Развітая фармацэўтыка — гэта не толькі вялікія грошы, але яшчэ і важны фактар здароўя нацыі

Няма сэнсу плаціць больш

Вытворчасць лякарстваў сёння ўваходзіць у пяцёрку самых даходных галін сусветнай эканомікі
Вытворчасць лякарстваў сёння ўваходзіць у пяцёрку самых даходных галін сусветнай эканомікі. Нездарма сказана, што фармацэўтычная індустрыя ёсць мастацтва пераўтвараць міліграмы ў мільярды. Зрэшты, развітая фармацэўтыка — гэта не толькі вялікія грошы, але яшчэ і важны фактар здароўя нацыі.

У свеце налічваецца прыкладна шэсць з паловай тысяч прэпаратаў. Наша прамысловасць выпускае каля паўтары тысячы. Ці можам павялічыць гэты паказчык? Якія існуюць рэзервы для больш дынамічнага развіцця галіны?

Развіццё аховы здароўя і ўмацаванне здароўя людзей заўсёды былі ў  ліку прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Для гэтага мадэрнізуюцца і аснашчаюцца самым сучасным абсталяваннем медыцынскія ўстановы, спецыялісты навучыліся рабіць найскладанейшыя аперацыі.

Павялічваецца і вытворчасць беларускіх лякарстваў. Аднак статыстыка — рэч упартая. Падлічана, што ў краіне на душу насельніцтва купляецца медыкаментаў на 113 долараў. Каля 70 працэнтаў гэтай сумы траціцца на імпартныя прэпараты. Прычым у апошнія гады іх становіцца ўсё больш. Доля ж беларускіх лякарстваў на ўнутраным рынку па выніках мінулага года складае крыху больш за трэць. Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе нагадаў, што перад Міністэрствам аховы здароўя пастаўлена задача павялічыць гэтую лічбу сёлета да 50 працэнтаў:

— Гэта адно з пытанняў нацыянальнай бяспекі. Мы павінны забяспечыць насельніцтва даступнымі і якаснымі прэпаратамі.

З другога боку, важна абараніць рынак ад пранікнення фальшывых лякарстваў, якія здольныя нанесці шкоду здароўю людзей. Засцерагчы ад такіх пагроз у першую чаргу заклікана свая фармацэўтыка. Сёння яна не стаіць на месцы. Мадэрнізуюцца прадпрыемствы, будуюцца новыя вытворчасці, у прыватнасці, у Мінску і ў Лідзе.

І ўсё ж галоўная праблема на сёння — неабгрунтаваны імпарт аналагаў. У гэтай праблемы некалькі граняў, і адна з іх датычыцца сфарміраванай у грамадстве прадузятасці, што беларускія лякарствы па якасці саступаюць замежным. Міністр аховы здароўя Васіль Жарко лічыць інакш:

— Нашы лякарствы ідэнтычныя замежным. Структура адна і тая ж, дапаможныя рэчывы аднолькавыя. Эфектыўнасць таксама даказана. Ні адзін лекавы сродак не будзе зарэгістраваны, калі ён не адпавядае аналагу або арыгінальнаму прэпарату. Яшчэ адзін істотны момант — кошт. Сярэднеўзважаная цана айчыннай упакоўкі 1,36 долара, імпартнай — 4,72 долара. Эфект аднолькавы, а розніца ў цане істотная. А калі так, то навошта плаціць больш?

Важкай перавагай для нашых экспарцёраў стане ўвядзенне з будучага года адзінага рынку лекавых сродкаў у Еўразійскім эканамічным саюзе. Адзіныя правілы рэгістрацыі і сертыфікацыі прэпаратаў значна спросцяць выхад на знешнія рынкі.

Алег Кротаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter