Маляванкі па матывах Язэпа Драздовіча

«Нябыта сам Язэп Драздовiч водзiць маёй рукой»

Святлана Скавырка з Глыбоччыны ў сваіх маляванках пайшла нават далей за славутага мастака


Гэта было 3 ліпеня 2015 года. У Мінску ў Палацы Рэспублікі з нагоды Дня Незалежнасці даваўся вялікі канцэрт майстроў мастацтва «Беларусь — імя святое». А перад тым як зайсці ў глядзельную залу, госці мелі магчымасць азнаёміцца з выставай «Скарбніца Беларусі», дзе маглі ўбачыць самыя адметныя работы народных майстроў з усіх куткоў краіны.

Даволі вялікая купка людзей сабралася ля карцін мастачкі з Глыбоччыны Святланы СКАВЫРКА, якія нагадвалі па стылі старадаўнія малюнкі: два белыя лебедзі на возеры, царква і касцёл, нібыта паднятыя над зямлёй, старажытны палац удалечыні на беразе ракі, жар-птушкі спяваюць на дрэве... І амаль кожная карціна ў акаймленні, або, дакладней будзе сказаць, вяночку, сплеценым з самых розных палявых кветак. У карцінах адчуваліся казачнасць, душэўнасць, нейкая патаемная энергетыка і — высокае майстэрства выканання.


Большасць гледачоў былі ў захапленні. Адзінкі пагаджаліся, але ў сумненні ўсё ж перапытвалі:

— А ці ёсць такое мастацтва?

— А я ў маёй бабулі ў вёсцы нешта такое бачыла! — не ўтрымалася ад воклічу жанчына.

Аўтарка, Святлана Скавырка, якая тут жа, на месцы, давала майстар-клас, тлумачыла, што карціны напісаны па матывах сусветна вядомага беларускага мастака — прафесіянала Язэпа Драздовіча, які тварыў у дзісненскім краі (на Глыбоччыне і Шаркаўшчыне) у першай палове мінулага стагоддзя: вандраваў ад хаты да хаты і размалёўваў дываны. Называліся яны таму маляванкамі, і ўпрыгожвалі імі сцены, бо на гэта тады была вялікая мода. А яна, Святлана, маўляў, працягвае гэтую забытую традыцыю.

І тады найбольш дапытлівыя наведвальнікі выставы пачалі цікавіцца ўжо самой гаспадыняй: хто яна, чаму ўзялася за гэтыя самыя маляванкі і што гэта ёй дае? 

Пазнаёмімся бліжэй са Святланай, мастачкай, дырэктарам Глыбоцкага дома рамёстваў. 

— Святлана Анатольеўна, ваша радаслоўнае дрэва, якое вы намалявалі, выглядае даволі нечакана і дзіўна: адзін бок яго — вішанька, а другі — дуб.

— Вытлумачваецца гэта даволі проста: сама я — з вёскі Вішанька, што ў Рагачоўскім раёне. Праўда, для мяне гэта было адно імгненне. Калі мне споўнілася паўгодзіка, мае бацькі пераехалі ў Нароўлю, да Прыпяці. Але ж як ні круці, а радзіма ёсць радзіма. Ну а дуб — гэта па мужчынскай лініі. Мой дзядуля Дзмітрый валіў валёнкі і вадзіў у навігацыю параходы па Прыпяці. Гэта рака, дзе прайшло маё дзяцінства, самая прыгожая ў свеце. Улетку мы з татам лавілі рыбу, а ўзімку я каталася на каньках. Пад вечар навальваецца стома, і каб крышачку адпачыць, кладзешся на снег, на лёд Прыпяці і глядзіш у неба, дзе буйныя зоркі, і нельга адвесці вачэй. І прыходзіла адчуванне, што ты шчаслівая-шчаслівая, бо ёсць родны дом, тата, мама, браты Сяргей і Валянцін, ёсць гэты дзіўны вечар, ёсць ціхае неба і яркія зоркі на ім, якія ты ўчора малявала...

Але звалілася гэтая чарнобыльская бяда, а заканчвала я тады восьмы клас, і прыйшлося разлучыцца з такім родным кутом. Вучылася добра, і магла б паступіць без экзаменаў у любую вышэйшую навучальную ўстанову пасля 10-га класа. Мама, Вольга Дзмітрыеўна, якая, дарэчы, таксама добра малявала, казала, што здароўе даражэй, і прапанавала пайсці ў Бабруйскае мастацкае вучылішча, пасля якога я працавала мастаком-афарміцелем у Доме культуры ў Вілейцы.

Тым часам тата атрымаў у Глыбокім двухпакаёвую кватэру ў «чарнобыльскім» доме, а я з мужам будавала аднапакаёвую ў Вілейцы. Абмяняліся. Прыехала ў Глыбокае і ўладкавалася на працу ў Дом рамёстваў, дырэктарам якога была Вера Васільеўна Байкова. Яна і ўвяла мяне неўзабаве ў свет маляванак.

— Цікава, а што, да гэтага нічога пра іх не ведалі?

— У маёй цёткі былі дываны вышываныя і нечым падобныя на маляванкі. Але ж Глыбоччына — цэлая краіна маляванак. Адсюль яны пайшлі ва ўвесь свет. Найперш я пазнаёмілася з калекцыяй маляванак Галіны Пятроўны Таляронак, якая працавала раней тут, а потым падалася ў жаночы манастыр. Зацікавілі мяне работы і наогул біяграфія другога самабытнага мастака маляванак з Глыбоччыны — Фёдара Іванавіча Сухавілы. Ён нарадзіўся ў вёсцы Крывічы ў 1917 годзе і выдаў каля тысячы дываноў-маляванак. У 30-х гадах мінулага стагоддзя ў іх сям’і некалькі месяцаў жыў Язэп Драздовіч. Юнак бачыў, як мастак распінаў палатно, як разводзіў фарбы, як маляваў і як потым святлела ў пакоі ад створанай карціны. Сам Сухавіла ніколі не думаў маляваць. Стаўшы на самастойную сцяжыну, ён уладкаваўся на працу ў фінаддзел. Аднойчы, у 1944 годзе, ішоў у Зябкі на чыгуначную станцыю, саступіў на ўзбочыну дарогі і падарваўся на міне. Знайшоў яго абходчык. У бальніцы выратавалі, але нагу давялося ампутаваць. Інвалід. Чым заняцца, як пракарміць сям’ю? Вось тады і прыгадаў Язэпа Драздовіча, яго ўрокі. Спачатку не клеілася, а потым паціху паддалося. Маляваў ён больш кветкі, вазоны. Яго работы дэманстраваліся нават на ВДНГ у Маскве. Апошнія гады жыў у лясной вёсцы Бабруйшчына, дзе купіў хату, а на зіму перабіраўся да дочак у Глыбокае. Мне пашчасціла нават зняць відэафільм — успаміны аднасяльчан, якія памяталі мастака і мелі распісаныя ім дываны. Але Фёдар Сухавіла пры ўсіх яго талентах усё-такі не прафесійны мастак. Больш глыбокі след у мяне пакінуў, вядома, Язэп Драздовіч, хаця напачатку, прызнаюся шчыра, калі ўбачыла першы раз на фотаздымках яго маляванкі, яны мне не дужа спадабаліся.

— Нават так?

— Пазней толькі я зразумела, што да такой творчасці не дацягнулася, не дарасла. Атрымалася ж так, што дырэктар Дома рамёстваў Вера Васільеўна Байкова папрасіла: «Святлана, займіся, калі ласка, маляванкамі! Гэта — наша традыцыя. Намалявала некалькі дываноў да рэспубліканскага свята «Вясновы букет», што праходзіла ў Мінску, — сабраліся майстры з усёй Беларусі. І хоць многія ўдзельнікі свята падыходзілі і падтрымлівалі мяне, начальства мае работы не ўхваліла. Маўляў, усё не так і ўсё не тое. Пасля гэтай выставы, скажу прама, раззлавалася: «Не спадабаліся мае маляванкі? Добра, я дакажу і сабе, і вам, што магу маляваць, і маімі дыванамі вы яшчэ будзеце захапляцца!»

— І як гэта ператваралася ў жыццё?

— Найперш з’ездзіла на спецыяльныя курсы ў Віцебск, адкуль прывезла калекцыю работ па матывах Язэпа Драздовіча, якія мелі даволі высокую станоўчую ацэнку спецыялістаў. Настольнай у мяне стала кніга «Маляваныя дываны Заслаўя». І ўсё ж паваротнай у маёй творчасці да Язэпа Драздовіча, лічу, была экскурсія з дзецьмі-гурткоўцамі ў яго музей, што ў шаркаўшчынскім аграгарадку Германавічы: убачыла там дываны Язэпа Драздовіча не на карцінцы, а на свае вочы. Потым у кнізе «Глыбоччына» прачытала дзённікі мастака. І што мяне больш за ўсё ўразіла — тое, што ён быў бедны, маляваў за ежу, і калі яму давалі за работу сыр і яйкі, то ён выкарыстоўваў сыр на грунт, а яйкі — у фарбы. 

— Вядома ж, вы не маглі парушыць традыцыю, шмат чаго перанялі ад Язэпа Драздовіча, але ж шмат унеслі і свайго?

— Імкнуся, каб у маляванках высочваўся нейкі рух: дзеянне, думкі. Вось карціна вясны: ластаўкі, кветкі — усё перамяшалася, усё стварае адчуванне палёту, радасны настрой. Цыкл работ пра сучасную Глыбоччыну. Вось альтанка на беразе акультуранага возера ў Глыбокім. Заўсёды хаджу ля яе на працу. Ну як не намаляваць? А наш ужо вядомы за межамі раёна і вобласці глыбоцкі «Вішнёвы фестываль»? Дык як жа я забудуся, што я сама з вёскі Вішанькі, якая, дарэчы, і цяпер яшчэ ёсць. А сусветна вядомы касцёл у Мосары, на экскурсіі туды едуць з усіх куткоў Беларусі і замежжа. А маляванка «Фарбы нябёсаў», якая ўзяла Гран-пры на конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага роспісу, які праходзіў у рамках праграмы XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

— Святлана Анатольеўна, вы сталі народным майстрам краіны, а вашы работы ўнеслі значны ўклад, каб маляванкі Віцебскага паазер’я былі прызнаны гісторыка-нематэрыяльнымі каштоўнасцямі Рэспублікі Беларусь. Але ці не ахвяруеце вы сваёй творчасцю, аддаючы перавагу толькі маляванкам? Вы ж можаце ствараць і даволі цікавыя карціны алеем? Не толькі маляванкі, бо закончылі педуніверсітэт імя Максіма Танка, мастацкі факультэт.

— Мая дыпломная работа была якраз па маляванках Язэпа Драздовіча — трыпціх «Райскі сад», якая атрымала самы высокі бал. Маляванкі — мне гэта настолькі ў радасць, што, калі я працую над імі, нават лаўлю часам сябе на думцы, што ні аб чым больш не думаю. Гэта такая аддушына! Можа, як медытацыя якая, нібыта сам Язэп Драздовіч водзіць маёй рукой, маім пэндзлем... І я ведаю, што менавіта так павінна быць і ніяк па-іншаму!

— Вашы маляванкі можна купіць?

— Так, мяне вельмі кранае, калі прыязджаюць маладыя людзі з Мінска, іншых гарадоў і кажуць, што жадаюць зрабіць інтэр’ер у доме ў стылі 30—50-х гадоў мінулага стагоддзя і без маіх маляванак не могуць абысціся. Бяруць на аграсядзібы. Гэта натхняе.

— Язэп Драздовіч свае маляванкі-дываны рабіў без падрамнікаў, а ў вас, наадварот, у рамках.

—У падрамніках палатно добра нацягнута і фарбы не трэскаюцца. Тым больш што іх не трэба вышукваць. Вырабляе муж Уладзімір. Ён у мяне майстар, як кажуць, на ўсе рукі. У бацькоў ягоных ў вёсцы Пераброддзе Міёрскага раёна яшчэ ад дзядулі лазня стаяла да гэтай пары. Уладзімір разабраў яе і на старым фундаменце пабудаваў вельмі прыгожую новую. Сын Дзмітрый яму дапамагаў.

— Над чым працуеце зараз?

— Рыхтуюся да фестывалю «Дударская Глыбоччына», які павінен адбыцца недзе 6—7 мая. Выканала па заказу на гэтае свята маляванку, на якой дудар ля дуба ў акружэнні звяроў і птушак...

saulich@bk.ru

Фота з архіва Глыбоцкага дома рамёстваў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter