Друзья и коллеги вспоминают актера Виктора Тарасова

Няпраўда, сябар не памірае

У сувязi з 80-годдзем Віктара Тарасава яго ўзгадваюць сябры і калегі
«Я цябе ведаю, ты ў другім аўтапарку працуеш. Пазыч грошай», – падыходзілі людзі да Віктара Тарасава пасля фільма «Вадзіцель аўтобуса». Такіх пераканаўчых роляў у кіно і тэатры ў яго было не адна і не дзве – дзясяткі. За што б ён ні браўся, усё атрымлівалася бліскуча. «Гэта быў Акцёр, цяпер такіх няма», – у сувязi з  80-годдзем Тарасава яго ўзгадваюць Генадзь Аўсянікаў і іншыя сябры і калегі.

Кадр з фільма «Вадзіцель аўтобуса».
Кадр з фільма «Вадзіцель аўтобуса».

Купалаўская актрыса Зінаіда Зубкова прыгадвае, што ўпершыню ўбачыла Віктара, калі паступіла ў тэатральны інстытут. «Тарасаў, Тарасаў», – шапталіся ўсе навокал, як толькі той з’яўляўся ў калідорах. Студэнт-чацвёртакурснік быў сапраўднай зоркай. І не таму, што бясконца заляцаўся да дзяўчат, – гэта была не яго зброя, яго паважалі за талент. Усе марылі, што некалі з вуснаў педагогаў не будуць сыходзіць і іх прозвішчы. А пакуль усе праз шчыліну ў дзвярах назіралі за рэпетыцыямі Тарасава і ўяўлялі сябе яго партнёрамі па сцэне. Праз некалькі гадоў такое шчасце выпала і маладзенькай Зінаідзе, калі яна апынулася ў Купалаўскім:

— Гэта быў самы лепшы партнёр. Ён у любым акцёрскім ансамблі станавіўся лідарам. Тарасаў заўсёды дапамагаў весці дыялог. Гледачы яго любілі не толькі за абаяльнасць і розум. Ён ніколі ім не хлусіў. У Тарасава было тое, што і сёння вялікая рэдкасць у акцёраў, – загадка. Рэжысёр Барыс Эрын гаварыў нам: «Не стаўце кропак, тады вас будуць любіць». І Віктар гэта выконваў бездакорна, таму люді спецыяльна ішлі «на Тарасава».

«Неправда, друг не умирает, лишь рядом быть перестает», — узгадвае радкі Канстанціна Сіманава Генадзь Аўсянікаў. Яны былі сапраўднымі сябрамі больш за пяцьдзясят гадоў. Нават на адным ложку ў студэнцкія гады спалі, калі Віцьку не далі месца ў інтэрнаце. Яго бацькі тады з’ехалі з Мінска, і яму недзе было жыць. Хутка пасля ўступных экзаменаў выявілася, што абодва хлопцы ў сваіх марах разрываюцца паміж тэатрам і бязмежнымі воднымі прасторамі, таму адразу сталі лепшымі сябрамі, іх называлі Дон Кіхот і Санча Панса.

— Ужо на першых студэнцкіх рэпетыцыях усе зразумелі, што гэта будзе вялікі акцёр, ён мог усё. На трэцім курсе мы паставілі «Лес» Астроўскага, Віця быў Нешчасліўцаў, а я – Шчасліўцаў. Гэты спектакль карыстаўся поспехам у тым ліку дзякуючы выдатнай ігры Тарасава, мы потым з ім аб’ехалі шмат вайсковых часцей.

Тарасава задзейнічалі ва ўсіх пастаноўках. У «Апошніх» па п’есе Горкага выконваў ролю Івана Каламійцава. Выконваў бліскуча. Водгукі дайшлі і да народнага артыста СССР Уладзіміра Уладамірскага, які раней іграў гэтага ж персанажа ў Купалаўскім. Ён спецыяльна прыйшоў паглядзець на Віктара. «Малайчына», — сказаў, калі апусцілася заслона. Сёння гэтыя словы нікога б не здзівілі, а тады – найвышэйшая пахвала для маладога акцёра. Але хутка Віктар нават заслужаных мэтраў пасунуў на другі план, вядома ж, ненаўмысна. Купалаўскі ўжо праз некалькі гадоў ператварыўся ў тэатр Тарасава.

— Мы разам пасля інстытута прыйшлі ў Купалаўскі, — узгадвае Аўсянікаў. – Я яшчэ шмат гадоў іграў толькі ў эпізодах, а Віцю адразу далі ролю Няхлюдава ў талстоўскім «Воскресении». Рэжысёры ледзь не ў чаргу станавіліся, каб атрымаць сабе Тарасава, у партнёры яго выбіралі лепшыя актрысы. Памятаю, як Ірына Фларыянаўна Ждановіч заявіла: «У «20 лет спустя» я без Тарасава працаваць не буду!»

Ці трэба здзіўляцца, што ён вельмі хутка атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі? Дарэчы, і народным Тарасаў стаў вельмі рана. Удава Віктара Паўлавіча Ніна Іванаўна Піскарова расказвае, што гэта адбылося вельмі нечакана для іх сям’і. У Купалаўскім ставілі «Пагарэльцаў» Андрэя Макаёнка. Спектакль пра работніка ЦК, які сыходзіць на пенсію і не можа знайсці сябе ў жыцці – у пачатку 80-х гэта быў вельмі востры сюжэт. Міністэрства культуры катэгарычна не прымала пастаноўку, прымушала перарабляць. Нарэшце ў тэатр прыходзіць Машэраў, займае месца не ў цэкоўскай ложы, а ў партэры. Побач сядзіць Макаёнак. Драматург гатовы прыняць стрэлы на сябе. Але ўсё атрымалася наадварот. Машэраў першы пачаў апладзіраваць, за ім авацыямі ўзарвалася ўся зала. «Добры артыст», — кіўнуў Пётр Міронавіч у бок Тарасава. «Народны артыст», – удакладніў Макаёнак. Назаўтра з’явіліся дакументы на прысваенне акцёру звання народнага артыста СССР. Тарасаву тады было толькі сорак восем гадоў.

Ніна Піскарова не першая жонка Віктара Паўлавіча. Ён быў чалавекам абаяльным, паклонніцы заўсёды пільнавалі яго. Генадзь Аўсянікаў не без гумару ўзгадвае, што, калі Тарасаў выходзіў на сцэну, асабліва ў ролі героя-палюбоўніка, жаночая палова залы пераставала дыхаць, потым частка мілых дам бегла да службовага ўвахода. Але іх аб’ект любові звычайна выходзіў адтуль пад руку з актрысай. Колькасць яго раманаў ніхто не ведае, афіцыйных жонак было дзве, абе-дзве з Купалаўскага. З Нінай Іванаўнай яны былі разам амаль трыццаць гадоў, шчаслівых і адначасова складаных.

Пачатак іх рамана, а потым і вяселле памятае ўсё старэйшае пакаленне тэатра, асабліва Генадзь Гарбук і Ала Долгая, якія былі сведкамі. Першая іскрынка паміж імі прабегла, калі Ніна зусім маладзенькай прыйшла ў тэатр. Потым было некалькі гадоў зацішша, і зноў усплёск адносін. І так больш дзесяці гадоў. Сітуацыя была вельмі пікантнай: абое былі людзьмі сямейнымі, прычым іх другія палавіны таксама працавалі ў тэатры. Словам, быў вялікі скандал. Тарасава выклікалі ў міністэрства, Піскарова пісала заяву на звальненне. У выніку яны разам засталіся ў Купалаўскім і разам сышлі са сваіх хат. Хутка ў іх нара-дзілася дачка Каця.

Сёння Кацярына Тарасава – малады тэатральны рэжысёр. Дарогу ў тэатр ёй адкрыў Валерый Анісенка, запрасіў у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Ён не мог адмовіць Тарасаву:

— Гэта чалавек, які вызначыў мой шлях у рэжысуры. Я заўсёды гля-дзеў на яго знізу ўверх. І не таму, што ён быў старэйшы за мяне на дзесяць гадоў. Убачыў яго ў спектаклі «Дзівакі» па Назыму Хікмету ў пастаноўцы Барыса Эрына і стаў марыць аб сумеснай працы. Яго фразу ў скверыку каля Купалаўскага «Вось табе мая рука» на прапанову сыграць Зілава ў маім спектаклі «Качынае паляванне» лічу адным з галоўных падарункаў лёсу. Яго Зілава прызналі лепшым ва ўсім СССР.

Валерый Данілавіч адшуквае ў сваіх дзённіках запіс, зроблены ў 1978 годзе: «Гэта вялікая справа — мець у рабоце такога артыста, як Тарасаў… Больш за чатыры гадзіны прагаварылі пра п’есу. Мудры, таленавіты мастак. Ён цяпер у той форме чалавечага і прафесійнага быцця, калі патрэбны яму толькі матэрыял і ўменне рэжысёра не перашкаджаць».

Анісенка быў побач з Тарасавым і ў складаныя для яго гады, калі раптам пачаліся непаразуменні з кіраўніцтвам Купалаўскага. Яны разам зрабілі шмат сумесных ра-дыёспектакляў. Дарэчы, на радыё Віктар Паўлавіч займеў сабе яшчэ аднаго сапраўднага сябра.

— Не, мы былі братамі, — удакладняе вядомы беларускі радыёголас Ілья Курган. У яго і сёння на самым бачным месцы ў кватэры стаіць партрэт Тарасава. – Ён заўсёды прыходзіў мне на дапамогу, я таксама не кідаў яго ў бядзе. Гэта акцёр, адзначаны Богам. Такіх адзінкі. Таму яму многае можна было дараваць. Вядома ж, у яго былі чалавечыя слабасці. Што ўтойваць, мы любілі за чаркай гарэлкі адзначыць яго чарговы поспех. Так ён здымаў напружанне. У апошнія гады яму ўжо было цесна ў акцёрстве, у яго быў свой погляд на канкрэтную пастаноўку, часам ён разыходзіўся з рэжысёрскім.

Тарасаў збіраўся сыходзіць з Купалаўскага. Анісенка ўзгадвае, што іх апошнія размовы толькі і былі пра гэта, яны хацелі стварыць новы тэатр. Рэжысёр збіраўся акружыць вялікага акцёра той цеплынёй і любоўю, якой яму не хапала ад начальства. Менавіта ад начальства, бо публіка пляскала ў далоні да апошняга дня. Ён хацеў загрузіць яго сусветнай літаратурай, якой таму, на думку многіх тэатральных крытыкаў, вельмі не хапала.

Не паспеў. Адзін інсульт, потым другі. Наступствы жудасныя: ён амаль страціў мову, ледзь хадзіў. У апошнія гады жыў на хутары пад Смалявічамі: ён заўсёды марыў мець дом каля натурнай пляцоўкі «Беларусьфільма». Час ад часу Анісенка збіраў у сваю машыну лепшых сяброў, і яны ехалі да Тарасава. Нешта расказвалі, той больш слухаў. Ён шмат чаго не паспеў сказаць. І зрабіць.

Наталля СЦЯПУРА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter