Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомая спявачка з Беларусі адкрывала сезон у “Метраполітэн-опера”, выканаўшы партыю Джульеты ў оперы “Казкі Гофмана”

Оперная зорка

А. Волкава ў ролі Джульеты
Нядаўна ў Вялікім тэатры Беларусі быў адметны гала-канцэрт: ушаноўвалі лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі. На пытанне журналістаў, чаму ж гэты дзень выбралі, каб аддаць ім належнае, гендырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка ўсміхнуўся: так, маўляў, зоркі сышліся.

Некаторыя з беларускіх “зорных” оперных спевакоў і сапраўды гастралююць па свеце. У прыватнасці, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава (мецца-сапрана) сёлета 26 верасня адкрывала сезон у знакамітым нью-ёркскім тэатры “Метраполітэн-опера”: спявала партыю Джульеты ў шэдэўры Жака Афенбаха “Казкі Гофмана”. Як патлумачылі мне калегі з Вялікага тэатра, у гэтым сезоне Аксана будзе спяваць там дзевяць спектакляў. Галоўную ж партыю — паэта Гофмана — выконвае на сцэне вядомы італьянскі тэнар Віторыа Грыгала.

Між тым партыя Джульеты — не першае ўжо выступленне мінчанкі на нью-ёркскай сцэне: дэбют адбыўся ў студзені 2013-га. Яна спявала партыю Мадалены ў спектаклі “Рыгалета” Джузэпэ Вердзі. Музыказнаўцы адзначалі: Аксана Волкава стала першай беларускай, якая за апошнія сто гадоў адкрывала сезон у “Метраполітэн-опера”. Затым спявала там партыю Вольгі ў прэм’ерным спектаклі “Яўгеній Анегін” Пятра Чайкоўскага — на адной сцэне з вядомай Ганнай Нятрэбка ў ролі Таццяны. А ў 2015-м на на той жа сцэне паўдзельнічала ў спектаклі “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” кампазітара з беларускімі родавымі каранямі Дзмітрыя Шастаковіча.

Рыгор Арэшка

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter