Познаем Беларусь: серпы, перстни, пуговицы — магическая сила древних оберегов

Няхай ліха прападзе, няхай добра будзе!

Каб абараніць сябе і гаспадарку ад небяспекі, у старадаўнасці людзям прыходзілася звяртацца да магічных сіл. Для гэтага нашы продкі стваралі абярэгі. Імі маглі быць не толькі рэчы, але і розныя абрады, замовы, песні і нават гульні.

Фото  pixabay.com
Асаблівае значэнне надавалася амулетам. Пры іх вырабе майстры прытрымлі­валіся пэўных сакральных дзеянняў. Яшчэ з часоў палеаліту ў якасці амулетаў насілі прасвідраваныя зубы, кіпцюры і розныя косткі жывёл. Іх падвешвалі на матузках, часта прышывалі на адзенне.

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што на гарадзішчы часоў ранняга жалезнага веку каля вёскі Івань пад Слуцкам быў знойдзены амулет, зроблены з фалангі лапы мядзведзя. Абярэгі з іклаў драпежніка выяўлены таксама на гарадзішчах вёсак Зазоны Браслаўскага, Гарані Смаргонскага, Лабеншчына і Вязынка Мінскага раёнаў. Насілі такія амулеты вельмі доўгі час. Пазней іх пачалі вырабляць з касцей або металу. На паселішчы эпохі неаліту і бронзы каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна археолагі знайшлі вытачаную з рога мініяцюрную галаву мужчыны з адтулінай для падвешвання.

У пахаваннях пачатку ІІ стагоддзя археолагі знаходзілі амулеты ў выгля­дзе сонца, месяца, сякеры, лыжачкі, коніка і іншых выяў. Сярод частых знаходак — маленькія ножыкі ў скураных вышываных футлярах. Этнографы сцвярджаюць, што яшчэ нядаўна ў нашых вёсках нож як абярэг клалі на парог або ўтыкалі ў аконныя рамы для абароны ад хвароб.

Калі на нашы землі прыйшло хрысціян­ства, амулеты пачалі набываць сімбіёзныя рысы. Такія язычніцка-хрысціянскія падвескі мелі з аднаго боку выяву чалавечай галавы, абкружанай змеямі, а з другога — Хрыста, Божай Маці, святых. Таксама на такія абярэгі наносіліся надпісы з заклінаннямі.

Сярод амулетаў былі і ма­ленькія вытачаныя з каменя ці косткі жывёлы сярпы. Гэта прылада працы ў народнай культуры лічылася сімвалам ураджаю і дабрабыту. Абя­рэгамі былі і грабеньчыкі.

Сімвалам аховы ад нячыстай сілы лічыўся замок. Дарэчы, падчас першага выгану жывёлы ў поле на Юр’е замок выконваў функцыю абярэга ад ваўкоў. Гаспадары кідалі яго пад дзверы хлява, а пастухі насілі ў кішэнях. Калі жывёла гублялася, знахар замыкаў замок і чытаў над ім замовы. Калі ў сям’і памірала дзіця, павітуха, каб спыніць дзіцячую смяротнасць, клала ў труну замок, а ключ ад яго кідала ў калодзеж.

Вялікае значэнне нашы продкі надавалі яшчэ і каменным сякерам. Іх называлі перуновымі, грамавымі або крамянёвымі стрэламі, пярункамі, чортавымі пальцамі. У многіх мясцінах лічылася, што гэтымі стрэламі Пярун б’е чорта. Па павер’ях яны валодалі сілай урадлівасці. Іх захоўвалі каля парога, у куфрах.

Асаблівай магічнай сілай валодала каменная сякера з прасвідраванай адтулінай. У народзе яе называлі курыным богам. Гэты абярэг падвешвалі ў хлявах для абароны свойскай жывёлы ад розных напасцяў.

З прыходам хрысціянства галоўнымі абярэгамі сталі падарожныя і нацельныя крыжыкі, а тасама хрэсныя хады і сам абрад хрышчэння.

АД ПРАДЗЕДАЎ

♦ У першабытныя часы людзі выкарыстоўвалі ў якасці абярэгаў пярсцёнкі, падвескі, гузікі.

♦ Сакральны сэнс у старадаўнасці надаваўся косткам мамантаў і іншых жывёл, знойдзеным пры раскопках.

♦ З даўніх часоў магічныя рысы надаваліся велікодным яйкам, а таксама рэшткам ежы са святочнага стала.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter