Какие праздники в календаре белорусов считались весенними

Няспыннае кола часу

Працоўны год у старажытных славян вызначаўся падзеямі, што былі да­дзены самой прыродай. Ён падзяляўся на дзве паловы: летнюю і зімовую. Пачынаўся звычайна з першага веснавога месяца — сакавіка, часу, калі прабуджалася прырода і гаспадары задумваліся аб будучым ураджаі.



Якія ж святы ў календары беларусаў лічыліся вясновымі? Даследчыкі фальклору сцвярджаюць, што адкрывала веснавы цыкл гуканне вясны. Затым за ім ішлі велікодны, валачобны, юр’еўскі, куставы, сяміцкі, троіцкі, русальны абрады. Пра кожны з іх мы абавязкова вам раскажам.

У кожнай мясцовасці вясну гукалі ў розны час. Першы раз на Еўдакію — 14 сакавіка (1 сакавіка па старым стылі), затым на Саракі — 19 сакавіка, а потым на Благавешчанне — 7 красавіка.

У народзе день памяці раннехрысці­янскай святой пакутніцы Еўдакіі Іліяпольскай называлі так: Аўдоцця Вясноўка, Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська, Яўдохі, Галдакей, Аўдакей. Гэты дзень лічыўся пачаткам земляробчага года. А ў вуснай народнай творчасці атрымаў такія назвы: «Ясень Красень», «Новае лета», «Божае лета», «Збор», «Ізбор».

У гэты дзень моладзь збіралася на ўзвышшах, спявала песні-вяснянкі, сэнс якіх быў у тым, каб цёплая пара наступіла як мага хутчэй. Продкі казалі так: «Аўдакея трымае ў руцэ лета». Таму і песні звычайна выконвалі дзяўчаты, якім надаваўся вобраз прыгажуні Вясны. Удзельнікамі свята былі таксама жанчыны і дзеці. Адметнасцю абрада было вогнішча, якое лічылася сімвалам пачатку новага жыцця і сыходу холаду, зла, смерці. Таму сяляне ў агні спальвалі старое адзенне.


У некаторых рэгіёнах Беларусі на свята выпя­калі фігуркі птушак. З імі выходзілі на вуліцу і спявалі:

Благаславі, маці,
Вясну загукаці.
На новае лета,
На густое жыта!

Спяваючы вяснянкі, дзяўчаты падкідвалі ўверх фігуркі птушак ці прывязвалі іх на вяроўках пад дахамі клецяў. Такім чынам нібыта заклікалі птушак вярнуцца з выраю, а вясну — хутчэй прыйсці.

Чаму менавіта фігуркі птушак нашы продкі выкарыстоўвалі для правядзення абраду? Тлумачыцца гэта тым, што птушка ў старажытных славян лічылася вястункай усяго добрага. У песнях узгадваюцца жаўрукі, буслы, а часцей за ўсіх — зязюлі, якія, па павер’ях славян, звязваліся з культам багіні вясны Жывы.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

• Яснае надвор’е — да ўраджаю пшаніцы.

• Калі на Еўдакію малады месяц з дажджом, лета будзе мокрае.

• Калі курачка з лужынкі нап’ецца, вясна будзе ранняя.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter