Любителей классического искусства приглашают на юбилейные «Вечера Большого театра в замке Радзивиллов»

Open air па-нясвіжску

Па добрай традыцыі, якой сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» ператвараецца ў чэрвені ў сцэнічную пляцоўку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Ідэя «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», узгадвае мастацкі кіраўнік творчага калектыву «Беларуская капэла» Вялікага тэатра Віктар Скарабагатаў, узнікла, калі яшчэ не былі да канца рэканструяваны ні тэатр, ні Нясвіжскі палац:

Фота прадстаўлена прэс-службай тэатра

— Але мы ўжо працавалі над операй нясвіжскага кампазітара Яна Давіда Голанда «Чужое багацце нікому не служыць». Памятаю, як прыехалі з прэзентацыяй будучай прэм’еры ў Нясвіж, пачулі незвычайнае рэха ў двары палаца і зразумелі, што лепшага месца для правядзення фестывалю пад адкрытым небам мы не знойдзем.

За дзесяць гадоў, лічыць Віктар Скарабагатаў, «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» сталі сапраўдным брэндам і тэатра, і Нясвіжскага музея-запаведніка:

— Фестывалем цікавяцца не толькі беларусы, але і замежныя турысты. Прычым заўважылі, што госці не пакідаюць сваіх месцаў нават падчас дажджу — адкрываюць парасоны, апранаюць плашчы і працягваюць слухаць і глядзець.

Тым больш Вялікі тэатр заўсёды рыхтуе для гасцей фестывалю ў Нясвіжы вельмі насычаную і разнастайную праграму. Вось і сёлета тысячы гледачоў змогуць на працягу трох дзён, з 14 па 16 чэрвеня, убачыць і пачуць цікавыя класічныя і сучасныя творы, паказы якіх пройдуць на некалькіх сцэнічных пляцоўках.
Адкрые фестываль у Тэатральнай зале замка Радзівілаў сольны канцэрт Алены Сало «Партрэты. Клаўдзія Шульжэнка». У гэты ж дзень, 14 чэрвеня, у касцёле Божага Цела адбу-дзецца канцэрт «З Ойчам адвечным», прысвечаны 200-годдзю Станіслава Манюшкі. У храме прагучаць арганныя і вакальна-камерныя творы кампазітара ў выкананні салістаў оперы і артыстаў аркестра. А вечарам ва ўнутраным двары замка гледачам пакажуць балет «Рамэа і Джульета».

У другі фестывальны дзень жыхароў і гасцей Нясвіжа чакаюць яшчэ адзін канцэрт, прысвечаны творчасці Станіслава Манюшкі, і захапляльная опера Джакама Пучыні «Тоска». У нядзелю, 16 чэрвеня, струнны квінтэт «Серэнада» пацешыць выкананнем музычных твораў са знаёмых кінафільмаў, а на галоўнай сцэне ва ўнутраным двары замка пройдзе гала-канцэрт «Зоркі Вялікага ў Нясвіжы», які завершыць маштабны тэатральны open air. У праграме папулярныя арыі, харавыя сцэны, куплеты і дуэты з залатога фонду сусветнай оперы, а таксама найярчэйшыя фрагменты з любімых балетаў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter