Скандалы, інтрыгі, рарытэты, каханне — якім нам запомніцца 2017-ы?

Няхай гавораць

«Славянскі базар у Віцебску», «Лістапад», «Тэарт» і яшчэ дзясяткі фестываляў. Плюс сотні канцэртаў і выстаў, мноства кінапрэм'ер і літаратурных адкрыццяў. Гэта было і дзесяць гадоў таму і, будзем спадзявацца, не знікне і ў бліжэйшыя дзесяць. Але, на шчасце, кожны год здараецца тое, што выбіваецца з шэрагу звыклых культурных падзей. 2017-ы запомніцца нам...

«Малая падарожная кніжыца» 1522 года выдання — самы каштоўны падарунак беларусам да 500-годдзя кнігадрукавання.

Скарынаўскай Бібліяй

У краіне вельмі шырока адзначылі юбілей беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Сотні мерапрыемстваў, канферэнцый, выстаў. Было выдадзена каля двух дзясяткаў кніг па гэтай тэматыцы, у тым ліку факсімільнае выданне Скарыны і яго персанальная энцыклапедыя. Але галоўным падарункам для ўсіх стала набыццё Белгазпрамбанкам арыгінальнай «Малой падарожнай кніжыцы» 1522 года. У Нацыянальнай бібліятэцы ёсць некалькі такіх рарытэтаў, але гэты збор з васямнаццаці кніг у адным пераплёце можна лічыць найбольш поўным. Здзіўляе і добры стан фаліянта, што дазваляе яму падарожнічаць па розных кутках краіны. Такія экспанаты на продаж выстаўляюцца вельмі рэдка, а гэта значыць, невядома, калі такія рарытэты яшчэ з’явяцца ў нас. 

Новымі «бярозамі»

Гэта быў гром сярод яснага вясновага неба. Эдуард Ханок раптам забараніў выкарыстоўваць музыку пяці сваіх песень («Малиновки заслышав голосок», «Я у бабушки живу», «Завіруха», «Счастливый случай», «Вы шумiце, бярозы») Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку. З чаго раптам? Аказалася, пакрыўдзіўся за тое, што на вечары памяці Аляксандра Ціхановіча не ўзгадалі яго як аўтара музыкі. За кампанію з Паплаўскай дасталася і Ярмоленку, маўляў, ён таксама непрыгожа абыходзіцца з кампазітарам. Артысты былі ў здзіўленні: як жа так, мы ж былі ў добрых адносінах з Эдуардам Сямёнавічам? Але аказалася, сяброўства сяброўствам, а тытунец паасобку. Ханок называў і канкрэтную цану гэтаму тытунцу, але Паплаўская з Ярмоленкам на яе не пагадзіліся. Кампазітар пагражаў падаць у суд за парушэнне яго аўтарскіх правоў. Праўда, пакуль гэта не здарылася. А Анатолю Ярмоленку тым часам паступіла прывабная прапанова выконваць «Вы шуміце, бярозы» з новай музыкай, што лідар «Сяброў» і зрабіў.

Вяртаннем Елізар'ева ў Вялікі

Хоць гэта гучна сказана. Знакамітаму балетмайстру, які больш за трыццаць гадоў аддаў гэтаму тэатру, толькі далі магчымасць аднавіць яго ж спектакль «Спартак» і правесці творчы вечар. Каб не здарылася ў Валянціна Мікалаевіча сямідзесяцігоддзя, і гэтага магло б не адбыцца. Апошнія восем гадоў Елізар'еў плённа працуе ў Акадэміі музыкі, але не пакідае мару ставіць у Вялікім. Праўда, тут ад яго мала што залежыць. Але словы новага міністра культуры Юрыя Бондара абнадзейваюць: «Валянцін Елізар'еў — гэта старонка, напісаная залатымі літарамі ў гісторыі беларускага мастацтва. Але старонка недапісаная. Не шмат мы ведаем людзей з такім аўтарытэтам, каб так легкадумна ставіцца да яго таленту. Упэўнены, мы знойдзем зручную форму для нашага далейшага супрацоўніцтва». 

«Слядамі на вадзе»

Гэта быў адзіны ігравы фільм, прадстаўлены «Беларусьфільмам» у гэтым годзе. Ён бы і застаўся незаўважаным, як і большасць твораў нашай кінастудыі, калі б не стук Ягора Канчалоўскага ў самыя высокія інстанцыі. Расійскага рэжысёра запрасілі зняць гэты фільм, разлічваючы атрымаць добры кінапрадукт і пракат за межамі Беларусі. І ўсе перадумовы для гэтага былі. Але ў нейкі момант стала вядома, што гэтую стужку здымае іншы чалавек — мясцовы рэжысёр Аляксандр Анісімаў. У спешным парадку ён зляпіў яе за чатыры месяцы і ўжо нават пракаціў па гарадах і вёсках нашай краіны. Як раптам з падполля зноў выйшаў Канчалоўскі, маўляў, хлопцы, трэба было б выплаціць няўстойку. Сумы называліся астранамічныя. Кіраўніцтва «Беларусьфільма» з гэтым не пагадзілася: «Кінарэжысёру-пастаноўшчыку Канчалоўскаму Я.А., асістэнту кінарэжысёра-пастаноўшчыка Калпахч’ян А.П. за фактычна выкананыя iмi работы (аказаныя паслугi) у ходзе вытворчасці кінафільма «Сляды на вадзе» кінастудыяй былі выплачаны адпаведныя з умовамі заключаных з імі дагавораў ганарары». І кропка. Але ёсць падазрэнне, што ў гэтай гісторыі яшчэ можа быць працяг. І, дарэчы, на «Беларусьфільме» ў гэтым годзе завяршылася дзесяцігадовая рэканструкцыя.

«Радзівам «Прудок»

Гэта адказ тым, хто несур’ёзна ставіцца да сацсетак, маўляў, глупства гэта ўсё і змарнаваны час. Андрусь Горват, былы дворнік Купалаўскага тэатра, і сам не думаў, што раптам з абслуговага персаналу так хутка можна трапіць у пісьменніцкую брацію. У пошуках сябе ён схаваўся ад людзей у дзедаўскай хаце на Гомельшчыне і пачаў весці дзённік у Фэйсбуку. Колькі месяцаў — і ён ператварыўся ў кнігу. Прычым гэтага хацеў не столькі сам аўтар, колькі яго прыхільнікі: людзі скінуліся грашыма і атрымалі незвычайную прозу. Першая тысяча экзэмпляраў разляцелася з такой хуткасцю, што нават Пушкіну не снілася. Кніга перавыдавалася некалькі разоў, а аўтар змог нават набыць новую хату ў вёсцы. Зараз Горват піша новы твор, гаворыць, зусім непадобны на папярэдні.

Беларускай мовай на «Еўрабачанні»

За гэта дзякуй гурту Naviband. Ксенія і Арцём не першы год з поспехам прасоўваюць нацыянальныя матывы на нашай эстрадзе. І ў нацыянальным адборы на гэты міжнародны конкурс яны ўдзельнічалі не ўпершыню. Але сёлета сышліся ўсе зоркі. Іх выпраўлялі ў Кіеў ледзь не як нацыянальных герояў і гэтак жа сустракалі іх. І гэта нягледзячы на тое, што занялі яны толькі сямнаццатае месца. Пасля конкурсу гурт пачалі запрашаць на замежныя гастролі, яны нават у ЗША ўжо пабывалі. Летам артысты схаваліся ў вёсцы, каб аднавіць сілы і сабраць матэрыял на новы альбом. Дыск ужо ў продажы. Хутка і яшчэ адзін сюрпрыз ад Ксеніі і Арцёма: яны рыхтуюцца стаць бацькамі.

Хваробай Дэйва Гаана

Depeche Mode чакалі ў Мінску не адзін год. І нарэшце дачакаліся. Гаан з сябрамі прыляцелі за дзень да канцэрта, прагуляліся па горадзе, наведалі лепшы рэстаран. У «Мінск-Арэне» ўсё было гатова, калі стала вядома, што лідару гурта стала дрэнна і ён знаходзіцца ў бальніцы. Фанаты да апошняга чакалі, што «дэпешы» выйдуць на сцэну, але ў выніку канцэрт быў адменены. Афіцыйна прычыну хваробы Гаана так і не агучылі, але назаўтра яго ўжо выпісалі, і гурт адправіўся ў чарговы пункт свайго турнэ — у Кіеў. Беларускім жа прыхільнікам паабяцалі, што ў Мінск Depeche Mode прыедзе ў лютым. 

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter