёмім з камянямі і крыніцамі, у цудадзейную моц якіх беларусы вераць здаўна. Падзелімся рэцэптамі старадаўняй беларускай кухні. І, спадзяёмся, распалім цікавасць да ўнікальных традыцый.

Ой, рана на Івана

Столькі традыцый, ведаў і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай, не сустрэнеш у іншых беларускіх святах. Нездарма яно лічыцца адным з ключавых у календары і любімым у народзе. Купалле святкавалі яшчэ ў дахрысціянскія часы. Падчас свята, якое прыпадае на дзень летняга сонцастаяння, нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства ў гэты дзень сталі адзначаць яшчэ адно свята — нараджэнне святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў, Хрыста. Два святы, па сутнасці, зліліся ў адно. А два святы — гэта яшчэ больш традыцый, паданняў і абрадаў.

Фота Максіма Вечара

Прагугліць месца святкавання, апрануць “вышымайку”, кінуць тэлефон у заплечнік — прыкладна так выглядае сёння спіс спраў у тых, хто збіраецца на Купалле. Раней да свята рыхтаваліся больш адказна. З ранку стараліся схадзіць у лазню і абавязкова папарыцца з зёлкамі і крапівой-жыгучкай. Лічылася, што гэта захавае ад хвароб увесь год. Той, хто ў лазню не трапляў, ішоў да крыніц, мыў твар і кідаў манету ў ваду, каб адкупіцца ад хвароб. У гэты дзень забаранялася што-небудзь аддаваць, прадаваць, пазычаць і выносіць з хаты агонь ці хлеб — казалі, што ў будучыні сям’ю магла спасцігнуць нястача.

Навогул да Купалля нашы продкі, як адзначае фалькларыст Янка Крук, ставiлiся з асаблiвай перасцярогай. Магчыма, верылі, што ў гэты час прачынаюцца ўсялікія нячысцікі, якія могуць прабрацца да жылля чалавека і прычыніць шкоду сялянскай гаспадарцы. Каб засцерагчыся ад іх, на парог хаты клалi крапiву-жыгучку, у дзвярах хлява ставілі маладую асiну, а ў варотах мацавалi велiкодную свечку.

Лічылася таксама, што выратавацца ад нячысцікаў можна, калі не класціся ў купальскую ноч спаць. Таму вяскоўцы да досвітку праводзілі час разам. Распальвалі вогнішча, у якое кідалі старыя бочкi, колы, кашы, зношаныя лапці, адзенне і іншыя рэчы. Устаўлялі ў вогнішча шост з драўляным абсмаленым калом і прывязаным да яго жытнёвым снапом і ўсю ноч забаўляліся вакол гэтага агню. Вадзілі карагоды, спявалі песні, ладзілі гульні. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз вогнішча, купаліся ў вадзе, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл. На Купалле шмат варажылі, плялі вянкі з кветак, галінак дуба, бярозы, сасны, елкі. Меншыя вянкі надзявалі на галаву ці пояс, з большымі вадзілі карагод. Вянкі кідалі праз вогнішча, пускалі па рацэ, дзяўчатам прадказвалі па іх лёс. Лічылася, калі вянок адразу пайшоў на дно, — не дачакаецца сёлета дзяўчына вяселля. Калі ж паплыў далёка і роўна, — хутка быць шчасліваму замужжу.

І, вядома, шукалі папараць-кветку. Нашы продкі верылі, што яе можна ўбачыць толькі ў купальскую ноч, і то, калі вельмі пастарацца. Маўляў, у самую поўнач, калі кветка павінна раскрыцца, прыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, грыміць гром, а нячысцікі, якія захоўваюць кветку, імкнуцца збіць чалавека са шляху. Затое той, хто яе знойдзе, — будзе самым багатым і шчаслівым на зямлі. Хто ж упусціць такую магчымасць?! Ну а не пашанцуе з папараць-кветкай — не страшна. Адчуць сябе шчаслівым можна і скачучы праз вогнішча ды спяваючы песні ў асяроддзі тых, хто гэтак жа цэніць традыцыі.

ЦІ ВЕДАЛІ?

Купальская ноч адзначаецца ў краіне двойчы — у ноч на 24 чэрвеня, на летняе сонцастаянне і каталіцкае свята Іаана Хрысціцеля, і ў ноч на 7 ліпеня, калі гэта ж свята адзначаюць праваслаўныя. Гэта звязана з тым, што дзве хрысціянскія канфесіі прытрымліваюцца розных календароў — юліянскага і грыгарыянскага.

УСЕ СЮДЫ!

Александрыя збірае сяброў

Найбольш маштабная купальская ўрачыстасць па добрай традыцыі пройдзе ў Шклоўскім раёне.

На маляўнічым беразе Дняпра 8-га і 9 ліпеня чакаюць больш за сто тысяч гасцей! У праграме свята не толькі звыклыя купальскія вянкі, гульні і вогнішча, але і арыгінальныя цікавосткі, за якімі штогод прыязджаюць з розных куткоў Беларусі і замежжа. Упершыню падчас фестывалю можна будзе прыняць удзел у пазнавальнай квэст-гульні “У пошуках папараць-кветкі”, адчуць сябе Скарынам у “Друкарскім двары”, стаць назіральнікам фестывалю феерверкаў. Госці змогуць пачаставацца ў “Яселцы з ласункамі” і “Каравайнай сялібе”, прагуляцца па “Горадзе сяброўства” з экспазіцыйна-тэматычнымі вуліцамі, паназіраць за дэманстрацыйнымі палётамі самалётаў і парашутнымі скачкамі.

Кульмінацыяй святкавання стане эстрадна-цыркавое прадстаўленне “Купальскі сон” з удзелам артыстаў і цыркавых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пры дапамозе вобразных выразных сродкаў цыркавога мастацтва, харэаграфіі і акцёрскага майстэрства гледачам прадэманструюць купальскія традыцыі розных краін. Сярод запрошаных гасцей — расійскі спявак Стас П’еха, народная артыстка Украіны Ірына Білык і іншыя.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter