Трэба ехаць у адпачынак, а сабачку пакiнуць няма з кiм: колькі каштуюць паслугі петсітара?

Няня для ўлюбёнца

Ініцыятар суполкі для аматараў хатняй жыўнасці Алеся ПалуЯн скончыла курсы кінолагаў і дрэсі-роўшчыкаў. 
Знайсці даглядчыка для хатняга гадаванца яшчэ складаней, чым для дзіцяці. А ў летні перыяд з iмi зусім бяда — не адпраўляцца ж у падарожжа з Тузікам пад пахай. Перад аматарамі хатняй жыўнасці паўстае выбар: або заўсёды быць прывязаным да адзінага месца, або звярнуцца да нятаннай паслугі няні для хвастатых братоў. Напрыканцы мінулага года 27-гадовая мінчанка Алеся Палуян зарэгістравала сэрвіс па пошуку паслуг для хатніх жывёл. Карэспандэнт «Р» высветліла, што ўвогуле такое петсітар і колькi каштуе яго дапамога.

Лапы, вусы i хвост

На парозе кватэры Алесі, якая прымае ў сябе хвастатых пастаяльцаў, мяне перш сустракае не гаспадыня, а яе часовы жыхар — невялічкі сабака Жорык. Ён прыслухваецца да кожнага кроку, натапырыўшы вушкі, а потым пачынае радасна скакаць і церціся аб ногі. З шафы даносіцца ціхае роўнае варкатанне: дрэмле яшчэ адзін Алесін пастаялец — кошка Стэфані.

— Падрыхтаваліся да знаёмства з асабліва небяспечным гадаванцам? — загадкава пытае гаспадыня.

Не паспела азірнуцца, як дзяўчына адчыніла дзверы на балкон. Цяжка было зрэагаваць: да мяне ляцеў на кароткіх масіўных лапах таўшчэзны англійскі бульдог. Бора (так завуць другога сабаку) схапіў любімую цацку ў выглядзе гумавага парасяці і пачаў насіцца з ёй па кватэры, адначасова рохкаючы і рыкаючы.

— Я з дзяцінства люблю жывёл, асабліва сабак. У мяне дзве свае — нямецкая і бельгійская аўчаркі. Але яны жывуць у бацькоў за горадам, — пад гукі бульдогаўскіх «песень» пачынае знаёмства Алеся. — Восем гадоў таму скончыла курсы кінолагаў і дрэсіроўшчыкаў. Удзельнічалі з маімі сабакамі ў розных спаборніцтвах. Гэта і аджыліці, і ездавы спорт. Таксама спрабавалі бясснежныя і снежныя віды спорту. Насамрэч я дрэнны лыжнік: мы занялі перадапошняе месца па снежных відах. Ды і то таму, што жанчына, якой далі апошняе, нагу на трасе зламала.

Дзяўчына добра памятае двухмесячнае шчаня пітбультэр’ера. Гэта першая жывёла, якую яна прыручыла на час. Пакуль гаспадыня тры тыдні адпачывала ў дзіцячым лагеры, Алеся даглядала жывёліну.

Сабачы гатэль

— Спачатку я марыла пра гасцініцу для сабак, а потым вырашыла стварыць суполку нянь для жывёл. Зрабіла рассылку ў сацсетках. Падключыліся хэндлеры, грумеры, дрэсіроўшчыкі і фатографы, — дзяўчына ўспамінае, як ператварыла ідэю ў рэальнасць. — Напрыканцы мінулага года я аформілася як ІП і прапаную інфармацыйна-маркетынгавыя паслугі для аматараў хатняй жыўнасці.

Рэзка чуецца пісклявы брэх Жорыка. Проста яму не падабаецца, калі Бора рохкае. Дарэчы, кошка Стэфані выдатна ўжываецца з абодвума сабакамі, нават умудраецца выспацца ў Борыным «ложку». А гэта, згадзіцеся, не кожнаму пад сілу.

Алеся Палуян стварыла інфармацыйную інтэрнэт-пляцоўку, дзе можна знайсці матэрыялы па пяці кірунках працы з жывёламі. Аднак найбольшая ўвага звяртаецца на петсітараў, якія могуць узяць да сябе чужых жывёл. Гэта людзі, якіх аб’ядноўвае любоў да братоў нашых меншых і якія маюць вопыт і веды па ўзаемадзеянні з імі.

Сёння супольнасць злучыла каля дваццаці нянь для жывёл. Колькасць сур’ёзна ўражвае: напачатку аб’яднання іх было не больш за пяць. Няні могуць прымаць на выхаванне любых жывёл — і грызуноў, і сабак вялікіх памераў. На аднаго петсітара прыпадае не больш за тры жывёлы.

Дарэчы, пакінуць гадаванца можна на доўгі перыяд. Напрыклад, адной з нянь даверылі амаль на два гады. Праз партал знаходзяць прытулак у петсітараў і бяздомныя жывёлы. Проста шукаюць тых людзей, якія згодны ўзяць ката ці сабаку бясплатна да таго часу, пакуль не знойдзецца для яго гаспадар.

З кожным петсітарам заключаецца дагавор, у якім прапісваецца кошт паслугі. Яго кожная няня выстаўляе сама, у залежнасці ад таго, як ацэньвае ўласную працу. Сума, як правіла, вар’іруецца ад 5 да 25 рублёў за суткі.

Справа набiрае абароты

— Пакуль мы напрацоўваем кліенцкую базу, таму цэны нізкія. Попыт на паслугі для жывёл таксама ёсць, але не такі вялікі, як хочацца, — пачынае падрабязна расказваць пра перспектывы ўласнай справы Алеся. — Нават у суседняй Расіі петсітарства толькі пачынае набіраць абароты. Мы падтрымліваем сувязь з расійскімі калегамі. Яны плануюць выходзіць на наш рынак, таму дамаўляемся аб супрацоўніцтве.

У паўсядзённым жыцці Алеся працуе менеджарам у сталічнай фірме. Сэрвіс для жывёл — хобі, якое пакуль не прыносіць дадатковага заробку.

Дзяўчына шчыра дзеліцца думкамі:

— Мне гэта падабаецца. Веру, што справа калі-небудзь запрацуе на поўную сілу і пачне прыносіць грошы.

Што ж, будзем спадзявацца, што ідэі ператворацца ў справы, а думкі — у рашэнні.

veronika.ulasevich@mail.ru

Фота Антанiны ХАТЭНКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter