«Няхай Тамарка мяне забярэ...»

НЕ МАГУ ўтрымацца, каб не расказаць чытачам «БН» пра жанчыну, якую можна смела назваць анёлам дабрыні. У нашай вёсцы Навасёлкі Тамару Нікіфараўну СЯРОВУ добра ведаюць, паважаюць — за спагадлівасць да састарэлых, амаль ужо бездапаможных людзей. Але мы не перастаем дзівіцца — які ж чалавек жыве побач...

У любы час можна сустрэць чалавека, здольнага раздзяліць чужы боль.

НЕ МАГУ ўтрымацца, каб не расказаць чытачам «БН» пра жанчыну, якую можна смела назваць анёлам дабрыні. У нашай вёсцы Навасёлкі Тамару Нікіфараўну СЯРОВУ добра ведаюць, паважаюць — за спагадлівасць да састарэлых, амаль ужо бездапаможных людзей. Але мы не перастаем дзівіцца — які ж чалавек жыве побач...

Да выхаду на пенсію Тамара Нікіфараўна працавала санітаркай у Навасёлкаўскай бальніцы сястрынскага догляду. Гэта праца — можаце сабе ўявіць — шмат патрабуе цярпення. Вядома, калі чалавек атрымлівае заробак — адна справа. А вось калі спагада да пэўнага чалавека звязвае лёсы — адменны выпадак, згадзіцеся! Яшчэ ў 2005 годзе ў бальніцу, дзе працавала Тамара Сярова, паступіла на сацыяльны ложак Марыя Іванаўна Картыннік. Болей за сорак гадоў адпрацавала яна ў жывёлагадоўлі мясцовай гаспадаркі, а як на пенсію пайшла, дык амаль адразу моцна занядужала. Сталі балець ногі, лячылася нават у Расіі, дзе ў бабулі дзве дачкі жывуць.

Не, не думайце — яны не адмовіліся ад маці, як і сын, што пэўны час яе даглядаў. Але ж без бальнічнага ложка не абышлося — і тут бабуля Марыя пасябравала з нашай Тамарай. Тая, нават сама «апынуўшыся» на пенсіі, бегала ў бальніцу, наведвала пажылых пацыентаў. А калі надумаліся дочкі забраць бабулю Марыю, тая наадрэз адмовілася ехаць з Навасёлак. Што было рабіць? Бабулечка сама падказала выйсце: «Няхай Тамарка мяне забярэ...» І тая згадзілася, перавезла да сябе ляжачага чалавека. Зрэшты, той, хто ведае нашу аднавяскоўку, пацвердзіць: такі ўчынак цалкам адпавядае душэўнаму складу Тамары, яе чулай душы. Амаль заўсёды па жыцці яна дапамагала слабым, састарэлым: то вады прынясе, то падлогу памые, і не за грошы. Жыццё яе не песціла: заўчасна страціла мужа, таму адна выводзіла дзяцей у людзі. Трымала ладную гаспадарку, у бальніцы часта шчыравала на падменах.

— Зараз, — распавяла мне неяк сама Тамара, — лягчэй ужо, дзеці ўладкаваныя, можна і яшчэ камусьці дапамагчы. Адна я, дарэчы, ніколі не заставалася, хоць дзеткі разляцеліся з роднай хаты. Спачатку даглядала сваю маці, а потым суседку слабенькую — Алену Пятроўну Асіпчык. Зараз вось жыву з Марыяй Іванаўнай. Ёй патрэбны асаблівы догляд — не ходзіць жа...

Я зайшоў неяк да гэтых жанчынак. Уразіла, што бабуля ўсміхнулася светла, хораша. А Тамара падышла да Марыі Іванаўны, паправіла падушку — было відаць, у гэтым доме лад, згода...

— Такі ўчынак сёння — незвычайны, а як да яго аднесліся вашы дзеці? — спытаўся я ў Тамары.

— Што вы, якая незвычайнасць — сямейнікі зразумелі мяне адразу, падтрымалі, а мой меншы сын Валодзя часта прыязджае да нас з Петрыкава, дапамагае па гаспадарцы, — адказала добрая жанчына. — Ды і дзеткі Марыі Іванаўны, не глядзіце, што за мяжой жывуць, нас не кідаюць...

...Калі сыходзіў з гэтай хаты, дзе, здаецца, жыве сама дабрыня, падумаў: «Гэта ж колькі волі, мужнасці, самаахвярнасці, цярпення трэба мець, каб вось так даглядаць чужога, цяжкахворага чалавека!» Напэўна, мала знойдзецца людзей, якія нават за вялікія грошы на такое пайшлі б.

З павагаю, Уладзімір ПУГАЧ, жыхар вёскі Навасёлкі Петрыкаўскага раёна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter