Отец с дочерью проводят в Каменце музыкальный фестиваль, на который съезжаются коллективы из разных стран

Опэн-эйр па-камянецку

Якія працоўныя дынастыі часцей сустрэнеш у сельскім раёне? Дактары ды настаўнікі. А Мікалай Громік і Ірына Вярэніч — музыканты. Бацька іграе на саксафоне, дачка — на фартэпіяна. Абое скончылі Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы, потым — вышэйшыя навучальныя ўстановы. Разам стварылі на сваёй малой радзіме — Камянеччыне — некалькі творчых брэндаў, без якіх сёння і не ўявіць культурнае жыццё рэгіёна. Перш за ўсё — гэта маладзёжны праект, фестываль жывой музыкі «Камянецкі драйв», які сёлета адбудзецца ў шосты раз у Дзень моладзі. Зараз падрыхтоўка — у самым разгары.

Фота Аляксея Сталярова

Мікалай Громік — загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама. Чыноўнік. Работа адказная. Здавалася б, на што яшчэ час можа заставацца пасля працы?

— На музыку, — кажа Мікалай Канстанцінавіч. — Трэба навязваць густы, пазбягаць засілля нізкаякаснай папсы. Беларускіх музыкантаў трэба паказваць жыхарам невялічкіх гарадоў, каб чулі і бачылі, што ў нас ёсць якасная музыка, якую ўжывую можна іграць і слухаць.

Шэсць гадоў таму Мікалай Громік задумаў фестываль на вольным паветры — оўпэн-эйр «Камянецкі драйв». З таго часу гарадскі парк і горад убачылі не толькі добра вядомыя беларускія гурты «Сад» і «Сцяна», «Дрозды» і «J:Морс», «Дай дарогу!» і Neuro Dubel, але і тыя калектывы, творчая біяграфія якіх нават маладзейшая за сам фестываль. Яны таксама запрашаюцца, бо «Камянецкі драйв» пазіцыяніруе сябе як маладзёжны праект-адкрыццё.

— Штогод на ўдзел у фестывалі падаюць заяўкі да 150 калектываў, — гаворыць Мікалай Громік. — Не ўсіх мы можам прыняць, хоць вельмі і хацелася б. За два дні звычайна выступаюць 20 ці крыху больш калектываў. Падчас нас называюць рок-фестывалем. Але ў нас у прыарытэце ўсё ж не рок-музыка, гэта фестываль вакальна-інструментальнай творчасці.

Мікалай Громік задае тон святу. Не камандным голосам, не. Сваім выступленнем.

— А інакш нельга, — перакананы ён. — Калі я іграю, то падымаю планку высока. Магу замяніць многіх з тых, хто стаіць побач на сцэне. І, паверце, лёгка адгадаю любы фальш, любую спробу выкласціся перад гледачом не да канца.

Мікалай Громік — вясковы хлопец. З прыгранічнай з Польшай вёскі Паніквы. Што Мікалая пацягнула да музыкі? Што дало сілы дабірацца ў Расну і вучыцца ў музычнай школе? Расна яго дзяцінства была вёскай вядомай. Кіраваў калгасам «Савецкая Беларусія» Уладзімір Бядуля, і да яго ў ДК прыязджаў іграць піяніст з сусветным імем — Святаслаў Рыхтэр. Былі Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў. Ну і шмат хто іншы вядомы на ўвесь свет. У гаспадарцы прайшла нават «Песня года — 87».

Але не славутасці, кажа Громік, прымусілі яго дабірацца з Панікваў у Расну ажно за 20 кіламетраў:

— Мой хросны бацька Васіль Бялюк працаваў у Доме культуры, ён вучыў мяне нотнай грамаце. Па яго прыкладу я выбраў акардэон. Напачатку бацька вазіў у Расну, потым мне купілі мапед, у маім дзяцінстве школьнік мог ездзіць на мапедзе без рызыкі быць аштрафаваным.

Пасля заканчэння школы паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча па класу «кларнет». Падчас службы ў арміі выступаў у складзе дывізіённага ансамбля. Потым — інстытут (зараз — універсітэт) культуры, дзе Мікалай Громік вучыўся аркестроваму дырыжыраванню. Са сталіцы вярнуўся на малую радзіму, дзе ўжо больш за 30 гадоў займаецца культурнай дзейнасцю — не толькі кіруе, кантралюе, але і музычныя інструменты бярэ ў рукі штодзённа.

— Чаму ўсё ж саксафон, а не акардэон? — пытаюся, убачыўшы на працоўным месцы інструмент.

— Час быў такі, модна было на саксафоне іграць. Але і акардэон не закінуў. Некалі пры аддзеле культуры райвыканкама іграў на ім у кааператыве «Радуга» — быў такі творчы калектыў, зарэгістраваны, я разумею, што зараз нават смешна казаць, як кааператыў.

Сёння, на жаль, вёскі пусцеюць. Закрываюцца ўстановы культуры. Але, кажа Громік, на Камянеччыне максімальна пастараліся клубы захаваць:

— У аграгарадку Відамля Дом культуры шмат гадоў стаяў замкнёным. Лічылася — на рэканструкцыі. У выніку агульнымі намаганнямі, пры дапамозе ААТ «Відамлянскае», будынак адрамантавалі. Там сёння апаратура, якой могуць пазайздросціць гарадскія ўстановы.  

Кіраўнік народнага клуба творчай моладзі «Свой круг» у Відамлянскім Доме культуры— Ірына Вярэніч. Дачка Мікалая Громіка. Ірына выкладае ў Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў па класу «фартэпіяна». І адзінаццаць гадоў пасля асноўнай працы практычна штодня прыязджае ў Відамлю з Камянца, каб дапамагаць мясцовым жыхарам адпачываць душой.

Яна здолела захапіць музыкай і тэатрам усю вёску, нават тых, хто баяўся рот адкрыць:

— Калектыў «Свой круг» мы стварылі ў 2008 годзе. Спачатку гэта была эстрадная студыя. Але ў працэсе працы пазначыліся вакальны, інструментальны, тэатральны напрамкі. У 2013-м «Свой круг» атрымаў званне «народны». У студзені гэтага года наш вакальны ансамбль Vega стаў уладальнікам дыплома I ступені на міжнародным фестывалі-конкурсе «Пакаленне Z». Разам са мной сёння працуюць і маі вучні, так што «Свой круг» — ён такі і ёсць.

Ірына сама спявае, выступае вядучай, сцэнарыстам, рэжысёрам. «Камянецкі драйв» — гэта і яе візітная картка як прафесіянала-арганізатара. Некалькі гадоў яна не толькі вядзе канцэрт, але і выступае рэжысёрам і дырэктарам праекта.

Ірына Вярэніч абяцае, што сёлетні опэн-эйр па-камянецку стане як заўжды незабыўным:

— Чакаем усіх у парку Камянца 29—30 чэрвеня. Наймагутнейшы гук (20 кВт), цудоўнае светлавое шоу, лепшыя рок-групы Беларусі, самыя цікавыя дыджэі. Будуць калектывы з Расіі, краін Прыбалтыкі, Украіны. Музыкі звычайна прыязджаюць з сем’ямі, з дзецьмі, гля-дзяць нашы славутасці і застаюцца пад вялікім уражаннем.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter