Нясвiжская Сапфо. Першае знаёмства

Кнiга, што выйшла ў папулярнай серыi "Беларускi кнiгазбор", -- першае знаёмства беларускага чытача з творчасцю цiкавай i самабытнай пiсьменнiцы Беларусi XVIII стагоддзя Францiшкi Уршулi Радзiвiл (1705--1753), якую лiтаратурныя крытыкi называлi нясвiжскай Сапфо. У свой час Францiшка Уршуля была вядома як стваральнiца ў Нясвiжы, у рэзiдэнцыi князёў Радзiвiлаў, прыдворнага тэатра, якi паспяхова спаборнiчаў з лепшымi тэатрамi Еўропы i якому не было роўных ва ўсёй Рэчы Паспалiтай. Для свайго тэатра нясвiжская асветнiца напiсала 16 драматычных твораў, у аснову якiх брала вядомыя лiтаратурныя, фальклорныя i мiфалагiчныя сюжэты. У лiтаратурнай спадчыне Францiшкi Уршулi захавалася i шмат вершаў, у якiх яна праявiла сябе як таленавiтая паэтка. Асноўная тэма творчасцi Францiшкi Уршулi Радзiвiл -- жаночая доля, каханне, высокая маральнасць. У сваiх п`есах яна стварыла цэлы шэраг цiкавых вобразаў, найперш жаночых. Яе гераiнi -- гэта ахвяры мужчынскага вераломства, верныя жонкi, мужныя змагаркi за веру i свабоду. У кнiзе "Выбраныя творы" собрана ўсё лепшае з творчай спадчыны Францiшкi Уршулi -- вершы i драматычныя творы. На старонках аднатомнiка чытач знойдзе таксама трактаты пiсьменнiцы на маральныя тэмы, лiсты да блiзкiх i знаёмых. У дадатку публiкуюцца дзённiкавыя нататкi мужа Францiшкi Уршулi -- вядомага ў свой час дзяржаўнага i грамадскага дзеяча князя Мiхаiла Казiмiра Радзiвiла Рыбанькi. Пiсала Францiшка Уршуля Радзiвiл пераважна на польскай мове -- лiтаратурнай мове тагачаснай Беларусi. Асобныя творы былi напiсаны па-французску. Аднатомнiк склаў вядомы беларускi драматург, доктар фiлалогii Сяргей Кавалёў. Аўтары ўступнага артыкула -- Жанна Некрашэвiч-Кароткая i Наталля Русецкая. Яны ж -- i перакладчыкi твораў княжны Радзiвiл. Сярод перакладчыкаў таксама Казiмiр Камейша, Ала Канапелька, Андрэй Xадановiч, Змiцер Колас i iншыя. Кнiга выйшла да 250-годдзя з дня смерцi Францiшкi Уршулi Радзiвiл.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter