О родовых корнях семейного ансамбля из Ракова

Няскончаная п'еса для глiнянага аргана

У чым яны — радавыя карані ўнікальнага сямейнага ансамбля з Ракава
У чым яны — радавыя карані ўнікальнага сямейнага ансамбля з Ракава


Агульны іх продак Клімент Лямбовіч напачатку мінулага стагоддзя скарыў сэрцы экспертаў юбілейнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставы, якая праходзіла пад патранатам брата мінскага галавы графа Чапскага. Падзея сапраўды значная, калі ўлічыць папраўку на час. Сёння мы б сказалі міжнародная. Пабачыць дасягненні прыязджалі гаспадары з розных месцаў. Цэны на апартаменты ў перапоўненых гасцініцах даходзілі да 10—15 рублёў у суткі. Экспанаваліся садавіна і гародніна, племянная жывёла, прадукты. Нават гаючы кефір і калекцыя малочных бактэрый. Прамыслоўцы дэманстравалі цэглу і кафлю, дрэнаж, трубы, чарапіцу, сельскагаспадарчую тэхніку. Розныя ўмельцы прывезлі карункі, дываны, люстры, мэблю, музычныя інструменты і нават водны веласіпед. Выраблены ж Кліментам Лямбовічам гліняны арган быў удастоены бронзавага медаля і прыгожага, намаляванага вядомымі мастакамі спецыяльна да гэтай падзеі пасведчання. Зараз яно знаходзіцца ў Івянецкім музеі.
 — Напэўна, патрапіць на мінскую выставу мог не кожны? — пытаюся ў праўнучкі майстра-самародка з Валожыншчыны Лізаветы ЛЯМБОВІЧ- ПЯТРОЎСКАЙ, якая жыве ў Ракаве і заявіла аб сабе не менш гучна, чым прадзед. Самадзейны калектыў «Гасцінец», які яна ўзначальвае, носіць званне заслужанага аматарскага. Пад яе кіраўніцтвам яшчэ два: сямейны «Крона» і дзіцячы. 


— Ваш продак быў заможным?


— Дакладна мы не ведаем, аднак паходзіў ён з так званых гаспадароў. Тых вяскоўцаў, якія мелі зямлю, пэўную ўласнасць. Прадзед вырабіў нават дзве фісгармоніі — духавыя клавішныя інструменты, што патрабавала немалых здольнасцей. Мае продкі валодалі ляснымі абшарамі: дагэтуль захаваліся назвы дзялянак Альшаніца, Обшчая, Дванаццатая. А яшчэ адзін з Лямбовічаў, мажліва, у XVIII стагоддзі спяваў псалмы ў Белым касцёле ў Івянцы. Ведаю, што ў дзеда Міхася, сына Клімента, працавала і жыла ў сям’і дзеўка — памочніца па гаспадарцы. Сам Міхась майстраваў гармонікі і арганы, іграў на вяселлях. Усе яго дзеці, а іх чацвёра, навучыліся спяваць раней, чым гаварыць. Па музыцы пайшоў яго самы меншы сын — дзядзька Эдзік, які стаў прафесіянальным віртуозным баяністам, стварыў квартэт, выкладаў у кансерваторыі і нават вучыў народнага артыста Беларусі Міхася Казінца. Наш тата таксама меў талент, але трэба было працаваць, на ім ляжаў абавязак, як і ўсіх старэйшых, дапамагаць бацькам. А вось свайго малодшага брата ўвесь час прымушаў вучыцца. А бацька любіў лес, цішыню, любіў размаўляць з пчоламі. 


У пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады славіўся на ўвесь Савецкі Саюз сямейны ансамбль, толькі інструментальны, яшчэ адных Лямбовічаў — па лініі Міхасёва брата Юзіка.


— А вы вырашылі працягваць тыя традыцыі і стварыць свой сямейны гурт? Як сабралася вас столькі пад адным дахам Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці?


— Нас у бацькі шасцёра: пяць сясцёр і брат. Розніца ва ўзросце вялікая, таму ў старэйшых і малых розныя забавы, інтарэсы. І спявалі мы, што чулі, наша вясковае. Праз гады тое, што легла на сэрца, і ўзгадваецца. Наша хата стаіць у цэнтры вёскі, і да нас прыходзілі жанчыны прасці, вязаць. Некалі з нітронавых нітак выштукоўвалі такія цёплыя, мяккія рукавіцы, шапкі, світары. Відаць, якасная сінтэтыка выраблялася, бо рэчы не мелі скатак і доўга насіліся. І за работай спявалі. Вёска Пілюжына вельмі хрысціянская, каталіцкая. Дзяцей выхоўвалі па хрысціянскіх запаведзях. Але ж мы, здаралася, і сваволілі. Я ў маленстве печы размалёўвала. Мама ніколі не сварылася на мяне за тыя штукарствы, не шкадавала грошай на алоўкі і альбомы. Таму, мабыць, я і паступіла ў вучылішча Глебава, хоць Генадзь Цітовіч, які гасцяваў у нас дома, хацеў забраць мяне ў танцы. Ды бацькі пашкадавалі, бо я надта была хваравітая. 


Калі вучылася ў Мінску, пачула на Купалле гурт «Дзянніца», а потым сама знайшла гэты ансамбль. Патрапіла неяк на выставу ў Палац мастацтва, а там дзяўчына стаіць тая, што спявала на свяце. Аказалася, Ларыса Сімаковіч, яна зараз кіраўнік студыі-тэатра «Госціца». Я падышла да яе і папрасілася ў калектыў. Там адбылося маё першае паглыбленне ў фальклор. 


Наогул, цікавасць да ўсяго беларускага пачалася ў мяне з рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», які дала мне пачытаць сястра, калі я вучылася ў сёмым класе. Вялікае ўражанне засталося ад гэтай кніжкі. Ды і па сённяшні дзень Караткевіч шмат у чым завочны настаўнік па духоўным фарміраванні. Дзякуючы яму я знайшла сябе. Плюс бацькава выхаванне — перадаліся яго вострае пачуццё справядлівасці, яго філасофскія адносіны да жыцця.


У Ракаве найперш пасялілася старэйшая сястра Алеся. Потым у яе жыла я, калі вучылася ў дзявятым класе. Да нас далучылася Хрысціна. Думалі, дзе ёй будавацца — у Івянцы ці Ракаве? Вырашылі: калі ў нашым калектыве, то і заставайся тут. Пляменніца папрацавала ў Івянцы, а потым у Ракаве вызвалілася месца бібліятэкара, і яна перабралася да нас. Сыны сястры Ядзі таксама пераехалі жыць сюды з Мінска. У Ядвісі голас салісткі, таму яна ў нас не прыжылася. Падраслі дзеці і ўліліся ў калектыў. Хрысціна зараз дырэктар Цэнтра народнай творчасці, Максім Палуйчык, яе муж, там жа працуе. У нашым сямейным ансамблі «Крона» — іх сыны Павел і маленькі Андрусік, мае — Станіслаў, Дамінік, Сабіна, з намі дачка Людвікі. Калі патрабуецца больш пашыраны склад артыстаў, запрашаем і сына Аляксандры, які добра танчыць, і майго Кастуся. 


А пачалося з таго, што мая старэйшая сястра прапанавала: «Ты ж нешта спявала, пакіруй намі, пакуль каго-небудзь знойдзем». Толькі я тая мятла, што ўсё буду па-свойму рабіць, як сама разумею. І прыйшла з тым невялікім багажом, што набыла ў «Дзянніцы». Ды век жыві — век вучыся. Пачынаючы з 1989 года цалкам у «Гасцінцы». Так сталася, што мы адзін раз выступілі — і ўсё. Нам сказалі ў вобласці: «Дзе вы былі раней, чаму пра вас нічога не ведаем? Рабіце дакументы на званне народнага». 


— Да ўсяго, ваша радня здольная на розныя майстэрствы. Ядвіга займаецца вязаннем і вышыўкай, Хрысціна асвоіла ўнікальную тэхніку ткацтва паясоў на назе...


— Спачатку думала я засвоіць, аднак, напэўна, рукі калаватыя. Вось маляваць дык хутка магу. Мой старэйшы сын — каваль. Брат Міша мае спецыяльнасць слесара. Хрысціна — закройшчыца, амаль усе касцюмы нашых гуртоў пашыла яна. Знайсці аўтэнтычныя строі было няпроста. Яны не захаваліся – так, па розных скрынях: недзе спаднічка, недзе гарсэт. Напэўна, таму, што самаробнае ўбранне рана адышло. Паколькі недалёка знаходзіцца Вільня, то нашы бабулі і прабабкі рана пачалі модзіцца, сталі ўжываць крамныя тканіны. Меней сустракаецца ў нашых мясцінах і вышыўкі. Шляхта ніколі шмат не аздабляла кашулі пярэстай вышыўкай, і касцюму — уласцівы мінімалізм, усё стрымана, лаканічна, але з густам. І ў тым праяўлялася яе культура і высакароднасць. А ўбачылі свае адметныя строі мы на фотаздымках сялян графа Бенядзікта Тышкевіча, які адзін з першых на Валожыншчыне абсталяваў у Вялым уласную фоталабараторыю. 


— Фальклор збіраеце па вёсках?


— Так, езджу ў экспедыцыі. Шмат знайшла адметнага, калі рыхтавала дзіцячы калектыў да фэсту «Берагіня». Тады ў мяне было складанае становішча: у кастрычніку 2006 года згарэла хата, а зімой я павінна была падрыхтаваць дзіцячы калектыў да фальклорнага фестывалю. Знайшлі аўтэнтычны аповед, пачуты ад бабуль, песенныя творы, унікальную тэхніку ткацтва. Нездарма кажуць, што выпрабаванні нам дадзены для таго, каб быць філосафам. Бог даў жыццё, ты яго любіш і таму церпіш. Цяпер ніхто не хоча пераносіць боль, не разумеючы, дзеля чаго ён даецца. А патрэбна пакутаваць, каб нешта ўсвядоміць, можа, каб спыніцца. Як цяжкі дзень, стараюся суцешыць сябе, што наступіць і добры. І ў спевах перажытыя пачуцці нішто не заменіць. Адкуль у сталых жанчын тая туга ў голасе? З асэнсаванага, з выпакутаванага. 


Наогул, я вельмі люблю дыялекты. На сваіх выступленнях мы нават казыраем імі. Люблю гумар. Мудры народ выратоўваўся ім. У нас нават жарт ёсць такі: «Вось, здэцца, каб узёў ды дагноў, ды каб доў, каб не паднёўся». І калі ты ўжо гэтыя словы ўжываеш, ці можаш нават і не гаварыць, а толькі паглядзець другому ў вочы, і адразу ўтвараецца хаўрус, такая перадача думак на адлегласці. 


У Ракаў на Купалле, якое гуляем не для паказу — для сябе, бо трэба жыць натуральна, прыязджае шмат людзей з усяго свету, настолькі свята стала папулярным. Звычайна даём абвестку ў Iнтэрнэце. Там жа на форумах збіраецца народ. Хто адкуль едзе — паведамляе іншым. У асноўным моладзь. Значыць, неабыякавае новае пакаленне да народных традыцый, гены праяўляюцца. І мая галоўная місія — каб дзеці нашы радніліся, падтрымлівалі адзін аднаго, каб не забываліся сваіх каранёў. Яны ж блізкія людзі, а вялікай сям’ёй мы моцныя. 

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

klimovich@sb.by


Фота з сямейнага архіва Лізаветы ЛЯМБОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter