Нязгаснай песняй Беларусь хвалюецца ў вачах

Шмат год назад мне пашчасціла ў знакамітым Маскоўскім тэатры на Таганцы ўбачыць спектакль “Павшие и живые”. Спектакль па вершах паэтаў-франтавікоў – загінуўшых і жывых. Павел Коган, Георгій Сувораў, Міхаіл Кульчыцкі, Мікалай Маёраў і яшчэ чатыры сотні паэтаў і пісьменнікаў тагачаснага Савецкага Саюза назаўсёды засталіся на палях баёў. Убачаны спектакль уразіў і запомніўся не на нейкі час, а назаўсёды. Захацелася даведацца і пра беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, што не вярнуліся з вайны.
Яны былі з розных месцаў Беларусі: з вёсак, мястэчак і гарадоў, ад берагоў Нёмана, Дняпра, Прыпяці... Зусім маладыя рамантыкі і больш сталыя. Яднала ж іх любоў да сваёй зямлі і да творчасці, вялікая вера ў перамогу. І гэту веру яны перадавалі іншым. Перадавалі сваёй асабістай адвагай у баях і мужнымі аптымістычнымі радкамі. Змітрок Астапенка, Янка Бобрык, Змітрок Віталін, Леанід Гаўрылаў, Аркадзь Гейнэ, Алесь Дубровіч, Алесь Жаўрук, Рыгор Жалязняк, Аляксей Коршак, Сяргей Крывец, Тодар Курбацкі, Міхась Малочка, Алесь Мілюць, Эля Каган, Сямён Ляльчук, Павел Левановіч, Мікола Нікановіч, Алесь Пруднікаў, Рыгор Суніца, Уладзімір Рагуцкі, Алесь Радзівонаў, Мікола Сурначоў, Мікола Сямашка, Леў Талалай, Рува Рэйзін, Андрэй Ушакоў, Хвядос Шынклер, Іван Шапавалаў, Генадзь Шведзік, Міхась Юдэлевіч, Уладзімір Ясючэня... Розную творчую біяграфію мелі яны перад пачаткам вайны. Хто быў ужо вядомым літаратарам, а хто – пачаткоўцам; хто – закончыў інстытут, а хто – школу. Загінулі яны ў розныя перыяды вайны і на розных яе рубяжах. Некаторыя – у першыя месяцы, балючыя месяцы адступлення, калі да перамогі заставалася яшчэ далёка-далёка. А хто, прайшоўшы тысячы кіламетраў, выжыўшы ў сотнях баёў, “лёг віцязем” далёка ад роднай зямлі, сярод чужых палёў, не дажыўшы да перамогі лічаныя месяцы і дні. У гарачым пекле вайны, пад Сталінградам, загінулі Хвядос Шынклер, Аркадзь Гейнэ, Алесь Жаўрук. Хвядоса Шынклера, на пачатак вайны вядомага аўтара некалькіх кніг, у армію не прызвалі – моцна падводзіла здароўе. Калі ён быў у эвакуацыі, некалькі месяцаў працаваў на Свярдлоўскім тэлеграфе. Але вырашыў, што ў такія лёсавызначальныя для Радзімы часы пісьменнік павінен быць на фронце. 25 кастрычніка ён, камандзір узвода, разам са сваімі салдатамі браў вышыню каля пасёлка Бякетаўка пад Сталінградам. Той асенні дзень стаў апошнім днём гэтага добрага і мужнага чалавека, таленавітага пісьменніка. А летам таго года ў блакадным Ленінградзе памёр Янка Бобрык. Ён катэгарычна адмовіўся адправіцца ў эвакуацыю. У пераможныя 1944-й і 1945 гады загінулі Змітрок Астапенка, Алесь Мілюць, Рыгор Мурашка, Сямён Ляльчук, Аляксей Коршак, Сяргей Крывец, Эля Каган, Мікола Сурначоў... Сярод загінуўшых паэтаў асабліва вылучаецца Мікола Сурначоў. Яго лірычныя вершы мелі і маюць сілу незвычайную. Хлопец з Рагачоўскага раёна, ён прайшоў вайну ад званка да званка, пабываў на многіх франтах. Пасля цяжкіх раненняў – месяцы ў шпіталях, і зноў – фронт. Ён гераічна загінуў 20 красавіка 1945 года, не дайшоўшы да Берліна васьмі кіламетраў. Да апошніх хвілін жыцця, паранены, ён прыкрываў агнём адыход таварышаў. Пасля вайны адзін з яго баявых сяброў пісаў паэту Міколу Аўрамчыку: “Я рад, што мне давялося правесці з Сурначовым шмат баявых дзён і начэй, дзяліць усе нягоды баявога паходу. Вось бывае ж так: увойдзе чалавек у душу, размесціцца ў ёй, і калі ўспамінаеш пра яго, здаецца, што ён там знаходзіўся раней, чым ты зразумеў, што такое душа...” Назаўсёды застаўся Мікола Сурначоў і ў памяці яго сяброў-паэтаў, тых, хто вярнуўся. З удзячнасцю звярталіся да яго і паэты новага, пасляваеннага пакалення. Шмат гадоў назад, пачынаючы свой творчы шлях, верш Міколе Сурначову прысвяціла выдатная беларуская паэтэса Яўгенія Янішчыц. * * * Я нясу любві адданай слова Ў край, што ў цяжкіх бітвых не зачах. І нязгаснай песняй Сурначова Беларусь хвалюецца ў вачах. Цудоўныя радкі Яўгеніі Янішчыц, думаецца, можна прысвяціць не толькі Сурначову, але ўсім паэтам і пісьменнікам, што загінулі на вайне. Да іх твораў варта звяртацца часцей, каб прычасціцца і натхненнем, і дабрынёй, і патрыятызмам. Мікола Сурначоў Ніколі не ехаць Хлапцу маладому Да роднага гаю, Да блізкага дому. Над ім асыпаюцца Слуцкія краскі, Абсмалены колас Схіліўся да каскі. Ляжыць ён, як віцязь, У стоптаным жыце. Маці спаткаеце – Ёй не кажыце. Гэты верш быў напісаны Сурначовым у першыя дні вайны. Аляксей Коршак От і ўсё. За светлы край азёрны, За вясну ў палёх, Неба сіняе ў кроплях зорных Я навек тут лёг. Дзесьці плача кнігаўка... Ці маці... Мама, бліжай сядзь. Хочу глянуць, хоць крыху абняці – Галавы не ўзняць. Што ж ты не прытулішся, матуля? На мяне хоць глянь, — Гіне сын героем твой ад кулі, Каб квітнела рань. (1942 г.) Аляксей Коршак загінуў у лютым 1945 г. ва Усходняй Прусіі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter