Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй — унікальная школа набыцця сельгаспрафесіі і добрая стартавая ступенька маладым

«Няма такой вучэбнай установы “Мінск”. Зато ёсць Глыбоцкі прафесійны ліцэй!»

Наша размова з Валянцінай Шынкевіч пра ўнікальную школу набыцця сельгаспрафесіі і добрую стартавую ступеньку для маладых


НАБЛІЖАЮСЯ да дзяржаўнага прафесійнага ліцэя па вуліцы Камсамольскай у Глыбокім і звяртаю ўвагу на алею маладых бярозак уздоўж пешаходнай дарожкі. Ведаю: алея незвычайная. Бярозкі пасадзілі французы ў знак дружбы паміж ліцэямі гарадоў Фёра (Францыя) і Глыбокае (Беларусь). Пачалося гэта супрацоўніцтва каля дзесяці гадоў таму, калі дырэктарам ліцэя быў цяперашні старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат. Ён тады наведаў у Фёры французскіх калег і падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, у выніку якога быў наладжаны пастаянны абмен дэлегацыямі выкладчыкаў і навучэнцаў.

Той самы адноўлены трактар ДТ-20 на святочным парадзе ў Глыбокім.

Французаў уразіла багатая матэрыяльна-тэхнічная база ліцэя: разнастайная беларуская тэхніка (на трактарах МТЗ многія пракаціліся), цудоўна абсталяваныя лабараторыі, кабінеты. Дзеці ўдзельнічалі сумесна ў спартыўных спаборніцтвах, дыскатэках і нават конкурсах прыгажосці. Французы не хавалі свайго захаплення: 

— Мы супрацоўнічаем з Грэцыяй, Італіяй, Польшчай, Германіяй, але больш за ўсё спадабалася ў Беларусі, у Глыбокім! 
З гэтага факта мы і пачалі размову з дырэктарам УА “Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй” Валянцінай ШЫНКЕВІЧ. 

— Валянціна Анатольеўна, ведаю, на французах глыбачане не спыніліся і працягнулі міжнароднае супрацоўніцтва?


Дырэктар ліцэя Валянціна ШЫНКЕВІЧ.
— Так, мы заключылі нядаўна рамачнае пагадненне з Інстытутам прадпрымальніцтва і адміністравання г. Любліна (Польшча), якое прадугледжвае абмен дэлегацыямі, вопытам работы, рэалізацыю сумесных праектаў...

— Падчас такіх сустрэч вы  проста  ашаламляеце сваіх суразмоўцаў  выдатным веданнем тэхнічнага працэсу, выкладваючы да таго ж дэталёвую характарыстыку машын і агрэгатаў як сучасных, так і ранейшых.

— Мо трохі і дзіўна: жанчына, а так разбіраецца ў тэхніцы. Нічога тут загадкавага: майстрам вытворчага навучання ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя працаваў мой бацька — Анатоль Мікалаевіч Герасімёнак, а мама, Ніна Уладзіміраўна, загадвала складам гаруча-змазачных матэрыялаў. Я хацела быць педагогам, але, шчыра прызнаюся, трохі ў другім  кірунку: выкладчыкам  фізікі і матэматыкі. Не паступіла адразу пасля заканчэння сярэдняй школы, і тады бацька прапанаваў, каб год не прапаў дарэмна, павучыцца  ў родным  прафесійна-тэхнічным вучылішчы (так яно тады называлася) на трактарыста-машыніста шырокага профілю. За 10 месяцаў набыла спецыяльнасць, пазнала прафесію з азоў. Працавала потым лабаранткай і  працягвала завочна вучобу ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі... Сёлета 40 гадоў з пачатку маёй работы ў ліцэі. Тут працуе майстрам вытворчага навучання сын Сяргей. Такая сямейная дынастыя з агульным стажам  работы  звыш 100 гадоў.

— Фенаменальна! І ў такім разе, Валянціна Анатольеўна, дазвольце пацікавіцца: вы сказалі, што першай ступенькай у гэтай вашай сямейнай прафесіі былі правы трактарыста-машыніста?

— Так, яны і цяпер у мяне.

Клас майстэрства даюць ліцэісткі-повары.

— Памятаеце першы трактар, на якім здавалі экзамен 40 гадоў таму і ці маглі б паехаць на ім сёння? Хаця, напэўна, і тэхнікі такой “дапатопнай” нідзе не знойдзеш?

— Чаму ж! У нас на машынным двары стаіць такі прыгажунок, колавы трактар ДТ-20 вырабу Харкаўскага трактарнага завода. Спытаеце, адкуль узяўся? Па рэкамендацыі старшыні райвыканкама Алега Віктаравіча Морхата знайшлі гэты трактар. У нас у ліцэі вучэбная  група такая была, у якой сабраліся дужа творчыя хлопцы.  Вось яны і ўзяліся за гэту справу. Тое, што засталося ад гэтага трактара, прыцягнулі на “шнурку”. Многа чаго не хапала, і дэталей некаторых нідзе дастаць магчымасці не было. Выточвалі самі на станку. Пафарбавалі. Аднавілі сядзенне. Чахлы пашылі. Заглядзенне адно! Пазвалі мяне прымаць экспанат. Пахваліла хлопцаў: “Малайцы!”, а потым заскрабло пад сэрцам, прыгадала юнацтва сваё і прашу: “Хлопцы, дайце мне праехаць на гэтым трактары!” Яны глядзяць на мяне і, відаць, думаюць: “Як гэта яна паедзе? Хутчэй за ўсё — уложыць. Але ж дырэктару не адмовіш...” Села і паехала, як тады... 

Вазілі мы гэты трактар потым на “Дажынкі” ў Гарадок,  а сёлета — на рэспубліканскую выставу “Белагра”. 

— Дзе між іншым дэманстравалася і навейшая айчынная тэхніка. А ці ёсць яна ў ліцэі?

— У нас заключана пагадненне з Мінскім трактарным заводам, згодна з якім ён  прысылае на  выпрабаванне новую прадукцыю. 

Цяпер на іх трактары выпрабоўваем навясное абсталяванне.

Акрамя таго, сябруем з сельгаспрадпрыемствамі раёна. Гэта “Азярцы”, “Канстанцінаў Двор”, “Чарневічы”, філіялы “Мнюта”, ”Каралі”. Нашым навучэнцам на практыцы давяраюць апрабоўваць тэхнічныя навінкі. У нашым парку каля трох дзясяткаў тэхнікі ў належным стане: трактароў, аўтамабіляў, камбайнаў.

Ідзе прыём заяў у ліцэй.

— Навошта вам столькі? 

— Нічога не стаіць на прыколе, а скарыстоўваецца для вучобы. Да таго ж у нас невялікая падсобная гаспадарка:  324 гектары зямлі, на якой вырошчваем збожжавыя культуры, бульбу, капусту, моркву, буракі. А яшчэ нарыхтоўваем сена, бо маем жывёлагадоўчую ферму, на якой утрымліваем 36 дойных кароў і бычкоў на адкорме.  Гэта — жывая лабараторыя. Навучэнцы самі на тэхніцы пад наглядам майстроў  апрацоўваюць  глебу, сеюць і абмалочваюць зерне,  косяць траву. Акрамя таго, плённа займаемся гародніцтвам. У чатырох вялікіх плёначніках вырошчваем  расаду капусты, памідораў, агуркоў і кветак. Апошніх прадалі сёлета каля 80 тысяч штук.

— Маеце нядрэнны даход ад гэтага?

— Не надта вялікія грошы, маем абаротны рубель на запчасткі, гаручае, заахвочванне майстроў і навучэнцаў. Істотна зніжаем сабекошт харчавання ў сталовай.

— А што гэта часта, асабліва ў суботу, ля вашага ліцэя можна бачыць па некалькі школьных аўтобусаў?

— Мы наладзілі цесную сувязь са школамі раёна і сумесна праводзім так званы “шосты дзень”. Старшакласнікі прыязджаюць да нас у 10 гадзін раніцы і знаходзяцца да двух гадзін. Разбіваюцца па групах — каго што цікавіць. Дзяўчаты звычайна “прымыкаюць” да нашых повараў, разам робяць розныя выпечкі, а пасля праводзяць дэгустацыю. Тут ёсць што пераняць, чаму навучыцца. Майстар ліцэя  Таццяна Афанасьеўна Кургузава разам з навучэнцамі  сабрала матэрыял для  напісання даследчай работы пра  посныя стравы беларускай кухні Глыбоччыны. Хлопцаў больш цікавіць тэхніка, за штурвалам якой можна не толькі пасядзець, а і зрабіць пару кругоў пад наглядам майстра на аўтадроме. Нашы ліцэісты-будаўнікі  паказваюць свой спрыт у прыдбаным майстэрстве і прапануюць школьнікам паспрабаваць пакласці радок цаглінак. Асаблівую цікавасць выклікае цэх гародніцтва: як  пасадзіць насенне ў стаканчыкі, як пікіраваць расаду і гэтак далей.

Заадно знаёмім старшакласнікаў, якія ўвогуле прафесіі можна набыць у нашым ліцэі. Гэта трактарыст-машыніст, слесар, вадзіцель аўтамабіля, муляр, повар, прадавец... Каштоўна тое, што даём  не адну, а некалькі  прафесій. Напрыклад, сёлета выпускаем групу слесараў  па рамонце сельгасмашын і абсталявання, аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных фермаў, трактарыстаў, вадзіцеляў.  І гэта — усяго за 2 гады і 9 месяцаў. 

— Цікавасць праяўляюць выпускнікі?

— Безумоўна, сустракаецца ўсялякае. Пытаюся ў старшакласніка: “Куды думаеш паступаць?” — “У Мінск“, — чую ў адказ. Але ж няма такой навучальнай установы — “Мінск”. З’ездзіць і застаецца  ні з чым. Вяртаецца да нас, а часу ўжо не заўсёды хапае. Навучальны год пачаўся...  Па-другое,  вядома жаданне моладзі адарвацца  ад дому і патрапіць у сталіцу ці абласны цэнтр. Стыпендыі хапае на некалькі дзён, а тады чакай дапамогі ад бацькоў. А ў сельскай мясцовасці не так заможна мы яшчэ жывём. У ліцэі ж  усе ўмовы для вучобы  і  адпачынку.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Бясплатнае аднаразовае харчаванне, інтэрнат з еўрарамонтам, дзе ёсць кухні для прыгатавання ежы, халадзільнікі, бібліятэка. У вучэбным корпусе —  цудоўна абсталяваныя кабінеты, камп’ютарны клас, лабараторыі. Само сабой, майстэрні з тэхнікай, пра якую гаварыла. Вялікі стадыён, на якім займаюцца нават дзеці з гарадскіх  школ, спартыўная зала, зала атлетычнай гімнастыкі, гурткі  мастацкай самадзейнасці. Праводзім конкурсы, ездзім на экскурсіі па Беларусі.  Яшчэ важны момант: пасля заканчэння ліцэя многія паступаюць без экзаменаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. У той жа Мінск. І вучыцца менш. І працаваць потым лягчэй, бо, як кажуць, “гайкі навучыліся круціць” у нас, у ліцэі.

— Валянціна Анатольеўна, ваша запаветная мара?

— Вельмі спадзяюся, што неўзабаве наш ліцэй стане каледжам...

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва ліцэя
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter