«Нясвіж – культуралагічнае, сакральнае месца не толькі для Еўропы...»

22 – 24 чэрвеня ў замку Радзівілаў — вечары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

ТРЭЦі год запар артысты тэатра будуць радаваць гасцей свята і нясвіжцаў летнімі канцэртамі. У першы дзень у гарадской Ратушы Нясвіжа адбудзецца “Вечар вакальнай музыкі” з удзелам струннага квінтэта “Серэнада”, а ўвечары ва ўнутраным двары замка Радзівілаў — прэм’ера оперы Чайкоўскага “Яўген  Анегін” у 3-х дзеях. Галоўныя партыі выканаюць маладыя артысты, мастацтва якіх атрымала высокую адзнаку ў нашай краіне і за мяжой.

А сёння ў Нясвіжы а 15-й гадзіне — канцэрт з твораў Уладзіслава Сыракомлi “Ты словы свае прысвяціў Беларусі”. Месцам правядзення абрана тэатральная зала ў палацы Радзівілаў. Вечарам дзеянні перамесцяцца ва ўнутраны двор замка. Тэатр запрашае на аднаактовыя балеты “Кармэн-сюіта” і “Балеро”.

Заўтра праграма не менш цікавая і насычаная. У 14 гадзiн — пачатак канцэрта “Музычнае прынашэнне” ў Касцёле Божага Цела, дзе прагучыць музыка беларускіх кампазітараў эпохі класіцызму Казлоўскага і Дашчынскага. Завершыцца свята грандыёзным гала-канцэртам зорак Вялікага тэатра. Галоўныя салісты оперы і балета, хор і аркестр тэатра прымуць удзел у выступленнях. У праграму ўвайшлі вядомыя арыі з класічных опер, фрагменты з балетных спектакляў.

– ФЕСТЫВАЛЬ у Нясвіжы з’яўляецца адным з самых буйных музычных праектаў у рэспубліцы, таму што ён вельмі разнастайны і маштабны, — лічыць Уладзімір РЫЛАТКА, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

– ГАЛОЎНАЯ асаблівасць гэтага года — заязджаем у адрэстаўраваны, выдатны замак, там ужо зроблены экспазіцыі, гатовыя залы, стаяць раялі. Гэта тое, аб чым мы марылі і не маглі ніяк дачакацца. А яно ўсё ж здарылася!

Тэатр жа пачынаў свае праекты яшчэ тады, калі стаялі ў палацы Радзівілаў будаўнічыя лясы... І вось маштабная рэканструкцыя рэзідэнцыі магнатаў удыхнула новае жыццё ў фестываль.

— У палацы ў Нясвіжы ёсць усё, што магчыма скарыстаць для правядзення канцэртаў. У прыватнасці, у камернай зале вельмі хораша, — дапаўняе Уладзімір Рылатка. — Дарэчы, падчас вечароў нашага тэатра ўпершыню будзе паказаны фільм і праведзены камерны канцэрт. Хаця ў Нясвіжы адзін канцэрт мы ў гэтым годзе ўжо далі, калі горад абвяшчалі культурнай сталіцай Беларусі. Увогуле, сёлета ў Нясвіжы будзе шмат падзей!

Так, упершыню паказваем поўнамаштабную оперу. Летась тут ставілі «Дзікае паляванне караля Стаха». Цяпер — прэм’еру «Яўген Анегін». І будзем прыстасоўваць яе да інтэр’ераў палаца. Падаецца, што яна там будзе вельмі арганічная.

Упершыню прывозім у Нясвіж і досыць маштабны балет. Гэта — «Кармэн-сюіта» і «Балеро». На гэты раз усё зробім так, як і ў Вялікім тэатры. Гэта асаблівасць фестывалю... Нам хацелася б, каб яго пляцоўка магла прымаць не проста канцэртныя варыянты, а сапраўдныя спектаклі. І мы іх іграем увечар, каб можна было больш эфектыўна выкарыстаць светлавую партытуру.

— Асаблівасцю фестывалю з’яўляецца і тое, што ў Нясвіж прыязджае вялікая колькасць турыстаў з Заходняй Еўропы, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. А заўсёды ў буйных турыстычных цэнтрах асабліва шануецца опернае мастацтва. У нас ёсць шанец пашырыць яго маштабы. Гэта значыць, павялічваць па працягласці, па прадстаўніцтве, — упэўнены Уладзімір Рылатка.— Ужо абмяркоўваюцца і наступныя “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Перакананы, што Нясвіж стане не толькі часовым нацыянальным оперным цэнтрам, але паступова ў наш праект будзе ўваходзіць і еўрапейскае опернае мастацтва. Думаю, што ў Нясвіжы будзе адзін з буйных еўрапейскіх оперных фэстаў!

Дарэчы, сёлета хоць і павялічылі колькасць месцаў у глядзельнай зале ў замку Радзівілаў, на адкрыццё фестывалю оперы і балета, гала-канцэрт і балетны вечар квіткоў не было літаральна праз некалькі дзён пасля з’яўлення іх у касах.

— У гэтым годзе для перадавікоў, кіраўнікоў і прадстаўнікоў гаспадарак Нясвіжскі раён, які славіцца сельгасвытворчасцю, робіць такі падарунак: яны ставяць для іх дадатковыя крэслы ў канцэртных залах. І сельгаспрадпрыемствы выкупляюць для сваіх працаўнікоў білеты. Гэта таксама навінка свята. Але, думаю, так будзе на кожным наступным фестывалі. Ён ужо заваяваў аўтарытэт, і жыхары раёна павінны пабываць у сваім замку. Бо ўсё там створана іх рукамі.

Пэўна, у Нясвіжы на фестывалі гэтым разам пабывае ўся рэспубліка. Прыедуць дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў. Будзе шмат гасцей і турыстаў.

— Што яшчэ ў фестывалі Вялікага тэатра асаблівага?

— Тое, што ён адбываецца ў сапраўдным турыстычным цэнтры, які жыве паўнавартасным жыццём. Натуральна, у Нясвіж прыязджаюць самыя лепшыя нашы салісты, балетныя пары, сімфанічны аркестр. Тым больш што сёлета мы праехалі па сваіх філіялах. Былі ў Наваполацку, Магілёве, Гомелі. Там на спектаклі прыходзяць не толькі гараджане, але і шмат сельскіх жыхароў. І артыстам гэта вельмі спадабалася. Таму што такога ўдзячнага, шчырага, добразычлівага гледача знайсці проста немагчыма!

У Нясвіжы ў артыстаў асаблівы настрой, бо яны атрымоўваюць нейкі ўнутраны зарад, эмацыйны ўсплеск ад зносін з людзьмі, якія жывуць у рэгіёнах. Была калісьці вельмі добрая практыка, калі сельскія жыхары і народныя артысты сустракаліся, спявалі. Узбагачаліся ўсе! Артысты атрымлівалі зарад энергіі, пачуццё неабходнасці свайго мастацтва, а сяляне радаваліся за таленавітых людзей. Гэта і ўмацоўвае нацыянальную самасвядомасць, дачыненне да роднай зямлі...

НІХТО так добра не ведае аб зараджэнні фестывалю оперы і балета ў Нясвіжы, як Віктар СКОРАБАГАТАЎ — мастацкі кіраўнік творчага калектыву “Беларуская капэла” ў складзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

— Тры гады таму, у адзін і той жа час, прыйшла думка ў тры галавы: мне, Валерыю Карлавічу Гедройцу і Вячаславу Іванавічу Волічу, што трэба праводзіць вечары оперы і балета ў замку Радзівілаў, — успамінае Віктар Іванавіч.— У палацы было яшчэ толькі адно крыло падрыхтавана для наведвальнікаў замка. Калі мы прыйшлі туды, то паглядзелі і ахнулі. Якая класная акустыка! І тады зарадзілася думка: оперныя фестывалі існуюць ў Еўропе, а чаму б не зрабіць і нам? Год пайшоў на асэнсаванне ідэі. Паспрабавалі, і проба была не такая ўжо і няўдалая! Тры вечары ў Нясвіжы паказвалі оперу, балет і затым гала-канцэрт. На тым і спыніліся, што тры дні будзе ісці фестываль і ў наступныя гады. Дапасавалі туды не толькі канцэрты на адкрытай пляцоўцы ва ўнутраным дворыку замка Радзівілаў, але яшчэ і ў гарадской Ратушы выступленне нашага квінтэта “Серэнада”. У мінулым годзе паспрабавалі зрабіць канцэрт у Касцёле Божага Цела. І атрымалася! І паколькі ўжо цалкам адрэстаўраваны палац, вырашылі, што там таксама трэба даваць канцэрты. Такім чынам фестываль узбуйняецца, узбагачаецца. Хоть яго аснова застаецца: у першы дзень ставім оперны спектакль, у другі — паказваем балет, у трэці — ладзім гала-канцэрт.

— Чым будзеце здзіўляць на гэты раз?

— На фестывалі можна сабе дазволіць тое, што не вельмі дазволіш на асноўнай сцэне. Чаму ў Нясвіжы не паказаць штосьці вельмі новае ці вельмі старое? Не толькі тое, што ёсць у рэпертуары тэатра. І што тычыцца гэтага года, спрабуем у двух канцэртах, якія рыхтую менавіта я, даць новае і старое. З вельмі новага ў нас будзе канцэрт, прысвечаны Уладзіславу Сыракомлі. Вядома, што ён пачынаў вучыцца ў Нясвіжскай гімназіі. Іншая справа, што яе зачынілі менавіта падчас яго вучобы. І бацькі яго адвезлі ў Навагрудак. І ён скончыў гімназію, дзе вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

А літаратурны дэбют Сыракомлі — фенаменальная з’ява ў гісторыі культуры. Ён напісаў верш, які стаў вядомы пасля перакладу на рускую мову. Хто ж не ведае выдатнай песні “Когда я на почте служил ямщиком…” ?

Сыракомля сябраваў з Манюшкам, апошні ўвасобіў у музыцы дваццаць яго твораў. Перад сконам кампазітар успомніў Сыракомлю, пагартаў яго вершы і напісаў апошні свой твор у жыцці — “Гімн да Пана Езуса”. Менавіта гэтым творам мы адкрыем наш канцэрт “Ты словы свае прысвяціў Беларусі “, які адбудзецца 23 чэрвеня ў тэатральнай зале замка Радзівілаў.

Калі я сказаў пра падрыхтоўку канцэрта Сыракомлі, то тры кампазітары напісалі вельмі цікавыя творы, прэм’еры якіх адбудуцца менавіта ў Нясвіжы.

А ў Касцёле Божага Цела пасля заканчэння канцэрта на вершы Сыракомлі будзе яшчэ адно аддзяленне — прэм’ера дакументальна-мастацкага фільма “Белвідэацэнтра” пра Фауста, пра Гётэ, пра беларускага Фауста, які з роду Радзівілаў… Гэта новае.

— А што будзе добра забытым старым?

— У мінулым годзе ў Касцёле Божага Цела ў Нясвіжы паказалі араторыю “Жальбы”. Той твор тычыцца часу барока, і цяпер вырашылі, што трэба паказаць яго часоў класіцызму. Прагучаць творы двух кампазітараў. Адзін з іх — Язэп Казлоўскі, які цікавы і тым, што менавіта ён узгадаваў талент Міхала Клеафаса Агінскага. Другі кампазітар — Юзаф Дашчынскі. Яго сімфанічны аркестр упершыню ў Беларусі сыграў сімфоніі Бетховена.

— Нясвіж не можа не ўразіць?

— Я вельмі люблю Нясвіж. Нясвіжцы — вельмі выхаваная, адукаваная публіка. Трэба бачыць, якія прыгожыя яны прыходзяць на фестывальныя імпрэзы, з якім задавальненнем і цікавасцю назіраюць за тым, што адбываеца на сцэне. Гэта вельмі прыемна. Нясвіж — гэта ў нейкім сэнсе наша культуралагічная сталіца. Там нарадзіўся свой сталы драматычны тэатр. А дзе нарадзілася наша балетная культура? Зноў жа ў Нясвіжы. Пане Каханку запрашаў балетмайстраў з Парыжа. А артысты былі пераважна свае — дзеці сялян. І выхоўваліся ў двух балетных вучэльнях — у Нясвіжы і Слуцку, якія належалі Радзівілам.

Хто толькі не едзе на вечары оперы і балета ў Нясвіж! У мінулым годзе, я ведаю дакладна, чалавек дваццаць з Віцебска паглядзелі абсалютна ўсе прадстаўленні. Ведаю, што досыць багата білетаў распаўсюджвалася і ў Маладзечне, Баранавічах, Гродне. Я бачыў людзей з Вільні, якія прыехалі ў Нясвіж на фестываль. Бачыў гасцей у такіх адзеннях, што зразумела: яны не еўрапейцы, а недзе з Усходу. Бачыў цёмнаскурых людзей. Значыць, з Афрыкі таксама прыязджаюць гледачы на наш фестываль! Геаграфія багатая… Для нас Нясвіж — гэта культуралагічнае, сакральнае месца. Думаю, што з цягам часу наш фестываль можа ператварыцца ў міжнародны праект. Ён варты таго!

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

Фота аўтара і з архіва тэатра

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter