Нясвiжскi подых даўнiны

З якога напрамку нi ўязджаў бы ў Нясвiж, неўзабаве за панарамай новабудоўляў, па-сучаснаму ўладкаваных i прыбраных вулiц раптам выгляне горад мiнулага, горад-гiсторыя, горад-скарб

З якога напрамку нi ўязджаў бы ў Нясвiж, неўзабаве за панарамай новабудоўляў, па-сучаснаму ўладкаваных i прыбраных вулiц, за чарадой сённяшнiх паўсядзённых клопатаў раптам выгляне горад мiнулага, горад-гiсторыя, горад-скарб.

Велiчныя Ратуша, дзе некалi размяшчаўся магiстрат, Радзiвiлаўскi замак, пабудаваны на ўзор рымскага храма Эль Джэзу, Нясвiжскi фарны касцёл, Слуцкая брама – усё тут дыхае сiвой даўнiной, захоўвае адбiтак таямнiчасцi. Варта толькi прайсцi па алеях старога парка цi спусцiцца ў фамiльную крыпту князёў Радзiвiлаў... 

Апеты ў вершах i песнях, у творах мастакоў i скульптараў, ахутаны тайнамi далёкiх легенд i паданняў, Нясвiж заўжды моцна прываблiваў да сябе. I сюды iшлi, ехалi зблiзку i здалёк, з усiх мясцiн нашай Беларусi, з суседнiх краiн, каб на свае вочы пабачыць некаранаваную сталiцу Вялiкага княства Лiтоўскага, каб больш даведацца, чым сёння жыве старажытны куток, як захоўвае багацце, якому не было i няма цаны. 

I як цудоўна, што ўдзячныя нясвiжцы трапятлiва берагуць, а яшчэ i памнажаюць набыткi сваiх продкаў. I ў гэтых сваiх памкненнях адчуваюць руку падтрымкi дзяржавы, органаў улады ўсiх узроўняў. Як i папярэднiя кiраўнiкi раёна Уладзiмiр Дражын, Леанiд Крупец, цяперашнi старшыня райвыканкома Фёдар Прывалаў шмат клапоцiцца пра тое, каб зрабiць гэты непаўторны куток нашай Айчыны яшчэ больш прыгожым i прывабным. 

Амаль год назад, у лiпенi 2005 года, сесiя Мiжурадавага камiтэта па культурнай спадчыне ЮНЕСКА зацвердзiла ўнясенне архiтэктурнага комплекса былой рэзiдэнцыi Радзiвiлаў у Спiс сусветнай спадчыны чалавецтва. Гэтая акалiчнасць напамiнае нам усiм аб адказнасцi за лёс знакамiтых помнiкаў гiсторыi i культуры. Прыемна ўсведамляць, што сам Нясвiж яе адчувае ў поўнай меры. I непакоiцца тым, каб дух мiнуўшчыны, яе лепшыя традыцыi дапамагалi жыць i выхоўваць сучаснае пакаленне беларусаў. 

Падчас святаў, урачыстых падзей сёння на плошчах горада разыгрываюцца такiя iмпрэзы, што, здаецца, яшчэ хвiлiна – i ты апынешся ў XVIII цi нават XVII стагоддзi. А ў дзень вяселля, кажуць, цяпер тут стала модным вазiць маладых у загс не на “волгах” цi “таётах”, а на чатырохколавым фаэтоне, запрэжаным стаеннымi рысакамi. 

I як праўдзiва ў такiя моманты перадаюць пачуццi словы паэта Уладзiмiра Карызны з гiмна старажытнага i заўжды маладога горада: 

Нясвiж – родны дом наш, славуты i мiлы, 

Дзе памяць святою крынiчкай звiнiць. 

Тут нельга каханым не быць i шчаслiвым, 

Як нельга свой край дарагi не любiць. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter