Лепшая песня на словы Леаніда Дранько-Майсюка яшчэ не наісана і не спета

"Ой ды я шчодрую, ды коўбасу чую"

Карэспандэнт «СГ» распытваў знакамітага творцу пра менталітэт гарадчука, стаўленне да калядных дзівосаў, спрабаваў пераканаць яго, што Дзед Мароз — рэальная істота, а «Полька беларуская» гэта не «Стомленасць Парыжам»


ПАЭТ, аўтар папулярнага хіта “Полька беларуская” Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК нарадзіўся і вырас у старажытным Давыд-Гарадку. Служыў у арміі, закончыў Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага ў Маскве. Скарбонку беларускай літаратуры папоўніў амаль двума дзясяткамі выданняў: “Стомленасць Парыжам”, “Цацачная крама”, “Вандроўнік”, “Над пляцам”, “Тут”, ”Месца і свет”, “Акропаль”, “Гаспода”, “Паэтаграфічны раман", “Кнігі для спадарыні Эл”, апавяданне-сімфонія “Анёлак і я”. Паэтычны зборнік “Проза радасці” ў перакладзе на рускую мову выйшаў у свет у Маскве. У 27 гадоў творца стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР, уганараваны званнем лаўрэата літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”. 

— Леанід Васільевіч, на апошні месяц восені выпаў і юбілей, які, напэўна, надаў клопатаў?

— Ну, дажыў да шасцідзесяці – і дзякуй Богу! Галоўнае, што не адчуваю сябе старым. Таму 2017 год запомніўся не юбілейнай датай, а тым, што ў верасні з друку выйшла мая кніга “...Натуральны, як лінія небасхілу”. Гэта дакументальная аповесць пра народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Шмат давялося працаваць у архівах, гэта дало магчымасць па-новаму паглядзець на жыццё і творчасць майго любімага песняра. 

— Вы без перабольшання асоба самадастатковая, з залатым творчым скарбам. Але чым вышэй да вяршыні слова, тым большая адлегласць ад надзённага. Ці не так?

— Паміж мастацкім словам і надзённымі клопатамі адлегласці няма. А калі яна і ёсць, то зусім невялікая. Прынамсі, так мне здаецца. Каб дробныя клопаты не заміналі працы, трэба нейкі час аддаць ім, выканаць тое, што мусіш выканаць. Скажам, трэба памыць падлогу – памый! Зварыць бульбу – звары! Ці схадзіць у краму – схадзі! Зробіш неабходнае – здабудзеш патрэбнае, і тады нібыта сам па сабе з’явіцца вольны час для любімай справы. Гэта мая практыка, якая дапамагае жыць. Амаль заўсёды дае радасць. Хіба ж не радасць, напрыклад, увечары а дзясятай гадзіне зайсці на Ракаўскай вуліцы ў краму і купіць смачны пірог з тварагом і гарбузом?! З падказкі Вольгі, сваёй жонкі, часам я так раблю – іду ўвечары на Ракаўскую...

— Напэўна, маці прызвычаіла да пірагоў. Ці часта яны былі на бацькоўскім стале?

— Смак іх дагэтуль памятаю. У нашай сям’і святкавалі Васілёў вечар 13 студзеня – Шчадрэц, які ў Давыд-Гарадку яшчэ называюць і Конікамі. А назаўтра, 14 студзеня, і была Васілея – дзень памяці святога Васіля. Бацька ж мой – Васіль... Маці даставала з печы бляху з пірагом, а бацька за сталом спяваў: “...небояўленне Васілею прэподобны...” Не хочацца нічога ідэалізаваць, аднак жа ўсё было святочна, лагодна і пахла духмяным сенам.

— Пэўна, таму і ў вашых творах цудоўна адлюстравана каляднае свята. А які з іх лічыце найбольш удалым?
З бацькам, 1961 г.

— Маю не адзін, а, можна сказаць, нізку святочных вершаў – “Конікі”, “Каляда”, “На Каляды, на Каляды”, “Навагодняя свечка”. Найбольш вядомыя два апошнія, бо сталі песнямі. Музыку напісаў кампазітар Мікалай Сацура, іх выдатна выконвае Анатоль Ярмоленка. “На Каляды, на Каляды” – верш у народным стылі, а “Навагодняя свечка” – клавесінная паэзія. Карыстаючыся выпадкам, хачу гэтым вершам павіншаваць чытачоў “Сельской газеты” з Калядамі і Новым годам:

Дачакаліся Каляд

Сват са сватам, з братам брат,

З хлопцам дзеўка, з бабай дзед,

А з суседкаю сусед.

Трэба йсці калядаваць,

Людзям добрае жадаць,

Каб і елі, і пілі,

І па сто гадоў жылі.

На Каляды, на Каляды

Чарку з верхам выпіць рады

Хлопец з дзеўкай, з братам брат,

З бабай дзед, са сватам сват,

А з суседкаю сусед –

Ну, а з намі цэлы свет!

Дачакаліся Каляд –

Свята лепшае са свят,

На стале закуска ўся –

Бульба, гусь і парася.

Дык не будзем сумаваць,

Пойдзем каляду збіраць

Да сваіх і да чужых –

Хто з грашыма і без іх!

— Леанід Васільевіч, якія з навагодніх падарункаў для вас больш памятныя?

— Самыя лепшыя падарункі — смачныя пачастункі. У калядныя дні маці даставала з печы не толькі пірог, а яшчэ пячэнікі ў форме пеўнікаў, конікаў, каровак. Такая смаката!

— Ваш родны Давыд-Гарадок славіцца святам Конікі. А вы скакалі ў незвычайным табуне?

— Конікі – гэта і назва свята, і самі ўдзельнікі яго. Маё дзяцінства, можна сказаць, пачыналася з іх. А тады, у самым пачатку 1960-х гадоў, у конікі пераапраналіся бацькі – людзі вельмі вынаходлівыя і працавітыя. Яны былі сапраўднымі артыстамі і добра ведалі ўсе звычаі. Перад тым як віншаваць, спачатку даведваліся, каго гаспадары маюць з паўналетніх дзяцей – дзяўчыну ці хлопца? Калі ў хаце быў хлопец, то спявалі:

Ды запеймо жы песню,

Ой, слаўному пану –

Святы вэчор!

Пану мэшчаніну,

Мэшчанскому сыну –

Святы вэчор... і г.д.

А дзяўчыне гучала:

Там стояла сосна,

Тонка, вусока –

Шчодры вэчор!

Тонка, вусока,

Лісцэйком шырока –

Шчодры вэчор... і г.д.

Песні гэтыя доўгія, другая нават даўжэйшая за першую. Па віншаванні-спяванні скарбнік (адзін з конікаў) заходзіў з двара ў хату і казаў:

Ой ды я шчодрую,

Ды коўбасу чую...

Яму давалі і каўбасу, і грошы, і нават чаркай частавалі... Некалькі разоў з конікамі-сябрамі ад хаты да хаты бегаў і я. Віншаваў таксама людзей. Аднойчы нам, дзецям, надзвычай пашанцавала – адна цётка дала не нейкія там дзесяць капеек, а цэлых пяць рублёў! Ад вялікай радасці так зрабіла, бо якраз на свята Конікі прыехаў з арміі на пабыўку яе сын-салдат.

— Ці загадваеце жаданне, калі гадзіннік адлічвае апошнія хвіліны года?

— Тое, што я хацеў, да мяне прыйшло. І тое, што хацеў зразумець, здаецца, зразумеў... Не, ніякіх жаданняў ужо не загадваю. Проста жыву. Аднак жа зрабіў адкрыццё: спакой – твой лепшы сябар!

— Ваша самае кур’ёзнае навагодняе свята?

— Салдацкую службу праходзіў у Саратаўскай вобласці на тэлеграфнай станцыі. Частыя былі начныя дзяжурствы. Давялося несці вахту ў навагоднюю ноч. Тэлеграфіст з Куйбышава ў 23 гадзіны адбіў мне віншаванне: “СНГ”, што значыла “С Новым годом!”. Я яму адказаў: “СПС”, што азначала “Спасибо!”. Далей ён папрасіў не турбаваць яго да шасці гадзін раніцы. Я, вядома ж, згадзіўся, лёг і заснуў, не пачуўшы ніякіх навагодніх курантаў. Сон дваццацігадовага салдата моцны. Так быў у маім жыцці Новы год, які я праспаў на тэлеграфным салдацкім стале.

— Леанід Васільевіч, і ўсё ж якая сустрэча Новага года больш запомнілася?

— Запомнілася адна навагодняя цана... Пасля службы ў арміі першы Новы год сустракаў у Маскве ў інтэрнаце Літаратурнага інстытута. Будынак гэты знаходзіўся (і, пэўна ж, знаходзіцца) на рагу вуліц Руставелі і Дабралюбава. Недзе за гадзіну да апоўначы было заўважана, што на нашым студэнцкім стале ёсць усё, аднак жа бракуе галоўнага. Забыліся прыдбаць! Паспадзяваліся адзін на аднаго! А тады тое галоўнае ноччу можна было набыць толькі ў таксістаў... Я вылецеў на Руставелі, спыніў таксі. Шафёр для парадку праехаўся са мной метраў сто, скіраваў на Дабралюбава... Словам, за пляшку гарэлкі я аддаў дзесяць рублёў. Грошы па тым часе даволі вялікія. Прыбіральшчыца за месяц працы атрымлівала шэсцьдзясят рублёў. Я, дарэчы, меў стыпендыю імя Канстанціна Сіманава – семдзесят пяць рублёў.

— Ці верылі ў дзяцінстве ў Дзеда Мароза?

— Вера імгненна рассыпалася, калі аднойчы ўбачыў, што ў Дзеда Мароза замест ног два бляшаныя вядры. Мне тады было гадоў чатыры, і бацькі павялі мяне ўвечары ў парк, дзе стаяла навагодняя ёлка, і вось ля гэтай ёлкі я і ўбачыў Дзеда Мароза з такімі нагамі... Мо, каб спачатку ўбачыў жывога, а не ягоны няўдалы муляж, вера засталася б!

— А самі ў ролі Дзеда Мароза бывалі?

— Ні разу... Але пра гэты знакаміты вобраз маю ўспамін. Зімою на пачатку 1970-х гудзела вяселле. І суседка, баючыся, каб яе муж не нарэзаўся, угаварыла яго пераапрануцца ў Дзеда Мароза, а сама стала Снягуркай. План, здаецца, разумны склаўся ў кабеты – прыйдуць на вяселле павіншаваць маладых, і яна, Снягурка-жонка, асабліва і не дасць мужу да чаркі пацягнуцца. Аднак жа выйшла наадварот. Як толькі жаніх і нявеста ўбачылі, што пераступіў парог Дзед Мароз, тут жа яму налілі чарачку, нават слова не даўшы сказаць. І ўслед з усіх куткоў палілася гарэлка. Госці як па камандзе пачалі частаваць Дзеда, і ён нават бараду зняў, каб зручней куляць келіхі. Урэшце суседка, несучы ў руках доўгую бараду, ледзьве давяла Дзеда дадому.

— Вашы дзяцінства і юнацтва прайшлі ў старажытным Давыд-Гарадку, дзе і зараз захавалася самабытнасць. А чым ён найбольш уразіў вашу жонку – карэнную масквічку?

— Першы раз Вольга трапіла ў Давыд-Гарадок у 1980 годзе, і яе шчасліва ўсхвалявала тое, што я, яе свежаспечаны муж, абсалютна не падобны на давыд-гарадчукоў. Так ёй тады здавалася. Аднак жа мінула даволі часу, праўдзівей – 37 гадоў, і Вольга ўсё часцей і часцей горка ўздыхае: “А ты ўсё ж такі гарадчук...”

— Пэўна, чытачам газеты цікава ведаць, як нараджаўся ваш хітовы брэнд “Полька беларуская”.

— Гісторыя папулярнасці “Полькі беларускай” не менш цікавая, чым гісторыя яе стварэння. Верш “Полька беларуская” быў шмат разоў надрукаваны ў газетах, часопісах, песенных зборніках. Часам у мяне нават не пыталіся дазволу на друкаванне. “Польку беларускую” пяюць у рэстаранах і на вяселлях. Яна гучыць у любым кутку нашай краіны. А ўсё дзякуючы музыцы Ігара Лучанка і выкананню Анатоля Ярмоленкі. Гэта песня вельмі падабалася майму бацьку. Ён расказваў, як да яго на базары падыходзілі людзі з Хорска і Туроў, з Лісовіч і Альпеня, з іншых вёсак, якія ляжаць у давыд-гарадоцкай акрузе, і дзякавалі за гэты твор. Я, вядома, хацеў бы, каб мяне, літаратара Леаніда Дранько-Майсюка, ведалі, скажам, па кнізе “Стомленасць Парыжам”, аднак жа чамусьці больш ведаюць па “Польцы беларускай”. Такі ён, мой творчы лёс... Ну а пакуль ён доўжыцца, значыць, лепшая мая песня яшчэ не праспявана.

— Будзем яе чакаць, на творчыя сюрпрызы вы мастак. Гаспадаром 2018 года стане Сабака. Прыхільнікі вашай творчасці, пэўна, не забылі паэтычныя прысвячэнні чатырохногаму Хомку. Як нарадзілася ідэя стварэння вобраза?

— Калі ў ліпені 2007 года ў нашай кватэры з’явіўся сабачка Хомка, Вольга сказала: “Павінны з’явіцца і вершы для яго!” А недзе ў годзе 2012-м мне прапанавалі весці старонку на беларускай мове ў адным рускамоўным дзіцячым часопісе. Супрацоўніцтва з паважаным выданнем прапановай і абмежавалася, аднак жа вершы для Хомкі пачалі складацца... Хомка – не проста французскі бульдог, Хомка – радасць нашай сям’і! Хомка – філосаф! Яго выпадкова штурхнеш, а ён не злуецца і нібыта гаворыць гэтым, што і ты, чалавек, не злуйся, калі цябе выпадкова хто-небудзь штурхне...

— Леанід Васільевіч, па традыцыі – навагоднія пажаданні.

— Шчыра жадаю калектыву “Сельской газеты” і яе чытачам моцнага здароўя і, нягледзячы на тое, што смутак каштуе даражэй за весялосць, весялосці ўсім. А ў якасці святочнай усмешкі ў год Сабакі прапаную верш “Хомка і пацалункі”:

Найвялікшае мастацтва –

Пацалунак незнарок!

Хомка ўмее цалавацца:

Падбяжыць і ў шчочку цмок!

Праз хвіліну і другую

Проста ў сэрца мне зірне:

“Я цябе заўжды цалую,

Пацалуй і ты мяне!"

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва Леаніда  ДРАНЬКО-МАЙСЮКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter