Нёман выйшаў з сябе

Як перажываюць паводку падтопленыя вёскі Стабцоўскага раёна

На памяці мясцовых і лодкі ў цэнтры вёскі, і крыгаход амаль што ў агародзе, і поўныя цераз край вады рыбацкія боты. Сёння эпіцэнтр паводкі — Новы Свержань — жыве як звычайна. Хіба што тры назіральныя пасты ратавальнікаў сведчаць аб тым, што адбываецца нешта пазаштатнае. Хаця начальнік Стаўбцоўскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын паспяшаўся растлумачыць: 

– Байцы патрэбны больш для таго, каб праінфармаваць людзей, дапамагчы, калі ёсць такая патрэба. Узровень вады на вечар 19 сакавіка – 239 см. Гэта дапушчальная лічба. У раёне арганізаваны два пункты для часовага размяшчэння людзей, кожны на 250 месцаў. Аднак пакуль заявак на эвакуацыю не было. Жывёлу таксама ўладкоўваюць сваімі сіламі. 

Адзін з трох пастоў у Новым Свержані. Ратавальнікі кантралююць узровень вады ў Нёмане
Фота Аляксандра СТАДУБА

Каля сельсавета сустракаем некалькі чалавек. Тамара Даўгапол тут жа запрашае да сябе ў двор. «Хоць бы ў дом вада не пайшла», – адзінае, аб чым просіць жанчына. Памятае, як па шчыкалатку залівала залу. Вось і цяпер на ўсялякі выпадак падгарнула шторы ды падаставала саленні са склепа.

– За бульбу не баюся, што з ёй будзе? – разводзіць рукамі гаспадыня. – Перабяру ды мокрую свінням аддам. Адну ў суботу забілі, паспелі. Казу сяброўка ўзяла ператрымаць, курэй – нявестка. 

У невялікім хляве сумуе ладненькі ўжо кабанчык. Часова адсяляць яго патрэбы няма.

– У мінулыя гады ў хляве мне амаль па пояс было. Ганак цалкам хаваўся пад ваду. Дарэчы, марозік на руку, вада сыходзіць паволі. Але сапраўдная паводка, думаю, яшчэ наперадзе, як толькі цяпло прыйдзе. На днях чулі, як Нёман гудзе, крыгаход пачынаецца. Але не страшна, амаль 30 гадоў тут пражыла, ужо прывыкла.

Згаджаецца з ёй і суседка Наталля Жак. Успамінае, апошні раз білі трывогу гадоў шэсць таму. Тады да хаты ад так званай «вялікай зямлі» можна было дабрацца толькі на лодцы.

– Калі вада прыбывае, трохі не па сабе. Але ж такое яно, жыццё ля рэчкі. Жывёлу я не трымаю, птушку на гарышча перанесла. Пеўні паспаць не даюць, з самага рання спяваюць над галавой, – смяецца Наталля Міхайлаўна. – А склеп яшчэ з восені апустошыла, таксама шмат вады было. Як вынеслі тады слоікі, так і не заносілі. 

Не раз успаміналі навасвержанцы далёкі 1959-ы, калі Нёман ліўся прама цераз цэнтральную вуліцу. Канечне, такога развіцця падзей сёлета не чакаюць. Але на ўсялякі выпадак ратавальнікі дзяжураць кругласутачна. Хлопцы правялі да ракі, паказалі замеры. Напярэдадні вечарам – плюс 30 см, раніцай – ужо мінус 4. Месцамі рака выйшла на дарогу, вяскоўцы кідаюць свае аўто ў пачатку вёскі – не рызыкуюць.

– За суткі ніводнага звароту, – рапартуюць нам на развітанне. – Абыходзім вуліцы, размаўляем з людзьмі. Панікі няма, сітуацыя пад кантролем.

arabeskaira@mail.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...