Нявечная формула зямнога прыцягнення?

ЖЫЦЬ у гармоніі з навакольным асяроддзем вучыла іх класны кіраўнік, настаўніца хіміі Надзея Фадзееўна Дудко. Бывала, на ўроку прасілі: «Надзея Фадзееўна, сонца моцна свеціць, давайце вокны зашторым». А яна ў адказ: «Дзеці, радуйцеся, што сонейка да нас зазірнула. Не хавайцеся ад яго». Ад яе перанялі яны навуку жыць не толькі ў згодзе з прыродай, а і з самімі сабой. Аднакласнікі сябравалі і часта сустракаліся па-за школай. Вечарыны, паходы, конкурсы. Таму не дзіўна, што амаль усе з іх класа ў вёсцы і засталіся — у сваім звыклым асяроддзі. 14 дзяўчат і 12 юнакоў. Нават тыя, якія добра вучыліся. Працоўныя біяграфіі пачалі хто на ферме, хто ў паляводчай брыгадзе.

Як склаўся лёс выпускнікоў 1981 года Багушэвіцкай школы Бярэзінскага раёна, якія амаль усім класам пайшлі працаваць у калгас

ЖЫЦЬ у гармоніі з навакольным асяроддзем вучыла іх класны кіраўнік, настаўніца хіміі Надзея Фадзееўна Дудко. Бывала, на ўроку прасілі: «Надзея Фадзееўна, сонца моцна свеціць, давайце вокны зашторым». А яна ў адказ: «Дзеці, радуйцеся, што сонейка да нас зазірнула. Не хавайцеся ад яго». Ад яе перанялі яны навуку жыць не толькі ў згодзе з прыродай, а і з самімі сабой. Аднакласнікі сябравалі і часта сустракаліся па-за школай. Вечарыны, паходы, конкурсы. Таму не дзіўна, што амаль усе з іх класа ў вёсцы і засталіся — у сваім звыклым асяроддзі. 14 дзяўчат і 12 юнакоў. Нават тыя, якія добра вучыліся. Працоўныя біяграфіі пачалі хто на ферме, хто ў паляводчай брыгадзе.

На адной вуліцы — 67 дзетак

Вольга Скуратовіч пайшла на запраўку. А потым уладкавалася ў дзіцячы сад, там працуе і зараз.

— Часта ў школу прыходзілі старшыня і калгасныя спецыялісты, расказвалі, якія важныя сельскія прафесіі, што, працуючы ў гаспадарцы, можна атрымаць жыллё. А мы і самі маглі з кабінетаў назіраць, як забудоўваецца цэлая вуліца, — прыгадвае Вольга Віктараўна.

Такія вось гутаркі моцна ўплываюць на свядомасць, пераканалася яна на сваім вопыце. За аднакласніка Аляксандра Скуратовіча выйшла замуж, калі той вярнуўся з арміі. І сапраўды яны атрымалі новы дом на вуліцы Маладзёжнай. Назва гэта прыжылася адразу, бо насамрэч атабарыліся там маладыя работнікі — медыкі, настаўнікі, калгаснікі. З іх класа чалавек шэсць.

— Калі мы пераехалі сюды з бацькоўскай хаты з двума сынамі, на нашай вуліцы гадавалася 67 дзяцей — наўкола ўсё звінела, — працягвае жанчына. — У сем’ях было па трое, а то і па пяцёра. Мы часта разам праводзілі святы, ды і проста так, пад настрой, знаходзілі час на бяседу. У каго што смачней атрымоўвалася, тым і частавалі суседзяў. І не трэба ніякіх кафэ. Талакой спраўляліся з рознай работай. Зараз на ўсе двары — толькі чацвёра дзетак. Затое ўнукаў на канікулы з’яджаецца — не пералічыць. Ды і з нашага класа ў Багушэвічах засталіся толькі пяць чалавек. Некаторыя хлопцы пасля арміі пазнаходзілі сабе жонак, падаліся ў горад, дзяўчаты павыходзілі замуж хто куды. Адна апынулася ажно ў Ізраілі.

Кудысьці з’язджаць у Аляксандра і Вольгі нават думак не ўзнікала: падрасталі тры сыны, і ўсе клопаты былі пра сям’ю. А, як кажуць на Усходзе, паляўнічы на качак харчуецца лепш, чым паляўнічы на жар-птушку. Вось і выбралі больш практычны варыянт. Сыноў жа гэта мудрасць не спыніла. Двое ўжо з’ехалі з роднай вёскі — спачатку на вучобу, а потым і працу знайшлі. Малодшы Віктар у гэтым годзе паступіў вучыцца на аўтакранаўшчыка. Пакуль ён не парваў сувязі з зямлёй, летам дапамагаў бацьку на жніве. Экіпаж Скуратовічаў першым у раёне намалаціў тысячу тонн збожжа. Аляксандр Мікалаевіч штогод у перадавіках на ўборцы. Летам Віцю, які захапіўся ў школе спартыўным арыентаваннем, звалі на спаборніцтвы ў Карпаты, аднак юнак адмовіўся: трэба бацьку дапамагчы.

Скуратовічы трымаюць вялікую гаспадарку. Здаюць малако. І каб лягчэй Вользе было даіць дзвюх кароў, маці падарыла ёй даільны апарат за шэсць мільёнаў. Сёння вяскоўцы стараюцца аблегчыць сваю працу, і яна ўжо не так «прыгнячае». У кожнага механізатара ці вадзіцеля, спецыяліста — легкавы аўтамабіль, дзе-нідзе — і трактар на падворку. Але ўсё роўна пры гаспадарцы чалавек заняты штодня, і складана знайсці хоць тыдзень на адпачынак.

Такі расклад жыцця найперш адпужвае маладых. Бо і само паняцце адпачынку памяняла свой сэнс. Раней у нашых бабуль і дзядуль існаваў цэлы шэраг забаў, калі яны маглі, гаворачы сучаснай мовай, «расслабіцца». Стройная сістэма народных абрадаў і святаў даўно парушана, а тое, што прапануюць зараз узамен клубы — толькі сузіранне пэўнага дзейства, а не ўдзел у ім, як было гэта ў нашых продкаў. Не дзіўна, што ад маладых чуеш: на вёсцы сумна. Весялосць жа прынята шукаць самі ведаеце ў чым. Калі ж вясковец не можа паехаць у той жа санаторый ці дом адпачынку, то гэтыя ўстановы варта наблізіць да яго. І многія іншыя сацыяльныя даброты.

Помніць імя сваё   

Вуліцу Маладзёжную пачалі будаваць, калі старшынёй мясцовага калгаса працаваў Міхаіл Навіцкі.

— З сакратаром парткама Пятром Абрамавічам Прыбыткіным, хоць ён і працаваў настаўнікам, ездзілі на Століншчыну, дамаўляліся з «шабашнікамі», — успамінае Міхаіл Уладзіміравіч. — З Прыбыткіным жа наведвалі тэхнікумы, упраўленне кадраў аблсельгасхарча. У тую пару не хапала спецыялістаў. Калі мяне абралі старшынёй у 1971 годзе, зарплату калгаснікам, здаралася, па тры месяцы не выплачвалі. Потым неяк «сабралі» калгас. У васьмідзясятыя гады сталі больш заможнымі. Цяжкасці заўсёды будуць. Аднак, каб іх пераадолець, трэба рупіцца, а не сядзець на месцы.

Такая вось парада ад ветэрана. Між іншым, дзякуючы ўзгаданаму Пятру Прыбыткіну вяскоўцы ведаюць багатую гісторыю роднага краю. Ён быў апантаным краязнаўцам і знайшоў шмат звестак пра паўстанне 1863 года, трагічныя падзеі якога закранулі і гэтыя мясціны. Пра іх нагадвае Багушэвіцкі касцёл, узведзены польскімі магнатамі Свентаржэцкімі, былымі ўладарамі тутэйшых вёсак і земляў. Адзін з апошніх нашчадкаў іх роду — Баляслаў — у скляпеннях велічнага будынку хаваў зброю для атрадаў Кастуся Каліноўскага. Гэты эпізод апісаў у рамане «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімір Караткевіч. Праўда, знакаміты пісьменнік «чорнымі фарбамі» стварыў вобраз праваслаўнага святара. Яго ж прататып, настаяцель мясцовай царквы Данііл Канапасевіч, на самой справе ад паўстанцаў прыняў пакутніцкую смерць. Дрэнна скончыў і Баляслаў Свентаржэцкі. Пасля разгрому мяцежнікаў ён уцёк у Парыж. Ды шчасця на чужыне не знайшоў. У Францыі былы дэпутат Мінскага дваранскага сходу застрэліўся. Вядома, што ён пазычыў вялікія грошы ў мясцовых памешчыкаў на рэвалюцыйную арганізацыю, і потым, пасля продажу маёнтка, доўг спагналі з яго дачкі.

Паходзіць з Багушэвічаў і першы камсамолец Бярэзіншчыны Мікалай Рыбачонак, помнік якому ўстаноўлены каля клуба-бібліятэкі. Помнік жа Канапасевічу, пастаўлены яшчэ ў 1870 годзе, увойдзе ў ствараемы ансамбль з будуемай царквой на тым месцы, дзе была яна некалі разбурана. Узводзяць новы храм за ўласныя сродкі ўраджэнцы гэтых мясцін Генадзь Няхай і Алег Чарноў, у якіх свой бізнес. На жаль, не ў Багушэвічах — у Мінску.

Будзе адрамантаваны і касцёл, помнік архітэктуры. Два храмы, лічыць старшыня сельсавета Ларыса Бабіновіч, упрыгожаць аграгарадок. Наогул, у старшыні шмат задумак па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Хочацца, каб людзям жылося ўтульна, каб штосьці ўтрымлівала іх тут — не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае — памяць, гонар, годнасць.

Пісьмы з вайны

А вось у Сяргея Мацкевіча наладзіўся бізнес і на роднай зямлі. Яны з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай таксама аднакласнікі. Перапісваліся, калі служыў у арміі. Потым ён пайшоў працаваць на аўтазавод, а Валя вучылася ў педінстытуце. Кожны вечар, калі ў яго была першая змена, сустракаў дзяўчыну, летам — абавязкова з гладыёлусамі. З букетам гэтых урачыстых, прыгожых кветак прыйшоў і на іх вяселле. Жыццёвая пуцявіна ледзь не вывела маладую сям’ю на гарадскі бальшак: пасля школы прапаршчыкаў служыў у Мар’інай Горцы і збіраўся перавезці туды маладую жонку з дзецьмі. Ды афганская вайна парушыла іх планы.

— Аднойчы прыехаў ён дадому, нічога не кажа, але я бачу, штосьці не так. Прызнаўся: адпраўляюць у Афганістан, — Валянціна Міхайлаўна ледзь стрымлівае слёзы. І адмовіцца Сярожа не мог: у маладога афіцэра, які павінен быў ехаць у Кандагар, намячалася вяселле. У той дзень, як яго з аэрадрома адпраўлялі ў Кабул, праводзіў Сярожу мой брат. Пасля ён патлумачыў мне, што паехаў муж у самае пекла. Сяргей напаследак патэлефанаваў дадому. А маці мая дый кажа: «Нешта мне так трывожна на душы. Мабыць, я больш не ўбачу Сяргея». Так і здарылася — 3 мая мама памерла, а Сяргей вярнуўся ў чэрвені.

Усе пісьмы мужа яна беражліва  захоўвае. Што ў іх? У самым першым заспакойваў: «Валька, не хвалюйся, усё будзе добра». Нават на вайне маладога мужчыну турбавалі сялянскія клопаты: ці выкапалі бульбу, як упраўляюцца без яго па гаспадарцы. Перад вяртаннем паведаміў, што хоча звольніцца з арміі. І Валянціна яго падтрымала, нягледзячы на тое, што ў Мар’інай Горцы маглі выдзеліць кватэру.

Захаваў і Сяргей Георгіевіч вестачкі з дому. Яго матуля ў лістах да яго ў Афганістан сварылася: «Паехаў, нічога не сказаў, не пагаварыў ні з кім. А што ты Вальку аставіў? Ні дома, ні замужам. Вяртайся назад!» Сёння здаецца смешным тое разважанне недасведчанай жанчыны. Аднак у ім — сялянская мараль: сорамна кідаць сям’ю. Зрэшты, на вялікіх і дружных сем’ях трымалася вёска. І на жанчынах — носьбітах маралі. Як і тры куты хаты.

— Я не магу доўга знаходзіцца ў горадзе, мне там не хапае паветра, — прызнаецца мая субяседніца. — А якое прыгожае на досвітку неба. Хіба ў горадзе гэта ўбачыш? Я ўстаю а палове шостай, пяе певень, у хляве чакае мяне лапавухая Пралеска. Некалі запыталася ў мужа, ці не шкадуе, што перацягнула яго ў вёску? Ніколечкі. Тут наш лёс.

Валянціна Мацкевіч — настаўніца ў Багушэвіцкай школе. І ў яе на два ўрокі больш нагрузкі, чым значыцца ў раскладзе: 45 хвілін яна шыбуе з роднай вёскі Высокая Гара, дзе і па сёння жывуць з мужам, у родную школу. І столькі ж назад. Праўда, часцей на работу і дадому падвозяць.

Цяпер Сяргей Мацкевіч займаецца дрэваапрацоўкай як прыватны прадпрымальнік. Малодшы сын служыць у міліцыі. Старэйшы таксама любіць разьбу па дрэве. Вучыцца завочна ў тэхналагічным універсітэце. Магчыма, захоча некалі пераняць бацькаву справу і трывала асесці на роднай зямлі.

Ці трэба бегчы ад сябе?..

Дзве гісторыі шчаслівых лёсаў. Чаму ж іншыя пакінулі вёску? Хто выведзе сучасную «формулу» зямнога прыцягнення?

— Не ведаю, чаму з’язджаюць, па розных прычынах, — разважае старшыня сельсавета, — але заўсёды знойдуцца тыя, каму больш падабаецца вясковае жыццё. Лічу, у нашым аграгарадку створаны належныя ўмовы для пражывання: ёсць амбулаторыя, комплексны прыёмны пункт, тры магазіны райспажыўсаюза і адзін прыватны, школа, пошта. У ААТ «Багушэвічы» пустуе нават адзін новы дом з выгодамі. Гаспадарка дапамагае ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, гадзіна работы трактара каштуе 25 тысяч рублёў. Адно што ў мясцовай гаспадарцы вакансій не багата. Ды і моладзь не задавальняюць заробкі ў сельгасвытворчасці.

Цяпер на тэрыторыі сельсавета ў 25 населеных пунктах пражываюць 1730 чалавек, сярод якіх 27 шматдзетных сем’яў. У Багушэвічах — больш за чатырыста жыхароў. Такія ж вялікія вёскі Міхалёва і Якшыцы. У астатніх — у асноўным пенсіянеры. Затое шмат фарміруецца дачных пасёлкаў. Першая лінія ад ракі Бярэзіны ўжо занята пад будаўніцтва. Самы дарагі кадастравы кошт участка — 4 мільёны рублёў. На аўкцыёне зямля прадаецца няшмат даражэй за кадастравую цану. А раней і наогул можна было набыць надзел за сімвалічную суму. Зараз атрымалі дазвол устанаўліваць кошт прывабных участкаў з аўкцыённай зоны па асобнаму тарыфу. Напрыклад, за адзін з такіх камісія вызначыла пачатковую цану ў 10 мільёнаў і крок аўкцыённых таргоў у 15 працэнтаў, каб болей выручыць так неабходных для развіцця тэрыторый сродкаў. За тры гады зроблена нямала — падрамантавалі дарогі, вырашылі праблему сметнікаў. Цяпер трэба ўпарадкаваць могілкі з іх старымі дрэвамі.

Другая праблема — рамонт помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета адрамантавалі абеліск у вёсцы Чыжаха, на што пайшло каля 15 мільёнаў рублёў. Яшчэ патрэбны грошы, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол яго. Трэба прывесці ў парадак скверы, зрабіць месцы для адпачынку, адрамантаваць касцёл. Развіваць інфраструктуру адпачынку. Але галоўнае — тут варта ствараць новыя рабочыя месцы, мяркуюць маладыя вяскоўцы. Падтрымліваць самазанятасць людзей. Каб было дзе працаваць тым дзецям, якіх сёлета набралі ў Багушэвіцкі дзіцячы сад. А іх — цэлых дзве групы. Каб утварылі яны яшчэ адну маладзёжную вуліцу.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Фота  аўтара і Алены ГРОМАВАЙ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter