Нязгасная зорка

“Такая настаўніца нам не трэба”, -- заявілі сяляне будучай спявачцы Ужо неяк дзесь загадваў: у свае маладыя гады вельмі быў я да ўсяго цікаўны. Найперш мне хацелася ведаць пра тое, што было да мяне. Гэтая прага ведаў і прывяла ў 1977 годзе да народнай артысткі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай. Была яна ўжо тады слабая, хворая. Ляжала ў лячэбніцы. Але на выхадныя вырвалася дадому, дахаты. У такія дні і адбываліся нашы сустрэчы. Гаварыць ёй было цяжка – брала удушша, і я прапанаваў адкласці нашы размовы на лепшыя часы. Але яна пярэчыла: “Лепшых часоў не будзе...” Ларыса Пампееўна апавядала пра сваё маленства, пра сваіх дзядоў, далёкіх продкаў, пра сваё жыццё... ...Першая імперыялістычная вайна выгнала нашу сям’ю з Мінска ў Петраград. Пасля вяртання з Петраграда паўстала пытанне: нешта трэба рабіць, за нешта трэба рукі зачапіць. Але за што? ...Пайшла ў Савет народных камісараў, -- згадвала Ларыса Пампееўна. -- Накіравалі мяне ў Старыя Дарогі ў школу. Прыехала... Людей сабралі... Поўная школа сялян, дзяцей... Расказалі крыху пра мяне. Пачалі вырашаць, да каго на кватэру паставіць. Адна кажа: -- Да мяне! Другая пярэчыць: -- Не, да мяне. У цябе мужык прыкладваецца да чаркі, дык ёй у цябе будзе няўклюдна... Пасля пачалі вырашаць, у каго я павінна сталавацца. І зноў дзесяткі прапаноў... Раптам нехта кажа: “Мы чулі, што наша вучыцелька песні спявае. Мо як і нам заспявала б?” Ну, што рабіць? Падышла я да піяніна – сабраліся ў нейкім маёнтку – і заспявала адну беларускую песню, другую. Паслухала мяне вясковая грамада: “Не, нам такая настаўніца не трэба. Такая настаўніца павінна жыць у горадзе і сама вучыцца. Нам трэба простая вучыцелька... А гэтая хай у горад едзе і там спявае”. І выправілі мяне назад, у горад. Пераспала я ноч. А назаўтра -- да сваёй фурманкі з сенам. А там ужо людзі. “Ой, мая ты душачка, -- кажа адна, -- ты ўжо спявай, дый і нас не забывай... А каб ты, мая дзяўчынка, зусім не схуднела, дык мы табе бульбы насыпалі”. Вось гэтак народ выправіў мяне ў песні. З таго моманту я стала артысткай. Было гэта ў 1920-м. Ішоў мне семнаццаты год... ...Згадваючы сёння пра свае сустрэчы з Ларысай Пампееўнай у два апошнія гады яе жыцця, я шкадую, што так мала распытаў. Адзінае, што мне зараз застаецца, магчымасць пакружыцца ля дома, у якім жыла Ларыса Пампееўна ды пастаяць у маўклівым роздуме ля бронзавай надмагільнай постаці славутай спявачкі, нашай беларускай Перапёлачкі, 100-гадовы юбілей якой адзначаецца 15 лютага.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter