Няхай яны за нас парадуюцца

Сярод нашых традыцый і звычаяў ёсць адна, бадай што, самая сімвалічная і значная. Сустрэўшы вясну, адзначыўшы свята Вялікадня, мы на Радаўніцу ідзём у храм, а пасля — да родных магіл. Каб павітаць тых дарагіх, каго ўжо няма побач, каб падзяліцца з імі радасцю веснавога абуджэння і аднаўлення. Нездарма ж некаторыя даследчыкі лічаць, што слова “радаўніца” паходзіць ад слова “радасць”. Па іншай жа версіі, радаўніца — ад слова “род”. І тут нельга не пагадзіцца: менавіта ўвесну на могілках не толькі ўспамінаеш сваякоў, якія сышлі ў нябыт, але і сустракаеш радню, якую даўно не бачыў. Да светлага суму далучаецца радасць сустрэчы. Повязь пакаленняў, повязь часу, повязь Роду адчуваецца ў гэты дзень асабліва яскрава.

На Радаўніцу прынята ехаць або ісці да родных магіл. Нават калі лёс літасцівы і там не ляжаць самыя дарагія, найбліжэйшыя сваякі. Гэта патрэбна перш за ўсё жывым. А яны, нашы нябожчыкі, са свайго спрадвечнага выраю няхай за нас парадуюцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter