Нязгаснае святло “Полымя”

Сёння ў сталічным Доме літаратара пройдзе святочная вечарына, прысвечаная 85-годдзю старэйшага ў Беларусі літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса "Полымя".

Гісторыя часопіса — гэта, па сутнасці, гісторыя Беларусі, яе літаратурнага, культурнага, сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця. Змяняліся рэдактары, з гадамі абнаўляўся склад рэдакцыі, але нязменнымі заставаліся традыцыі, закладзеныя першапраходцамі, — знаёміць чытачоў з лепшымі творамі беларускіх пісьменнікаў. Менавіта ў “Полымі” ўпершыню пабачылі свет “Палеская хроніка” Івана Мележа, вершы Максіма Танка і Петруся Броўкі, уганараваныя потым Ленінскай прэміяй. Сярод аўтараў “Полымя” — і лаўрэаты Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Іван Шамякін, Янка Брыль, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, Андрэй Макаёнак, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў і многія-многія беларускія пісьменнікі, чые творы ўвайшлі ў школьныя падручнікі, сталі хрэстаматыйнымі.
Сённяшні часопіс працягвае знаёміць чытачоў з сучасным літаратурным працэсам. Толькі сёлета на яго старонках былі змешчаны творы Уладзіміра Дамашэвіча, Уладзіміра Гніламёдава, Кастуся Цвіркі, Уладзіміра Ліпскага, Валянціны Коўтун, Георгія Марчука, Каліны Васілеўскай, Андрэя Федарэнкі і іншых празаікаў. Не меней прывабна на імёны выглядаюць таксама паэзія, крытыка і літаратуразнаўства, публіцыстыка.
На працягу гэтага года ажыццяўляўся сумесны праект з НАН Беларусі, асноўнай мэтай якога было пазнаёміць чытачоў з апошнімі дасягненнямі аграрнай навукі і ўкараненнем іх у паўсядзённую практыку.
Рубрыка “Легенды ХХ стагоддзя” прадстаўляе знакамітыя постаці нашай Бацькаўшчыны ў розных сферах культуры: перад чытачамі на гэты час, як кадры кінахронікі, прайшлі ўжо лёсы опернай спявачкі Ларысы Александроўскай, актрысы Стэфаніі Станюты, скульптара Заіра Азгура, пісьменнікаў Івана Мележа і Максіма Танка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter