Классику белорусской литературы Владимиру Короткевичу 26 ноября могло бы исполниться 90 лет

«Орша – мая спрадвечная маці...»

Уладзімір Караткевіч насіў сваё неба з сабой і ўславіў Беларусь на ўвесь свет

Памятаю, школьніцай не магла адарвацца ад «Дзікага палявання караля Стаха» — так карцела хутчэй даведацца, адкуль паўстаюць страшныя прывіды: то Блакітнай Жанчыны, то Малога Чалавека, то коннікаў… Хацелася дапамагчы смеламу Андрэю Беларэцкаму выкрыць прайдзісветаў, ратаваць разам з ім безабаронную Надзейку Яноўскую і разабрацца ў шчырасці намераў Дубатоўка, які ўвесь час толькі і робіць, што ўспамінае закляцце караля Стаха. «Каласы пад сярпом тваім» — асобная гісторыя. Гэта, па сутнасці, першы беларускі гістарычны раман. Аднак, на думку крытыкаў, ён не толькі пра паўстанне супраць расійскага царызму. У цэнтры ўвагі малады князь Алесь Загорскі, яго багатае духоўнае жыццё, каханне, сябры і ворагі, высакародныя ўчынкі і думкі. Кожны вобраз, эпізод, твор пераконвае: Караткевіч — глыбокі гісторык, апантаны патрыёт, вялікі прыгоднік і шчыры пісьменнік. І сёння яму магло б споўніцца 90 гадоў.


«ОРША — мой любы горад, мая спрадвечная маці...» — так пісаў ён пра сваю малую радзіму. І гэта ўзаемна, бо Орша таксама помніць, любіць свайго слаўнага сына і ганарыцца ім. У 1995 го­дзе Саюз пісьменнікаў Беларусі ініцыяваў стварэнне тут музея, прысвечанага класіку. Экскурсія пачынаецца ўжо на ганку, бо гэты будынак — помнік грамадзянскай архітэктуры канца ХIX — пачатку ХХ ст. — былая радзільня, дзе і з’явіўся на свет будучы пісьменнік. Цэнтральная частка экспазіцыі — творчая майстэрня, фрагмент кабінета яго мінскай кватэры. Таксама ў музеі навуковая бібліятэка, ёсць метадычныя матэрыялы, унікальныя запісы голасу Караткевіча, песні беларускіх выканаўцаў на яго вершы, можна пагля­дзець мастацкія фільмы па яго сцэнарыях. Усяго ў фондах 640 прадметаў: асабістыя рэчы пісьменніка, рукапісы яго твораў, малюнкі. На другім паверсе мастацкая галерэя.

Так-так, Уладзімір Караткевіч быў мастаком. Палічыце адкрыццём? Але гэта сярод айчынных творцаў даволі распаўсюджана. Васіль Быкаў, напрыклад, вучыўся ў Віцебску ў мастацкім тэхнікуме. У цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук ёсць не толькі рукапісы Караткевіча, але і малюнкі. Яны, дарэчы, увайшлі ў асобны том поўнага збору творчасці класіка. Выданне прымеркавана да сёлетняга Дня пісьменства, выпушчана выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Там творы, якія не друкаваліся пры жыцці Караткевіча, яго лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні.

Якія яшчэ цікавыя сюрпрызы да юбілею? Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры наладзіў літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве». Там жывапісныя палотны знакамітых мастакоў, ілюстрацыі да раманаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі», рукапісы пісьменніка, фота-здымкі, малюнкі, асабістыя рэчы, графіка Віктара Мікіты да зборніка вершаў «Мая Іліяда». Таксама сцэны да спектакляў па творах Караткевіча, эскізы касцюмаў да пастаноўкі «Ладдзя роспачы» і іншыя цікавосткі.

А што падрыхтаваў да свята Аршанскі музей У. С. Карат- кевіча? Расказвае загадчыца Ліна Гатоўская:

— Выпусцілі паэтычны зборнік «Спадарожніку Зямлі» з вершамі ўдзельнікаў народнага літаб’яднання «Дняпроўскія галасы» пры музеі і паэтычнай суполкі «Лотас». У кніжыцы творчасць 17 чалавек. Дзякуючы стасункам з пляменніцай Караткевіча Аленай Іванаўнай Сінкевіч і яе мужам Васілём Мікалаевічам наша экспазіцыя папоўнілася малюнкамі 10-гадовага Уладзіміра Караткевіча, сярод якіх і каляровыя, і зробленыя чарнільнай ручкай. А яго сваячка Ірына Уласава, якая жыве ў Адэсе, перадала ў дар музею драўляны чарнільны прыбор з той пары, калі Уладзімір вучыўся ў старэйшых класах.

МЕНАВІТА ў сам дзень нараджэння, расказвае Ліна Гатоўская, планаваліся вялікія імпрэзы, аднак па эпідэміялагічных прычынах іх маштабнасць звузілася. Гэта не значыць, што пройдуць з меншай душой. Ля помніка класіку збяруцца ўсе, хто хоча ўшанаваць памяць майстра, пачытаць ягоныя вершы. У храмах Оршы раніцай святары адслужаць паніхіду, апоўдні ў музеі і галерэі імя Віктара Грамыкі адкрыецца рэспубліканская выстава «Зямля пад белымі крыламі», прой­дзе прэзентацыя кнігі.

Каб нагадаць пра слаўнага класіка яго землякам, на 27 аўтобусных маршрутах гучыць аўдыяролік з голасам Караткевіча, а таксама песні беларускіх выканаўцаў на яго словы. З пачатку лета на цэнтральнай плошчы горада на вялізных экранах пракручваецца ролік. Пра гэта разам з музейшчыкамі паклапаціліся супрацоўнікі Аршанскага рэгіянальнага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва і нерухомасці. Яны ж зрабілі і новы банер, які цяпер на фасадзе музея.

У Оршы і бацькоўскі дом Караткевіча, дзе ён правёў дзяцінства, напісаў адзін з самых вядомых твораў «Дзікае паляванне караля Стаха». І залечваў там свае душэўныя раны, калі ў 1983 годзе ў адзін дзень памерлі яго любая жонка Валянціна Нікіціна, выкладчыца Брэсцкага педінстытута, і родная цётка па матчынай лініі, да якой пісьменнік быў моцна прывязаны.


У 2015 годзе з бацькоўскай сядзібай узнікла пытанне, бо апошні яе жыхар — муж пляменніцы Караткевіча — памёр. Яго дачка, якая жыве ў Адэсе і рэдка бывае ў Оршы, выставіла дом на продаж. Існавала небяспека, што новы ўласнік пазбавіцца ад старога будынка і на яго месцы з’явіцца што-небудзь больш сучаснае. Аднак новым уласнікам стаў аршанец Андрэй Балабін, буйны прадпрымальнік, які не толькі не збіраецца руйнаваць сядзібу, але і плануе зрабіць там музей.

— Пакуль распрацоўваецца праект рэстаўрацыі. Андрэй Балабін да юбілею земляка зрабіў свой унёсак — прафінансаваў стварэнне мурала на адным з дамоў па вуліцы Караткевіча, якраз насупраць бацькоўскай сядзібы пісьменніка. Аршанец малюе, аршанец фінансуе, і сюжэт пра былога аршанца, — расказвае сябар Андрэя Балабіна Алег Смірноўскі.



Бацькоўскае гняздо крыху суцішыла боль творцы пасля дзвюх смерцяў родных яму людзей. Праз паўгода вярнуўся ў Мінск і неўзабаве сур’ёзна захварэў, каля месяца правёў у рэанімацыі. Адчуўшы сябе лепш, адправіўся ў паход па Прыпяці з сябрамі. Гэта была апошняя ягоная вандроўка. Ужо там нездаровілася, а праз пяць дзён пасля вяртання — 25 ліпеня 1984-га — адышоў у іншы свет. Аднак застаўся жыць з намі навечна і па-прарочы назваў свой апошні паэтычны зборнік «Быў. Ёсць. Буду».
Галіна ЗАГУРСКАЯ, пісьменніца:

 — Зараз, дарэчы, чытаю раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»… З Караткевіча пачалася мая цікавасць да гістарычнай літаратуры, бо ён зазірнуў вельмі глыбока ў нашу мінуўшчыну. Прачытала «Чазенію», «Лісце каштанаў» пра юнацкія гады, што ў мяне таксама выклікала настальгію па маладосці. З «Каласамі…» пазнаёмілася ў сталым узросце — трэба ж так рамантычна апісаць паўстанне! «Дзікае паляванне…» увесь час трымала ў напружанні, хацелася зазірнуць наперад, але стрымлівала сябе. Многаму дзіўлюся ў гэтага майстра! Як трапна ўмеў узвысіць жанчыну! Дарэчы, перажыў першае каханне да замужняй кабеты, доўга быў верны гэтым пачуццям. Пра што і напісаў раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Адмысловы гумарыст! Чаго толькі варты верш «Заяц варыць піва»! Уладзімір Караткевіч дазволіў зірнуць на свет глыбей і шырэй.

Тамара ПАШКЕВІЧ, журналіст:

— Знаёмілася з творчасцю гэтага пісьменніка ў маладосці, пачынала з рамана «Каласы пад сярпом тваім». Адразу спадабалася жывая мова, актыўная грамадзянская пазіцыя аўтара, адданасць сваёй зямлі. Для мяне гэта быў прыклад жыцця і працы. З яго твораў даведалася, якая багатая беларуская гісторыя.

Мікола МЯТЛІЦКІ, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі:

— Уладзіміра Сямёнавіча выпала мне бачыць у свае юныя літаратурныя гады. Ён ужо быў спелым, знакамітым майстрам айчыннай літаратуры. Яго прамовы на пленумах Саюза пісьменнікаў Беларусі можна было назваць палымяным заклікам шанаваць і любіць Бацькаўшчыну, яны заўсёды былі грунтоўныя, натхнёныя і пранікнёныя. Турбаваўся пра будучыню нашай краіны, стараўся абяссмерціць мову і перадаць яе новым пакаленням. У гэтым сэнсе настойліва прыводзіў прыклад дэтэктыва, якім многія ў свеце, у тым ліку і балканскія краіны, карысталіся, каб вярнуць у вусны народа страчанае слова. Усім сэрцам я палюбіў яго паэзію і, канечне, развітальны зборнік «Быў. Ёсць. Буду», які не можа не ўразіць. Яшчэ ў студэнцкія гады набыў васьмітомнае выданне Караткевіча і праштудзіраваў. Памятаю нашу незабыўную сустрэчу ў выдавецтве, калі Уладзімір Сямёнавіч прыносіў п’есы. Я тады стаў рэдактарам яго апошняй драматургічнай кнігі «Старыя беларускія хронікі». Але ўжо дамову падпісвалі з яго сястрой Наталляй Сямёнаўнай — класік памёр. Ва ўсіх беларусаў сціснулася сэрца ад такой непамысна ранняй страты. Што адметнага ў яго творчасці? Ён першым сур’ёзна звярнуў увагу на нашы айчынныя карані, гістарычныя вытокі. Стварыў легенду пра Беларусь — краіну, пра якую чулі не толькі ў славянскім свеце, але і далёка за межамі. Многае зрабіў, каб суайчыннікі ішлі правільнай дарогай насустрач Бацькаўшчыне. Усе пакаленні ведаюць, помняць і шануюць класіка — і гэта вялізны помнік яму як прысутнаму і жывому.
basikirskaya@sb.by

Фота sb.by, orsha.eu, instagram.com.

Калаж Алены ЧОРНАЙ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter