Няма лепшага месца...

Існуе некалькі версій, чаму горад называецца менавіта Лепель. Паводле адной з іх, віной таму ліпы, жоўтыя гарлачыкі і мясцовае возера, якія з даўніх часоў былі ў гэтым краі. Слова “лепель” мае старабалтыйскае паходжанне, утварылася яно ад латышскага “ліепа”, што значыць “возера сярод ліпавых лясоў”, ці літоўскага “лепеле” — жоўтыя гарлачыкі. Па іншай версіі, у аснову назвы пакладзена беларускае слова “лепей”, бо гэтае месца быццам — найлепшае на зямлі. Ці ад беларускага слова “ляпіць”, таму што гэты край спрадвеку славіцца майстрамі-ганчарамі.

Існуе некалькі версій, чаму горад называецца менавіта Лепель. Паводле адной з іх, віной таму ліпы, жоўтыя гарлачыкі і мясцовае возера, якія з даўніх часоў былі ў гэтым краі. Слова “лепель” мае старабалтыйскае паходжанне, утварылася яно ад латышскага “ліепа”, што значыць “возера сярод ліпавых лясоў”, ці літоўскага “лепеле” — жоўтыя гарлачыкі. Па іншай версіі, у аснову назвы пакладзена беларускае слова “лепей”, бо гэтае месца быццам — найлепшае на зямлі. Ці ад беларускага слова “ляпіць”, таму што гэты край спрадвеку славіцца майстрамі-ганчарамі.

Кропка адліку

Зараз Лепель знаходзіцца на поўдні ад Лепельскага возера. Сюды паселішча загадаў перанесці Леў Сапега, які набыў мясцовыя землі. Старое ж гарадзішча было на ўсходзе ля вёскі Стары Лепель. Гэта — кропка адліку сённяшняга горада. Адкрылі старое гарадзішча ў другой палове мінулага стагоддзя. Тут знайшлі ляпную штрыхаваную кераміку, косці жывёл, медныя бранзалеты, шкляныя пацеркі і г. д. Прадметы з мінулых часоў перадалі Лепельскаму краязнаўчаму музею. Сярод самых старажытных знаходак — кавалак каменнай сякеры, якая датуецца часамі да нашай эры — першым стагоддзем нашай эры. Адзін з найцікавейшых экспанатаў — жаночыя вісочныя кольцы II—III стагоддзяў і тартурская ці церпская манета канца XV — пачатку XVI стагоддзя. Зараз на месцы, дзе пачынаўся Лепель, амаль нічога няма. Частку тэрыторыі займаюць могілкі, на якіх пачалі хаваць людзей яшчэ ў XIV стагоддзі.

Русалка ля возера

Лепельскае возера мае складаную канфігурацыю, таму займае трэцяе месца ў краіне па працягласці берагавой лініі (40 кіламетраў) пасля азёраў Нешчарда і Нарач. Плошча Лепельскага возера — 10,18 квадратнага кіламетра. Даўжыня — 7,6 кіламетра. Найбольшая шырыня — два кіламетры. Самае глыбокае месца знаходзіцца ля вёскі Новае Лядна — 34 метры. Параметры возера змяніліся пасля таго, як пабудаваная ў 50-я гады мінулага стагоддзя гідраэлектрастанцыя ўзняла ўзровень воднага люстра на 3,5 метра, ператварыўшы вадаём у вадасховішча. Сёлета да 570-годдзя Лепеля на беразе возера ў парку “пасялілася” русалка. Статую гэтай чароўнай істоты тут паставілі невыпадкова. На тэрыторыі раёна знаходзіцца каля 140 азёр, звыш 80 рэк і ручаёў. Русалкі, калі верыць паданням, упадабалі гэты водны край.

Дрэва для сына

Гэта дзіва прыроды знаходзіцца за 15 кіламетраў ад Лепеля і за два кіламетры ад вёскі Зялёны Востраў. Дакладны ўзрост цуда-дуба ніхто не назаве — яму прыкладна ад 350 да 500 гадоў. Паводле аднаго падання, дрэва пасадзіў пад акном палаца пан Рэут у гонар нараджэння свайго доўгачаканага сына. А потым землеўладальнік даў наказ усім нашчадкам высаджваць па дубку пры нараджэнні дзіцяці, таму побач знаходзіцца другое дрэва-волат, а воддаль — яшчэ некалькі. Унікальнае дрэва з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай.

Камень, да якога дакранулася Ева

Гэты дзіўны камень-следавік знаходзіцца ў наваколлi Лепеля паміж вёскамі Залессе і Вялікі Поўсвіж. А незвычайны ён тым, што на камяні ёсць адбіткі слядоў чалавека і жывёлы (сабакі ці ката). Паданне сцвярджае: тут пакінула свае сляды самая першая жанчына — Ева. Паводле меркавання вучоных, гэты камень мае прыроднае ўтварэнне, а “нарадзіўся” ён яшчэ у так званы ледавіковы перыяд.
З часоў язычніцтва камень-следавік з’яўляецца аб’ектам пакланення. Доўгі час ён быў забыты. Зноў адкрылі камень мясцовыя краязнаўцы. І зараз многія жыхары прыходзяць сюды, каб пакланіцца следавіку, якому прыпісваюць вялікую сілу. Камень збірае сваіх прыхільнікаў не толькі з акругі, але і з самых розных раёнаў Беларусі і нават Расіі. 

Распяцце ўратавала

Касцёл святога Казіміра — адзіны ў раёне касцёл, які дзейнічае зараз. Пабудаваў яго Леў Сапега. У пачатку 1604 года касцёл быў драўляным.
З-за пажараў будынак двойчы давялося аднаўляць. У 1876 годзе яго зрабілі каменным, каб засцерагчыся ад агню.
Зараз касцёл прадстаўляе сабой будынак неакласічнага стылю. Цікава, што тут дасюль захоўваецца распяцце, узрост якога налічвае больш за 100 гадоў. У 1935-м, калі касцёл быў зачынены, мясцовая жыхарка, каб захаваць святыню, забрала гэта распяцце ў сваю хату. Кажуць, таму яе дом і ацалеў у час бамбёжкі ў Вялікую Айчынную вайну: распяцце аберагала. У 1995 годзе на адкрыцці касцёла ўнукі жанчыны вярнулі святыню на месца.

Балоты на зайздрасць Еўропе

Бярэзінскі біясферны запаведнік быў створаны ў 1925 годзе для аховы амаль знішчанай папуляцыі бабра. І гэта мэта ажыццявілася: за час існавання гэтага цуда раёна колькасць сямей бабра павялічылася з дваццаці да васьмісот. Жывуць тут ахвотна і буры мядзведзь, і чорны бусел. Наогул у запаведніку можна пабачыць 8 відаў млекакормячых, 45 відаў раслін і 58 птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Зараз запаведнік займае плошчу звыш 80 тысяч гектараў. Яго цэнтр знаходзіцца ў пасёлку Домжарацы за тры кіламетры ад шасэ Мінск—Лепель. Упрыгожвае запаведнік каля 50 ручаёў і рэчак, а самая доўгая сярод іх Бярэзіна, якая цячэ на працягу 110 кіламетраў. Асаблівай каштоўнасцю запаведніка з’яўляюцца балоты — 43 тысячы гектараў. Турысты з Заходняй Еўропы дзіву даюцца, што тут у сваім натуральным выглядзе захавалася балотная сістэма, якой няма аналагаў на ўсім кантыненце. Доказам унікальнасці запаведніка з’яўляецца той факт, што яму ў ліку першых сярод запаведнікаў былога СССР прысвоілі статус біясфернага (у 1979 годзе).

“Мост” паміж двух мораў

Зараз Бярэзінская водная сістэма — помнік гісторыі, які належыць да беларускіх культурных каштоўнасцей. А раней яна была своеасаблівым мастом паміж басейнамі рэк Чорнага і Балтыйскага мораў, бо злучала Бярэзіну з Заходняй Дзвіной. Мясцовыя жыхары кажуць, што для іх гэта такі ж цуд, як для егіпцян іх пiрамiды.
Пабудавалі Бярэзінскую водную сістэму ў 1797—1805 гадах на месцы старажытнага шляху з варагаў у грэкі. Работы вяліся ў складаных умовах — сярод балотаў і лясоў. Пры дапамозе прымітыўных прылад працы (рыдлёвак, сякер і тачак) была створана цэлая сістэма з 6 каналаў, 14 шлюзаў і некалькіх плацін, і прасціралася яна амаль на 160 кіламетраў. Дзейнічаў гэты водны шлях амаль 150 гадоў, забяспечваючы гандлёва-эканамічныя зносіны рэгіёна з Прыбалтыкай, расійскімі і ўкраінскімі губернямі. Канал служыў для сплаву лесу, перавозкі солі, мукі, сельскагаспадарчай прадукцыі і г. д. Будаўніцтва чыгункі зрабіла нерэнтабельным эксплуатацыю воднай сістэмы. З цягам часу каналы, якія больш не эксплуатаваліся чалавекам, абмялелі, а драўляныя гідратэхнічныя збудаванні разбурыліся. Зараз разглядаюцца праекты аднаўлення Бярэзінскай воднай сістэмы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter